«Ціханоўская з прэзідэнтам Малдовы, Лукашэнка з губернатарам Мардовіі». У дэмсіл адкрылася другое дыханне?

У лагеры дэмсіл адбылося адразу некалькі прыкметных падзей. З аднаго боку, яны тычацца знешняй палітыкі, а з іншага, некаторыя эксперты лічаць, што ў выніку Еўрасаюз выпрацоўвае доўгатэрміновую стратэгію працы з беларускімі дэмсіламі. І гэта паказвае, на каго будзе рабіць доўгатэрміновую стаўку ЕС.

Святлана Ціханоўская з Маяй Санду. Фота: t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская з Маяй Санду. Фота: t.me/tsikhanouskaya

«Ціханоўская з прэзідэнтам Малдовы, а Лукашэнка з губернатарам Мардовіі, — так ахарактарызаваў апошнія палітычныя падзеі журналіст Сяргей Пеляса.Яны з Санду нават вонкава падобныя, падобным чынам стрыгуцца і апранаюцца. Экстраардынарная падзея — першы візіт Ціханоўскай у краіну СНД і былога СССР (акрамя балтыйскіх дзяржаў) і сустрэча з яе прэзідэнтам. Смелы крок Малдовы».

У лагеры дэмсіл адбылося адразу некалькі прыкметных падзей. Акрамя нядаўняга нашумелага інтэрв'ю, Ціханоўская з'ездзіла ў Малдову па запрашэнні прэзідэнта краіны Маі Санду. Таксама лідарка дэмсіл сустрэлася ў Кішынёве са спікерам парламента Ігарам Гросу і прыняла ўдзел у жаночым форуме Малдовы.

Між тым беларусы задумалі свой адказ «выбарам», якія збіраецца правесці рэжым 25 лютага 2024 года. Нагадаем, што ў адзіны дзень галасавання будуць «абірацца» дэпутаты ў парламент і мясцовыя Саветы. Каардынацыйная рада і Офіс Ціханоўскай ініцыявалі правядзенне ў той жа час выбараў новага складу Каардынацыйнай рады.

BGmedia сабрала падборку экспертных меркаванняў, ці азначае гэтая актывізацыя нейкі сістэмны прагрэс і ці зрушацца з месца старыя балючыя праблемы дэмсіл.

Курс на Кіеў?

Украінскі палітолаг Яўген Магда мяркуе, што ў інтэрв'ю «Новай газеце» Ціханоўская зрабіла непрамы рэверанс у бок Украіны, сказаўшы, што беларускія дэмсілы не маюць нічога агульнага з расійскай апазіцыяй. Таксама Ціханоўская пабывала ў Малдове, «можа быць, пад'ехала да ўкраінскай мяжы, паглядзела», іранізуе эксперт у эфіры «Еўрарадыё».

Палітолаг адзначыў гэты візіт як прасоўванне Ціханоўскай на шляху ў Кіеў.

Таксама з'явілася інтэрв'ю Валерыя Сахашчыка дырэктару «Нашай Нівы» Настассі Роўда на YouTube-канале ТОК, у якім Магда бачыць магутную заяўку на палітычны рост. З «міністрам абароны» Аб'яднанага пераходнага кабінета, відаць, добра папрацавалі паліттэхнолагі або дарадцы.

«Самае галоўнае ў канцы: ён бачыць сваім заданнем фарміраванне магчымасцей для дыялогу ўнутры беларускага грамадства. Гэта для ваеннага чалавека досыць цікавыя рэчы».

У той жа час Каардынацыйная рада занята ўласнымі выбарамі: як абраць новы склад, паводле якіх правіл, чаму асобныя партыі ці структуры ўплыву хочуць ці не хочуць браць у гэтым удзел.

«Усё, як у сапраўднай палітыцы, акрамя аднаго: рашэнні, якія прымаюцца, у прынцыпе не знаходзяць увасаблення ў жыццё. Вось у чым праблема».

Глядзіце таксама

Апазіцыя пераадольвае падзел?

«Я вельмі рада, што Святлане Ціханоўскай удалося здзейсніць візіт у адну з краін СНД, як многія медыя падкрэслівалі, — кажа палітолаг Роза Турарбекава ў эфіры «Еўрарадыё». — Гэта быў не толькі візіт на жаночы форум, гэта быў візіт у Малдову, яе прымалі афіцыйныя асобы, у тым ліку на ўзроўні прэзідэнта і парламента. У цэлым, я думаю, гэта добры знак».

Таксама Турарбекава адзначае, што Еўрасаюз, мяркуючы па апошніх падзеях, мабыць, выпрацоўвае доўгатэрміновую стратэгію працы з беларускімі дэмсіламі. Гэта адбываецца на фоне скарачэння кантактаў з рэжымам Лукашэнкі, што ў сукупнасці паказвае, на каго будзе рабіць доўгатэрміновую стаўку ЕС.

Таксама экспертка лічыць, што нягледзячы на спробы сварыць і раз'ядноўваць, якімі займаюцца спецслужбы рэжыму (напрыклад, скандал вакол літвінізму, звязаны з Літвой), выпрацоўваецца «імунітэт» і механізмы, якія дапамагаюць вырашаць такія пытанні.

«З майго пункту гледжання, мы пераадольваем нашы застарэлыя праблемы раз'яднання беларускіх дэмакратычных сіл, раз'яднання старой апазіцыі, выкарыстання ўсіх гэтых рэчаў рэжымам для сваіх мэт. Мы гэтую старую, даўнюю праблему такім чынам пераадольваем», — лічыць Турарбекава.

Глядзіце таксама

Нельга так проста ўзяць і правесці выбары ў КС?

Каб выбары ў Каардынацыйную раду сталі хоць колькі-небудзь дэмакратычнай альтэрнатывай «выбарам» рэжыму, трэба дзве рэчы: інстытуцыянальнасць і прадстаўнічасць. Пра гэта кажа на сваім ютуб-канале палітолаг Павел Усаў.

Што гэта значыць? Патрэбны рэальны орган, «Цэнтрвыбаркам», які будзе рыхтаваць выбарчы працэс, механізмы галасавання і сачыць за імі. А таксама займацца падлікам галасоў і выносіць вердыкт аб выніках.

Цяпер адзіны даступны механізм — гэта галасаванне на анлайн-платформе. Гэта толькі інструмент, а не легітымны кантрольны орган. Таксама патрэбна магчымасць галасаваць па-за інтэрнэтам. Пакуль гэтага няма.

Пры гэтым выбары ў каардынацыйную раду проста фізічна не могуць ахапіць беларусаў унутры Беларусі. А гэта значыць, што новы склад КС не зможа быць іх прадстаўніком.

«У той сітуацыі, у якой мы знаходзімся, калі альтэрнатыўныя органы, інстытуты ствараюцца за мяжой, адзінае, на што можа абапірацца выбарчая працэдура, — гэта дыяспара», — кажа Усаў.

Калі прывязвацца да нормаў дэмакратычнага свету, то для альтэрнатыўных выбараў трэба матываваць да ўдзелу хаця б палову беларусаў за мяжой. Па падліках Усава, гэта ў раёне мільёна чалавек.

Між тым эксперт лічыць, што калі б дэмсілы вырашылі арганізаваць сур'ёзны выбарчы працэс, усе ўмовы для гэтага ёсць.