Павел Усаў: Сістэма Лукашэнкі паступова пачынае ўспрымацца грамадствам як непазбежнае Зло

Рэпрэсіі і тэрор у Беларусі павінны нейкім чынам паказаць Пуціну, што толькі Лукашэнка можа забяспечыць стабільнасць і парадак у краіне — як Кадыраў у Чачні, піша палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале.

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__hroniki_cihaha_supacivu__2__logo.jpg

Апазіцыйна-дэмакратычная прастора схлопваецца да стану перад 2020 годам.

Лукашэнка аднавіў эфектыўны кантроль над палітычнай прасторай у Беларусі. Нягледзячы на працэдуральна-псіхалагічную нелегітымнасць персанальна яго, сам палітычны парадак, як і дзяржаўны лад, легітымізуецца і падтрымліваецца штодзённымі практыкамі грамадзян. Школы, шпіталі, крамы, святлафоры працуюць, заробкі выплочваюцца, дэфіцыту базавых тавараў няма. Менавіта штодзённасць грамадзянскіх практык з’яўляецца сведчаннем падтрымкі існуючага палітычнага парадку.

Гэта псіхалагічная адаптацыя да новай рэчаіснасці і ўспрыняцце Лукашэнкі і ягонай сістэмы як непазбежнае Зло. Ну ёсць — і ёсць, а жыць жа трэба.

Прапаганда, дый сам Лукашэнка, наўпрост усоўваюць гэтую думку ў галовы людзей. Асабліва Азаронак і Тур. «Так, мы хамы, лайно, суцэльныя бастарды — і вы з гэтым нічога зрабіць не можаце. Прыміце як дадзенасць».

Тур нават прапануе прыдаць і без таго манархічнаму праўленню Лукашэнкі статус царату. Адным з аспектаў падтрымкі палітычнага парадку з’яўляецца выкананне загадаў сілавымі структурамі. Яны гэты парадак твораць і сочаць за рэалізацыяй штодзенных практык. Больш таго, амаль усе сацыяльныя інстытуты ўключыліся ў працэс кааптацыі непазбежнага блага ў свядомасць іншых грамадзян і мадэлі іх паводзінаў. Хтосьці атаясамлівае сябе з гэтым парадкам, хтосьці (што горш), робіць гэта дзеля выжывання, разумеючы, што ў бліжэйшы час нічога не зменіцца.

Для сістэмы, персанальна для Лукашэнкі, цяпер ёсць толькі дзве сур’ёзныя пагрозы:

  • 1. Рэальная перамога Украіны ў вайне.
  • 2. Нейкая стратэгія Пуціна ў дачыненні да Беларусі:

А) Канчатковая інтэграцыя;

Б) Перасоўванне Лукашэнкі з пасады «прэзідэнта» на ролю кіраўніка прэзідыума УНС.

Пры гэтым рэпрэсіі і тэрор у краіне павінны нейкім чынам паказаць Пуціну, што толькі Лукашэнка можа забяспечыць стабільнасць і парадак у Беларусі (як Кадыраў у Чачні).

Глядзіце таксама

Датычна расійскіх сцэнараў, то тут можа быць шмат варыянтаў. Я асабіста пакуль не бачу, каб у Масквы была неабходнасць рэалізоўваць аперацыю «Тэтрыс».

У сваю чаргу, ва ўмовах новага парадку дэмакратычная супольнасць у замежжы не ў стане выпрацаваць і тым больш рэалізаваць эфектыўную стратэгію па дэмантажу сістэмы і перахопу ўлады. Дзеля гэтага няма ўласных рэсурсаў і магчымасцяў.

Канешне, перамога Украіны (пытанне, «калі»), можа стварыць перадумовы для нейкіх працэсаў у краіне (шмат варыянтаў), але ўключэнне апазіцыі ў гэты працэс будзе залежыць ад яе стану.

Можна дапусціць, што «перамога»  дасць імпульс для новай мабілізацыі ўнутры Беларусі і за мяжой, але ўлічваючы тое, як была спушчаная энергія пратэсту ў 2020-2021 годзе, не ўпэўнены ў тым, што апазіцыйныя структуры будуць у стане эфектыўна кіраваць мабілізацыяй грамадства ў 202...- 203... (Я пакуль нават не пабачыў разгорнутага плану дзеянняў у сітуацыі «калі»).

Тым больш, у гэтых абставінах трэба ўлічваць узровень грамадскага даверу да апазіцыйных структур. А ён будзе малець.

Глядзіце таксама

Адзіным варыянтам дзеяння апазіцыі ў дадзеных абставінах з’яўляецца захаванне маральна-палітычнага аўтарытэту і развіццё структур. А гэта можна зрабіць толькі пры ўмовах поўнай трансфармацыі апазіцыйнай дзейнасці, у якой ключавую ролю будзе адыгрываць інстытут палітычнай рэпутацыі.

Без гэтага апазіцыя як такая будзе хутка губляць і ўплыў і давер. Будзе таксама падаць (ужо спала) цікаўнасць да палітыкі нават у эміграцыі, а значыць, гэта спыненне прытоку новых людзей у апазіцыйныя структуры, а значыць, і развіццё апошніх.

Ужо цяпер відавочна, што практыкі шмат якіх апазіцыйных палітыкаў скіраваныя на захаванне сваіх нічым не абмежаваных пазіцый у структурах. Бо натуральна, гэта пытанне не толькі амбіцый, але элементарнага матэрыяльнага забеспячэння.

Калі апошняе стане фундаментам дзеяння апазіцыйных актывістаў, наўрад ці можна будзе чакаць паспяховых дзеянняў у крытычны для сістэмы перыяд.