«Вось вам здрасце». У тым, што Пуцін утрымлівае ўладу, вінаватыя… беларусы?!

Расійскі апазіцыянер Артур Закіраў, каментуючы словы Святланы Ціханоўскай пра імперскія амбіцыі расійцаў, заявіў, што «беларусы сваёй бяздзейнасцю і маўклівай згодай з дзеяннямі Лукашэнкі ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўтрымання ўлады Пуціным». Яму адказвае Сяргей Навумчык.

39be36c73aeec8484bee00a0eb0926b562f2ec8e.jpeg

Як піша іншы камэнтатар, Максім Кац, які таксама абурыўся словамі пра імпэрскасьць — «Вось вам здрасьце»!

Тое, што 9,5 мільёнам беларусаў надаецца ключавая роля ва ўтрыманьні ў Крамлі ўладара 144-мільённай Расеі, — прызнаюся, у пэўным сэнсе, напаўняе гонарам (як у нашым нацыянальным гімне: «Імя і сілу беларуса няхай пачуе й убачыць той, хто сьмее нам нясьці прымусы і першы выкліча на бой!»).

Але давайце без эмоцый, з гістарычнымі фактамі і лічбамі.

А факты ў тым, што Пуціна спачатку ўзвысілі, а потым і прывялі ў Крэмль не беларусы, а расейскія дэмакраты (Сабчак, Чубайс і інш.), падтрымлівалі яго, на першым этапе, не беларусы, а расейскія дэмакраты (Нямцоў, Хакамада і інш.); сьпіс «благодеяний» расейскіх дэмакратаў для ўласнага ж народа можна доўжыць.

Пры гэтым Алену Бонэр, якая казала пра небясьпеку ўсеўладзьдзя КГБ, слухаць не жадалі, а Валерыя Навадворская, якая папярэджвала пра агрэсіўнае аднаўленьне імпэрыі, успрымалася «гарадзкой вар’яткай».

Пра беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія казалі тое ж, і нават яшчэ раней (як Зянон Пазьняк) і ўзгадваць не выпадае: у Маскве «статусныя дэмакраты» іх ніколі ня слухалі і лічылі нацыяналістамі, надаючы гэтаму слову выключна адмоўны сэнс.

А вось цяпер, выяўляецца, вінаватыя беларусы.

Адносна ж «бязьдзейнасьці і маўклівай згоды» проста нагадаю, што 16 жніўня 2020 на вуліцы Менску выйшлі ад 200 да 400 тысяч чалавек (а схільны лічыць, што 400 тысяч), а па ўсёй Беларусі — да 700. Але давайце адштурхнемся ад меншай лічбы — 200 тысяч. У Беларусі насельніцтва ў 15 разоў меней, чым у Расеі. Адпаведна, 200 тысяч для Беларусі — як 3 мільёны для Расеі.

Тры мільёны на вуліцы Масквы з пратэстамі не выходзілі ніколі. Ніколі за ўсю гісторыю Расеі — і пуцінскай, і ельцынскай, і гарбачоўскай позьнесавецкай, і савецкай, і царскай, і пры Ардзе.

Так што наконт «бязьдзейнасьці» і «маўклівай згоды» беларусаў расейскім дэмакратам лепей бы памаўчаць.

Захаваны правапіс арыгіналу