Чырвоны Каптурок і сямёра казлянят

Калі ў 1994 годзе грамадства апынулася ў дыскамфортным стане пад уздзеяннем ліберальных рэформаў, то сёння — па прычыне банкруцтва “моцнай дзяржавы.

Калі ў 1994 годзе грамадства апынулася ў дыскамфортным стане пад уздзеяннем ліберальных рэформаў, то сёння — па прычыне банкруцтва “моцнай дзяржавы.
Казку пра Чырвоны Каптурок завяршае happy end. Вось яе фінал: “Але, на шчасце, тым часам праходзілі каля хаткі дрывасекі з сякерамі на плячах. Пачулі яны шум, забеглі ў хатку і забілі Ваўка. А потым распаролі яму пуза, і адтуль выйшла Чырвоны Каптурок, а за ёй і бабуля — абедзве жывыя і цэлыя. Да свайго сямейнага шчасця Каза і яе сямёра казлянят таксама прыйшлі праз смерць Ваўка: “Пачалі яны скакаць. Каза пераскочыла, а Воўк скокнуў ды і ўваліўся ў гарачую яму. Пуза ў яго ад агню лопнула, казляняты выскачылі адтуль, усе жывыя, ды скок да маці! І сталі яны жыць-пажываць, як і раней.
У першай казкі ёсць аўтар — француз Шарль Перо, другая казка — руская народная. Што іх аб’ядноўвае? Уяўленне пра тое, што шлях да шчасця ляжыць праз смерць ворага. З Царэўнай-жабай у свой час аналагічная гісторыя здарылася. Яе доўгаму і шчасліваму жыццю з Іванам-царэвічам папярэднічала чарада забойстваў: зайца, качкі і Кашчэя. Вывернуты з коранем дуб не лічым.
Атака на прынадны кавалак

Перо жыў у другой палове XVII стагоддзя. Няма нічога дзіўнага ў тым, што і сам казачнік успрымаў жыццё як арэну, на якой у смяротнай сутычцы сышліся Дабро і Зло. Для шматлікіх беларусаў такое ўспрыманне жыцця актуальна і дагэтуль (гл. “Рэспубліка талерантных маніхеяў). Яны перакананыя, што носьбітамі зла з’яўляюцца пэўныя людзі, знішчэнне якіх аўтаматычна адкрые дарогу ў царства Дабра і Праўды.
Маніхей, калі сутыкаецца з праблемай, не абцяжарвае сябе аналізам. Ён накіроўвае сваю энергію на пошук ворагаў. Праілюструю сказанае цытатай улюбёнага аўтара: “И причины периода, который мы переживаем очередной раз, не только внутри нашей страны. Ещё больше причин извне! <…> Я, конечно, понимаю, я не мечтатель, что никто никогда не позволит государству в центре Европы ходить в “белых перчатках и радоваться жизни. Конечно, будут атаковать и слева, и справа — уж слишком лакомый кусок и в материальном, и в геостратегическом отношении наша страна.
Зірнём на “лакомый кусок з пункту гледжання афіцыйнай статыстыкі. Сярэдняя зарплата ў чэрвені склала 1 782,9 тысячы рублёў ці 350 долараў па курсу Нацбанка, што ніякага дачынення да рэальнасці не мае. Пагадзіцеся, “ходить в “белых перчатках и радоваться жизни з такім непад’ёмным цяжарам у гаманцы адважыцца далёка не кожны. Але, магчыма, гэты сумны вынік 17-гадовага блукання “своим путем сфармаваўся не пад уздзеяннем бесперапынных атак злева і справа?
У чарговы раз працытую невядомага аўтара: “Мова дадзена ўладзе для самавыкрыцця. Гэтаму віду дзейнасці беларуская ўлада рэгулярна аддаецца, разважаючы, у прыватнасці, на ўпадабаную тэму пра “равнодоходность. Цэны, маўляў, на газ у Беларусі значна вышэй, чым у Расіі, адсюль і эканамічныя праблемы, у тым ліку і з ростам дабрабыту.
Але калі адсутнасць цэнавай “равнодоходности робіць беларускую прамысловасць неканкурэнтаздольнай на Усходзе, то чаму б тады нам ні заваліць сваімі таннымі таварамі Захад, які атрымлівае расійскі газ па больш высокіх цэнах? Аднак такім чынам ставіць пытанне ў нас не прынята, і часам здараюцца праколы. Даю слова яшчэ аднаму выдатнаму аўтару, акадэміку і палітыку Анатолю Рубінаву: “Савецкі Саюз, безумоўна, адставаў па тэхналагічным узроўні ад Еўропы. І сёння ўзровень тэхналогій як у Беларусі, так і ў Расіі застаецца істотна ніжэйшы (вылучана намі — С.Н.), чым у Цэнтральнай Еўропе. Таму еўрапейскія цэны на энерганосьбіты для нас пакуль непад’ёмныя.
Высвятляецца, што справа не ва ўдарах, а ў істотна ніжэйшым тэхналагічным узроўні айчыннай прамысловасці. Але дзе і калі ўлада вяла сур’ёзную размову з грамадствам з нагоды яго павышэння?
Не спяшайцеся ціснуць на клямку
Для такой размовы патрэбныя, прынамсі, двое. Такі мінімум у рэспубліцы ёсць. Я маю на ўвазе ўладу і грамадства. Няма, на першы погляд, і недахопу ў размовах, але вядуцца яны не паміж уладай і грамадствам, а ўладай з грамадствам, прычым выключна ў рэжыме маналогу.
Дыялог як спосаб узгаднення пазіцый бакоў, як спосаб пошуку залатой сярэдзіны з’яўляецца гістарычнай катэгорыяй. Традыцыйнаму грамадству для рашэння бягучых праблем (іншых праблем яно і не ведала) цалкам хапала маналогу. Гэта быў аўтарскі маналог першай асобы, ці, як гэта ні падасца дзіўным, маналог веча. Уся справа ў тым, што веча не прадугледжвала права меншасці на ўласнае меркаванне, і калі падчас усенародных абмеркаванняў адбываліся спрэчкі, то заўсёды ў выглядзе маналогаў, якія канфліктавалі паміж сабой і часта завяршаліся пабоішчамі.
Тое, як у рэжыме маналогу працуе сучасны аналаг веча — Усебеларускія народныя сходы, — мы назіралі ўжо чатыры разы. Не выключана, што хутка з’явіцца магчымасць бачыць яшчэ адно ўсебеларускае мерапрыемства, але гэтым разам у выглядзе з’езду патрыятычных сіл.
Маналог — гэта форма выражэння маніхейскай свядомасці. Засваенне маналогу, далучэнне да маналогу маніхей разглядае як засваенне і далучэнне да Праўды, якая супрацьстаіць д’ябальшчыне плюралізму. Зразумела, што Праўда з вялікай літары можа быць толькі ў адзіночным ліку, і яна вартая таго, каб быць зацверджанай любымі сродкамі, аж да фізічнага знішчэння яе апанентаў.
Адрозніць сапраўднага носьбіта Праўды ад пярэваратня часам не так проста. Вернемся да нашага казачнага ваўка. І ў першым, і ў другім выпадку ён змушаны выдаткаваць масу высілкаў, каб даверлівая Чырвоны Каптурок і казляняты, што страцілі грамадзянскую пільнасць, не змаглі распазнаць у ім пярэваратня.
Прывяду толькі адзін з фрагментаў казкі Перо:
“— Хто там? — спытаў Воўк.
Але голас у Воўка быў грубы, і Чырвоны Каптурок, пачуўшы яго, спачатку спалохалася. Але потым падумала, што бабуля, напэўна, прастуджаная, і адказала:
— Гэта я, ваша ўнучка, Чырвоны Каптурок. Я прынесла вам праснакоў і гарнушак масла ад матухны!
Тады Воўк крыкнуў трошкі танчэйшым голасам:
— Цісні на клямку, слясак адскочыць.
Чырвоны Каптурок націснула на клямку, і дзверы адчыніліся.
Так і хочацца ўсклікнуць: людзі, будзьце пільныя, не цісніце на клямку ў надзеі, што за дзвярамі вас чакаюць нізкія кошты і высокія зарплаты, якія так шчодра абяцаюць пярэваратні з “пятай калоны. Адно абнадзейвае, што я не самотны ў сваім імкненні папярэдзіць даверлівых і згубіўшых грамадзянскую пільнасць беларусаў. Цытую па тэксце Паслання–2010: “И самое страшное — когда мы успокоены. Самоуспокоены. Всё хорошо, всё и дальше будет хорошо. Будьте бдительны, всё не так просто. Политическая борьба — это самая тяжелая, порой грязная и неблагодарная, непредсказуемая работа. Поэтому смотрите, чтобы через растопыренные пальцы не утекло всё то, что мы с вами сделали за последние годы.
Час пераварочваць манетку
Усім нам неаднаразова і даходліва тлумачылі, што ў Беларусі “лимит революций и потрясений исчерпан еще в прошлом столетии. Відавочна, літаральна на пальцах паказвалі, чаму “опять наступать на одни и те же грабли наш народ не намерен. Для тых, хто ў свой час няўважліва сачыў за рухам пальцаў уладальніка “царскіх паўнамоцтваў, нагадаю: “Вирус “цветных революций поражает только слабые страны, чей государственный организм измотан экономическими и социальными проблемами, а власть находится в конфронтации с населением. В Беларуси для него просто нет питательной среды.
Пад носьбітамі рэвалюцыйнага светапогляду ў нас звычайна маюць на ўвазе прадстаўнікоў “пятай калоны, але давайце глянем на праблему не з вышыні ўладнай “вертыкалі, а з пагорка азбукавых паліталагічных ісцін. Для гэтага нам спатрэбяцца чатыры радкі з “Інтэрнацыяналу:
 
Весь мир насилья мы разрушим
До основанья, а затем
Мы наш, мы новый мир
построим, —
Кто был ничем, тот станет всем.

Перад намі тыповы ўзор маніхейскага ўяўлення пра тое, што разбурэнне старога тоеснае акту фармавання новага. Важна падкрэсліць, што новае не вырастае са старога, а ўяўляе нешта цалкам яму процілеглае, яно як бы з’яўляецца з нічога. Аналагічны працэс адбываецца і на ўзроўні асобы. Яшчэ сёння раніцай яна была “ничем, а ўжо да абеду раптам становіцца “всем.
Рэвалюцыя ва ўяўленні маніхеяў — гэта змена ў інверсійным рэжыме (больш падрабязна пра гэта чытайце ў “Дыфузнай незадаволенасці). Кожны з нас лёгка здольны прарабіць яе ў паменшаным маштабе ў сябе на далоні. Для гэтага дастаткова пакласці на далонь манетку, а потым хутка перавярнуць яе (слова “інверсія паходзіць ад лацінскага “іnversio — пераварочванне). Вось, уласна, і ўсё. Зло грамадства ўвасобленае ў пэўных людзях. Такім чынам, для наступлення ўсеагульнага шчасця неабходна знішчыць гэтых пэўных людзей, г. зн. ваўку неабходна распароць пуза.
І вось тут я пераходжу да асноўнай думкі: носьбітамі маніхейскай (інверсійнай) свядомасці ў Беларусі пераважна з’яўляюцца прадстаўнікі большасці, той самай большасці, на якую 17 гадоў абапіраўся наш “адзіны палітык. Гэта яны ў 1994 годзе сталі асноўнай рухальнай сілай “электаральнай рэвалюцыі. Рэвалюцыю яны правялі ў інверсійным рэжыме, з мэтай пазбаўлення ад дыскамфортнага стану, у якім апынуліся ў выніку ліберальных рэформаў Гарбачова.
Сёння большасць зноў знаходзіцца ў дыскамфортным стане, але не пад уздзеяннем ліберальных рэформаў, а па прычыне банкруцтва “моцнай дзяржавы, якая губляе свой патэрналісцкі рэсурс літаральна на вачах. І таму той, хто яшчэ ўчора ўспрымаўся як карміцель, мае шанец трансфармавацца ў сваю супрацьлегласць. Паміж абсалютным Дабром і абсалютным Злом у галовах маніхеяў няма нічога прамежкавага. Яны здольныя змяняць свае погляды выключна ў інверсійным рэжыме. “Кто был ничем, тот станет всем. Сапраўдная і зваротная выснова: “Кто был всем, станет ничем. Інакш інверсійная логіка не працуе.
Звярніце ўвагу: у 1994 годзе пад уздзеяннем інверсіі большасць распарола пуза гіене лібералізму. Сёння справа ідзе да таго, што яго ахвярай стане воўк аўтарытарызму, г. зн. інверсія памяняла знак. Таму калі ў першым выпадку інверсія ўзмацніла раскол паміж большасцю і меншасцю, то ў другім яго знівелюе.
Айчынныя рэвалюцыі не варта блытаць з рэвалюцыямі на Захадзе, якія перадалі ўладу ў рукі трэцяга саслоўя. Да нас іх досвед дачынення не мае.