Два гады «хатняй хіміі» — за абразу Лукашэнкі

3 чэрвеня Цэнтральны суд Мінска вынес прысуд 49-гадоваму Сяргею Пракопчыку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы.

img_2197_1_logo.jpg

Справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Арцём Цвяткоў. Пракопчык абараняў сябе сам. 

«Не разумеў, як супрацоўнікі могуць так сябе паводзіць»

Сяргея Пракопчыка прызналі вінаватым у тым, што ў ліпені 2019 г. і верасні 2020 г. ён размясціў на сваёй старонцы ў сацсетцы «Вконтакте» фотаздымкі Лукашэнкі з непрыстойнымі каментарамі: тэкст змяшчае ненарматыўную лексіку, таму не быў зачытаны ў судзе.

Сяргей Пракопчык цалкам прызнаў віну і тое, што каментары змяшчаюць абразу ў адрас Лукашэнкі. Ён разумее, што гэта было недапушчальна. Пракопчык патлумачыў, што размяшчаў фотаздымкі праз эмоцыі. Напрыклад, здымак, на якім Лукашэнка сядзіць у асяроддзі людзей у балаклавах, ён запосціў праз эмоцыі, якія ўзніклі ў яго, калі міліцыя збівала людзей, якія выходзілі на пратэсты. На пытанне, ці была ў яго непрыязнасць у бок Лукашэнкі, ён адказаў, што не.

«Я не разумеў, як супрацоўнікі могуць сябе так паводзіць, — патлумачыў Сяргей Пракопчык. — Праз час зразумеў, што, магчыма, яны і правільна рабілі, што прымянялі сілу: я сам працаваў у ахове і разумею, што калі-нікалі гэта неабходна. У дадзены момант у мяне негатыўныя адносіны да запісаў. Зараз у мяне арытмія, проста хочацца, каб гэта ўсё закончылася хутчэй. Больш не збіраюся нічога пісаць, хачу спакойна жыць. Раскайваюся і прашу прабачэння».

Не той тэлефон

Да матэрыялаў справы быў далучаны не той сродак сувязі, з дапамогай якога размяшчаліся запісы: тэлефон, пазначаны ў справе, быў куплены толькі ў лютым 2021 года.

Таксама ў матэрыялах справы — рапарт аб высвятленні асобы, якая пакінула запісы, скрыншоты старонкі Пракопчыка. У высновах эксперта — пацвярджэнне ненарматыўнасці выкарыстанай у каментарах лексікі і негатыўнай ацэнкі Лукашэнкі.

Што казалі ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца ўпэўнены, што дзеянні кваліфікаваныя правільна. Аднак папрасіў выключыць з абвінавачання тое, што сродкам, з якога былі адпраўленыя каментары, з'яўляецца далучаны да справы тэлефон. З абвінавачання ён таксама папрасіў выключыць тое, што Лукашэнку былі прычыненыя маральныя пакуты: ён не прысутнічаў на пасяджэнні, таму не было магчымым дапытаць яго па гэтым пытанні і даказаць пакуты.

Суддзя Карсюк таксама вынес дзве прыватныя пастановы: першая — за дрэнна праведзеныя следчыя дзеянні наконт тэлефона; другая — у адрас кіраўніцтва трамвайнага парка, супрацоўнікам якога з'яўляецца Пракопчык, за недастаткова праведзеную прафілактычную працу.