У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку

У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

repost_tg_sud0.jpg


Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў.
Паводле абвінавачвання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года, знаходзячыся па месцы жыхарства і ў адміністрацыйным будынку Мастоўскага РЭС, выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, які належыць яму, размяшчаў у тэлеграм-канале "Масты для жыцця чат" пад псеўданімам "Сяргей" створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай А. Р. Лукашэнкі і тэкстам, якія змяшчаюць яго абразу.
Следствам устаноўлена мноства такіх рэпосты. У большасці выпадкаў, яны уяўлялі сабой "палікодавы тэкст, што складаецца з вербальнага і невербальнага кампанентаў, якія ўтвараюць адно візуальнае структурна-сэнсавае цэлае", напрыклад:  
"невербальная частка ўяўляе сабой статычны малюнак асобы мужчынскага і жаночага полу, а таксама асобы, намаляванай са спіны. Вербальны кампанент – пісьмовы тэкст "Лідка, Канстытуцыю перадай. В. В. Шульжэнка "Інаўгурацыя" 2020";
"палікодавы тэкст, які складаецца з невербальнага кампанента – статычнага малюнка асобы мужчынскага полу, і вербальнага кампанента – пісьмовага тэксту "Вусатая шмара хутка здохне»;
"палікодавы тэкст, які складаецца з невербальнага кампанента – статычнага малюнка галавы малпы і цела чалавека мужчынскага полу, і вербальнага кампанента – пісьмовага тэксту "У сям'і не без вырадка".
Гэтыя дзеянні Сяргея Бурака кваліфікаваныя па арт. 368 Крымінальнага кодэксу – "Абраза прэзідэнта".
Таксама мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён 21 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале "Масты для жыцця чат" размясціў паведамленне з выявай нацысцкай свастыкі, якая складаецца з элементаў дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, чым "прадэманстраваў абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі, г.зн. здзекаваўся над дзяржаўным сцягам" (арт. 370 КК).
 Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты – знаходзіў у сетцы Інтэрнэт выявы, створаныя іншымі асобамі, і "перадрукоўваў" іх. Не лічыць, зробленыя публікацыі, абразай.  
У судзе быў дапытаны ў якасці сведкі оперупаўнаважаны Мастоўскага РАУС Павел Сівец. Ён сказаў, што было выяўлена каля 400 паведамленняў, размешчаных Сяргеем Бураком.
СЯ

repost_tg_sud1.jpg


Не памятае, каб размяшчаў сцяг са свастыкай. Аднак на стадыі следства казаў пад ціскам інакш.
Абвінавачаны сказаў, што не разумеў, што размяшчае нешта абразлівае, лічыў ілюстрацыі – сяброўскім шаржам:
"Раней часопіс "Кракадзіл" быў, там усё друкавалі, і гэта было ўсё легальна".
Дзяржабвінавачанне лічыць, што шарж падразумявае гумар.  
- У чым тут гумар і сатыра? Калі б вас таксама назвалі "вусатай шмарай", вы б не абразіліся?
- Я б задумаўся, калі б усе пра мяне так сказалі. Я самакрытычны. Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе, значыць, нешта не так са мной. Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею гэта.
- Давайце такі прыклад: вы размясцілі статычную выяву асобаў у форменным абмундзіраванні з тэкстам "Беларусь, 21 стагоддзе: АМАП заганяе працоўных на заводы". Дзе вы бачылі, каб АМАП заганяў рабочых на завод? Вы гэта бачылі? У чым тут гумар выяўляецца? Сатыра тут якая?
- Чуткамі поўніцца зямля. Усё заснавана на размовах з сябрамі, якія распавядалі, што бачылі.
- Можаце назваць іх?
- Не, не магу.
Міхаіл Разуваеў спрабаваў дамагчыся ад абвінавачанага тлумачэнняў і па іншым рэпосце.
- Ну вось, возьмем яшчэ адно паведамленне з выявай прэзідэнта і малпы і подпісам "У сям'і не без вырадка". А тут што?
- Сяброўскі шарж.
- Ён вам сябар? Ці вы яму сябар?
- Вы пра малпу?
- І пра малпу, і пра прэзідэнта.
- Тады проста шарж.
- Гэта значыць, вы не лічыце гэта абразай?
- Я не лічу.Абвінавачаны удакладніў, чаму падчас ператрусу панятыя былі "з бадуна і з фінгалам", чаму не прывялі суседзяў, калі аб гэтым прасілі. На гэта сведка адказаў: хто згаджаецца - таго і прыводзяць.
У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца запрасіў па двух прад'яўленых артыкулах абвінавачвання прызначыць для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Довады пра ціск на абвінавачанага лічыць галаслоўнымі і нічым не пацверджанымі.  
Суд агучыць рашэнне 7 чэрвеня ў 15.30.
Паводле spring96.org