Дзве дэкларацыі
Чалавек традыцыйны ад чалавека сучаснага найбольш яскрава адрозніваецца паводле стаўлення да Другой сусветнай вайны.
Год таму, 23 жніўня, у Варшаве міністры юстыцыі краін ЕС падпісалі Варшаўскую дэкларацыю ЕС з нагоды Еўрапейскага дня памяці ахвяр таталітарных рэжымаў. Дату абралі невыпадкова. 23 жніўня 1939
года ў Маскве была падпісана Дамова пра ненапад паміж Германіяй і СССР, вядомая як пакт Молатава — Рыбентропа.
Працытую першы абзац дэкларацыі: «Прымаючы да ўвагі факт, што Еўропа пакутавала пад уладай таталітарных рэжымаў, незалежна ад таго, ці тое быў камунізм, нацыянальны сацыялізм ці любы іншы,
якія прывялі да неверагоднага парушэння асноўных правоў і да поўнага адмаўлення чалавечай годнасці, сярод якіх Халакост з’яўляецца самым страшным прыкладам».
З кім збіраць шчаўе?
Разгледзім цытату праз прызму «Азбукі культуралогіі». Чалавек вылучыўся са свету прыроды пасля таго, як навучыўся ствараць сэнсы. У аснове ўсякага сэнсаўтварэння палягаюць крайнасці
(бінарныя апазіцыі). Іх спіс бясконцы, але ўзначальвае яго апазіцыя Дабро — Зло. Яна палягае ў аснове ўсіх сусветных рэлігій. Нагадаю яе «вытворныя»: Бог —
Д’ябал, Рай — Пекла, Святло — Цемра.
«Механізмы аперавання бінарнымі апазіцыямі, — адзначае культуролаг Андрэй Пеліпенка, — у культуры маюць ключавое значэнне». У заходняй культуры важным кампанентам
такога механізму з’яўляецца дыялог. З яго дапамогай ажыццяўляецца стыкоўка процілеглых пунктаў гледжання, г. зн. медыяцыя (лац. «mediаna» —
«сярэдняя»).
Традыцыйная беларуская культура не ведае дыялогу, а таму аддае перавагу не медыяцыі, а максімальнай палярызацыі любых пунктаў гледжання і ацэнак. Не варта пасля гэтага дзівіцца, што перанесены з
заходняй культуры на беларускую глебу інстытут заканадаўчай улады (парламент) не здольны выконваць ролю сацыяльнага медыятара. Але якраз у гэтым і палягае яго галоўная задача!
У беларускім парламенце няма фракцый. Гэта калектыў аднадумцаў, што ўспрымаюць сваіх палітычных апанентаў як «адмарозкаў», з якімі яны ў адным полі не сядуць шчаўе збіраць, не тое
што абмяркоўваць антыкрызісную праграму.
Для тыповага прадстаўніка традыцыйнай культуры сутнасць гістарычнага працэсу зводзіцца да смяротнага змагання Дабра са Злом. Праілюструю тое на прыкладзе ацэнкі «адзіным палітыкам»
(АП) Другой сусветнай вайны: «Это было не просто военное столкновение разных народов и стран. Смысл мировой битвы с нацизмом гораздо глубже, мощнее. Впервые в человеческой истории зло не
скрывало своего облика». Але, нягледзячы на тое, што «Европа пала к ногам победителя», Злу не наканавана было перамагчы, бо супраць яго выступілі «силы добра и
света».
А зараз яшчэ раз перачытайце фрагмент Варшаўскай дэкларацыі. Зразумела, што з такім поглядам на Другую сусветную вайну АП ніколі не пагодзіцца, зрэшты, як і мільёны беларусаў.
Культпаход у бібліятэку
Каб сфармаваць уласнае меркаванне наконт падзей, старт якім быў дадзены 23 жніўня 1939 года, я накіраваўся ў бібліятэку Цэнтральнага дома афіцэраў, што знаходзіцца побач з будынкам адміністрацыі АП.
Мяне цікавілі кнігі выключна савецкага перыяду. У іх шмат ідэалогіі, але сустракаецца і зерне інфармацыі, не заўважанае ў свой час цэнзарамі, а таму захаванае ў першапачатковым (аўтарскім)
варыянце.
«Шукайце і знойдзеце», — сказана ў Евангеллі ад Матфея. Я шукаў і здабыў шуканае на старонцы 134 у кнізе «Чырванасцяжная беларуская ваенная акруга»,
выдадзенай у Мінску ў 1973 годзе. Прывяду апісанне вызвалення Брэста ад сіл Зла сіламі Дабра і Святла ў верасні 1939 года: «Генеральны штаб паведаміў у акругу ўдакладненую дэмаркацыйную
лінію паміж нашымі і нямецкімі войскамі. Аднак на брэсцкім накірунку ўказаная лінія была парушана войскамі нямецкай групы армій «Поўнач». Матарызаваны корпус гэтай групы пад
камандаваннем генерала Гудэрыяна пераправіўся праз Буг і захапіў значны раён вакол Брэста.
Камдзіў Чуйкоў, армія якога накіроўвалася да Брэста, загадаў камандзіру танкавай брыгады С.М. Крывашэіну заняць Брэст і прымусіць нямецкія войскі адысці за Буг. У Брэсце адбылася сустрэча Крывашэіна
з Гудэрыянам. У ёй браў удзел і супрацоўнік Народнага камісарыята замежных спраў. Нашы прадстаўнікі запатрабавалі ад нямецкага камандавання неадкладна адвесці ўсе нямецкія часткі за дэмаркацыйную
лінію, а падрыхтаваную для эвакуацыі з Брэста ў Германію ваенную і цывільную маёмасць пакінуць на месцы. Гэта патрабаванне было выканана».
Вось як, высвятляецца, можна вызваляць гарады ад сіл Зла! Галоўнае — папярэдне ўзгадніць дэмаркацыйную лінію. Але гэта не ўзровень Чуйкова і Крывашэіна. Яны — толькі тэхнічныя
выканаўцы. Для таго, каб разглядзець першакрыніцу Дабра і Святла, галаву давядзецца задраць як мага вышэй.
Але і тэхнічныя спецыялісты здольныя стаць крыніцамі Святла, хай і прыглушанага. Не ведаю, як Чуйкоў, але камбрыг Крывашэін адназначна. Захавалася стужка кінахронікі, на якой адлюстраваны камбрыг
Сталіна, што разам з Гудэрыянам прымае парад савецка-нацысцкіх войскаў 22 верасня 1939 года ў Брэсце.
Камбрыг скончыў вайну генерал-лейтэнантам, героем Савецкага Саюза. У 1964 годзе ён выдаў кнігу ўспамінаў «Междубурье», у якой на старонках 258–261 падрабязна апісаў сумесны
парад сіл Дабра і Зла.
Палявы статут 1939 года
Тут галоўнае — не пераблытаць, дзе Дабро, а дзе Зло. У рамках традыцыйнай культуры бінарныя апазіцыі здольныя мяняцца месцамі ў інверсійным рэжыме, што ўжо неаднаразова здаралася ў айчыннай
гісторыі. Такія ракіроўкі не пакідаюць без працы прафесійных служак музы гісторыі Кліа. На карэкціроўцы падручнікаў гісторыі яны навучыліся добра зарабляць.
Але працягнем пошук інфармацыйных зерняў, прапушчаных у свой час савецкімі цэнзарамі. Першы том «Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941–1945» (Ваеннае
выдавецтва МА. М., 1960) дазваляе нам сфармаваць уласнай меркаванні з нагоды правакацыйных сцвярджэнняў здрадніка Радзімы Суворава — Рэзуна пра планы СССР напасці на Германію летам 1941
года.
Не, нічога такога наўпрост у першым томе не сцвярджаецца. Наадварот, я лёгка адшукаў шматлікія запэўненні ў тым, што агрэсіўныя мэты варожыя «самой прыродзе Савецкай дзяржавы».
Адсутнасць такіх мэтаў мусіла адбіцца на спецыфіцы савецкай даваеннай дактрыны, якая прадугледжвае поўны разгром ворага на яго тэрыторыі.
Падмацую сказанае цытатай: «Галоўным відам ваенных дзеянняў для дасягнення гэтых мэтаў з’яўляўся наступ, тэарэтычнай распрацоўцы якога надавалася асноўная ўвага... Савецкая
стратэгія прызнавала абарону неабходным відам узброенай барацьбы, але падкрэслівала яе другасную ролю перад наступам… Пытанне пра контрнаступленне як адмысловы від стратэгічнага наступу да
Вялікай Айчыннай вайны не ставілася, нягледзячы на багаты досвед контрнаступленняў падчас грамадзянскай вайны 1918–1920 гг.»
Несумяшчальнасць міралюбнай прыроды Савецкай дзяржавы з агрэсіўнымі намерамі пацвярджаецца і цытатай з Палявога статуту 1939 года: «Калі вораг навяжа нам вайну, Рабоча-Сялянская Чырвоная
Армія будзе самай нападаючай з усіх калі-небудзь нападаючых армій».
Галоўнае, каб вораг навязаў нам вайну. Не ў сэнсе нападу першым, змушаючы тым самым Чырвоную Армію контратакаваць (такі від баявых дзеянняў савецкая стратэгічная дактрына не прадугледжвала), а
менавіта навязаў. Напрыклад, так, як навязала вайну Фінляндыя ў 1939 годзе. І вось тады, «гремя огнем, сверкая блеском стали, пойдут машины в яростный поход». І тут ужо не
крыўдуйце, міралюбная прырода Савецкай дзяржавы пакажа сябе ў поўнай красе.
Дабро сярэдняга радыусу дзеяння
Дарэчы, пра машыны, здольныя «греметь огнем» і «сверкать блеском стали». Колькі іх было ў Чырвонай Арміі на пачатак вайны? У першым томе Гісторыі ВАВ няма ніводнай
абсалютнай лічбы ні па адным з відаў узбраенняў, але ёсць падказкі, якія дазваляюць самастойна ацаніць іх парадак.
Самай нападаючай з усіх калі-небудзь нападаючых армій прарываць абарону саперніка належала франтамі. Шырыня паласы фронту ў наступальнай аперацыя планавалася ад 150 да 300 кіламетраў, а норма
аператыўнай шчыльнасці танкаў на 1 кіламетр прарыву закладвалася ў межах 50–100 штук. Такім чынам, фронту для прарыву абароны (без аператыўнага і стратэгічнага рэзерву) спатрэбілася б ад 7,5
да 30 тысяч танкаў.
А што мелася ў наяўнасці? Звернемся да Вялікай савецкай энцыклапедыі. На пачатак вайны ў войсках, якія прыкрывалі заходнюю мяжу СССР, было 1 800 цяжкіх і сярэдніх танкаў і «значная колькасць
лёгкіх танкаў састарэлых канструкцый». Значная — гэта колькі?
Ужо пасля перабудовы я пацікавіўся ў свайго бацькі, які скончыў службу ў войску намеснікам камандуючага ракетнымі войскамі Беларускай ваеннай акругі (БВА), наконт адсутнасці ў Беларусі абарончых
збудаванняў. «А іх няма», — такі быў адказ. БВА — гэта выключна наступальная групоўка.
Мае школьныя гады прайшлі ў ваенным гарадку Станькава, дзе бацька камандаваў ракетнай брыгадай. Падчас штабных вучэнняў яму неаднаразова даводзілася здзяйсняць начныя кідкі да мяжы ФРГ. Радыус
дзеяння тактычных ракет не перавышаў 300 кіламетраў. Данесці свой ядзерны патэнцыял Дабра і Святла заходнім немцам з тэрыторыі Беларусі тактычныя ракеты былі не ў стане, таму і даводзілася асвойваць
шляхі іх дастаўкі непасрэдна да мяжы верагоднага ворага.
У Дэкларацыі аб утварэнні СССР стварэнне «новай саюзнай дзяржавы» разглядалася ў якасці кроку «па шляху аб’яднання працоўных усіх краін у сусветную Сацыялістычную
Савецкую Рэспубліку». Для ажыццяўлення запланаванага быў патрэбны тып чалавека, што ўспрымае свет як арэну, на якой Дабро ўступіла ў апошняе і рашучае змаганне з сусветным Злом. Такі тып
чалавека пачаў актыўна фармавацца ў эпоху Дуалістычнай рэвалюцыі каля тысячы гадоў да нашай эры. Ён і сёння досыць папулярны — асабліва ў ісламскім свеце, але не толькі. Каб у гэтым
пераканацца, трэба толькі ўключыць тэлевізар.