Экс-дыпламат: Віншуючы са святам замежны «народ», Лукашэнка мае на ўвазе беларусаў

Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень незалежнасці. На сайце Лукашэнкі апублікавалі віншаванне, накіраванае да польскага народа. «Салідарнасць» пацікавілася ў экс-дыпламата Паўла Слюнькіна, ці нармальная гэта практыка: звяртаць сваё віншаванне да «народа» замежнай дзяржавы, а не яго афіцыйным асобам.

fbb479ff0887e4543c48.jpeg


— Гэта не нешта новае ў беларускай дыпламатычнай практыцы рэжыму Лукашэнкі, — адзначае Павел Слюнькін. — З пункту гледжання дыпламатычнага пратаколу, вядома, вельмі своеасаблівая форма. І ў цэлым гэта не норма. Віншаванні з дзяржаўнымі святамі, як правіла, афармляюцца паміж дзяржавамі на ўзроўні пасланняў кіраўнікоў дзяржаў або МЗС, урадаў.

Экспэрт адзначае, што ўпершыню ўбачыў такую практыку пасля выбараў 2010 года, калі ў дачыненні да Беларусі таксама былі накладзеныя санкцыі. Тады Лукашэнка гэтак жа не віншаваў некаторых кіраўнікоў дзяржаў у іх дзяржаўныя святы, але віншаваў народ гэтых краін. У 2020 годзе Лукашэнка да гэтай практыкі зноў вярнуўся і працягвае яе выкарыстоўваць.

— Гэта робіцца, каб прадэманстраваць, што курс уладаў гэтых краін, якія, з пункту гледжання Лукашэнкі, варожа ставяцца да Беларусі, не падтрымліваецца народамі замежных дзяржаў. Таму ён звяртаецца да народа як да крыніцы ўлады ў гэтых дзяржавах. Маўляў, у вас дрэнныя палітыкі, але мы выступаем за добрасуседскія адносіны паміж нашымі народамі. Гэта такое дубляванне або працяг савецкай традыцыі: аддзяляць выбраныя ўлады дэмакратычных краін і іх народ, паказваючы такім чынам, што палітыка іх дзяржаў не з'яўляецца адлюстраваннем інтарэсаў народа, які там пражывае.

Па словах суразмоўцы «Салідарнасці», гэта адпавядае прапагандысцкім наратывам, якія «ўбіваюць беларусам праз тэлевізар».

— Маўляў, нібыта заходнія палітыкі звар'яцелыя і варагуюць супраць Беларусі. Тым самым Лукашэнка перакладае стрэлкі ад сябе, ці дзесьці капіюе заявы, якія гучаць на адрас ягонага рэжыму, толькі ўжо даволі справядліва. Ён спрабуе гэта люстэркаваць і накіраваць у адрас сваіх ворагаў.

Пры гэтым у мяне вялікае пытанне, а як грамадзяне Польшчы павінны ўбачыць гэтае віншаванне? Зазірнуць на сайт Лукашэнкі? Гэта ж проста смешна. У стандартных выпадках гэта ўсё перадаецца праз амбасаду.

Таму, па словах Паўла, для палякаў сённяшняе віншаванне Лукашэнкі нічога не значыць: яно не адпавядае форме дыпадносін, звернута незразумела да каго.

— Гэта хутчэй жэст, накіраваны на ўнутранага спажыўца: паказаць беларусам, што Беларусь адкрытая для стасункаў з гэтымі народамі, але там такая ўлада, якая настроена з намі варагаваць.

У словах Лукашэнкі таксама была падкрэслена «важнасць захавання міру». Эксперт лічыць, што такая міралюбнасць з боку Лукашэнкі можа быць адрасавана краінам Захаду.

— Ён спадзяецца, што замежныя партнёры звернуць на гэта ўвагу. Што гэта такі сігнал: Беларусь не настроеная на большае ўцягванне ў гэтую вайну і хацела б пазбегнуць сцэнару адпраўкі беларускага войска ва Украіну, — заключае Павел Слюнькін.