Юры Дракахруст: Выгнанне McDonaldʼs — прыніжальная дэманстрацыя залежнасці ад Масквы
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у сваім блогу ра Радыё Св*бода разважае, чаму ў Беларусі спыніў працу McDonaldʼs і сімвалам чаго ён быў для краіны.
Сетка рэстаранаў хуткага абслугоўвання McDonaldʼs пад кіраваннем «КСБ Виктори Рестораны» збіраецца на працягу некалькіх тыдняў працягнуць працу пад расійскім брэндам «Вкусно — и точка».
Крок найперш сімвалічны. Калі ў далёкім 1990 годзе першы ў СССР McDonaldʼs адкрыўся ў Маскве — гэта была прыкмета і сімвал таго, што тагачасная адзіная краіна адкрываецца свету, адкрываецца Захаду. Для людзей, якія тады каштавалі стравы рэстарану, іх смак здаваўся смакам свабоды.
У Мінск «Мак» прыйшоў на 6 гадоў пазней. Гэта было сімвалам ужо менш выразным і дваістым. У Беларусь шмат што прыходзіла і прыходзіць са спазненнем. Адкрыццё рэстарану адбылося неўзабаве пасля канстытуцыйнага рэферэндуму, з якога пачалося імклівае саслізгванне краіны ў дыктатуру.
Сімвал свабоды і адкрытасці з’явіўся тады, калі і адно, і другое ў беларусаў пачалі рашуча і мэтанакіравана адбіраць.
У гэтым сэнсе лагатып «Мака» ў Мінску пасля падзей 2020 году выглядаў ужо зусім усмешкай Чэшырскага ката з «Алісы ў краіне цудаў» Льюіса Кэрала — кот ужо знік, але ў паветры яшчэ лунала яго ўсмешка.
Цяпер і таго не будзе. Фактычнае выгнанне McDonaldʼs — прыніжальная дэманстрацыя залежнасці, другаснасці адносна Масквы.
Наўрад ці Масква так ужо дамагалася ад беларускіх уладаў, каб тыя замянілі «Мак» на іхнае сумнеўнае «Вкусно — и точка». Хутчэй самі вырашылі выслужыцца, прадэманстраваць ляяльнасць: маўляў, мы ў бок Захаду і не глядзім, вычышчаем нават прыкметы ягонага ўплыву. А асабліва тыя, якія з часоў перабудовы былі знакамі гэтага ўплыву.
Вельмі нясмачна. А чаму ж шматкропʼе?
Днямі, на 40-ю гадавіну смерці Леаніда Брэжнева, прыгадалася ўласнае адчуванне з таго далёкага, кіслага 1982 году: гэтая сістэма назаўжды, так тут будзе вечна. Ад персоны на чале тая сістэма практычна ўжо не залежала. «Дарагі Леанід Ільіч» мог сядзець у Крамлі хоць у каматозным стане, гэта ні на што не ўплывала.
А вось зараз такога адчування няма і блізка. Цяперашні стан — гэта канвульсія, прыпадак, а не вечнасць. Цяперашняя сістэма завязаная на асобу Лукашэнкі, яна не мае ніякага колькі-небудзь істотнага духоўнага падмурку. Савецкая сістэма ў 1982 годзе трымалася не адно на гвалце і нават не пераважна на ім.
Цяперашняя — усё больш выключна на ім. Калі карыстацца савецкімі аналогіямі, то гэта — правал у больш ранні, дабрэжнеўскі савецкі перыяд. І вядома, чым гэта скончылася.
Так што — да пабачэння, да вяртання, «Мак» на праспекце Незалежнасці ў Мінску. У Беларусь вернуцца і сімвал, і тое, што ён некалі сімвалізаваў.