ЕС думае пра магчымасці

Для развіцця ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам перашкодаў няма. Аднак тэмп дыялогу паскорыўся б, калі б афіцыйны Мінск прыняў агульныя дэмакратычныя каштоўнасці ЕС. Такую заяву зрабіў падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску пасол Іспаніі ў Расіі і Беларусі Хуан Антоніа Марк Пухоль. (На здымку: Хуан Антоніа Марк Пухоль)



e3408432c1a48a52fb6c74d926b38886.jpg

Для развіцця ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам перашкодаў няма. Аднак тэмп дыялогу паскорыўся б, калі б афіцыйны Мінск прыняў агульныя дэмакратычныя каштоўнасці ЕС. Такую заяву зрабіў падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску пасол Іспаніі ў Расіі і Беларусі Хуан Антоніа Марк Пухоль.

(На здымку: Хуан Антоніа Марк Пухоль)


З 1 студзеня старшынства ў ЕС перайшло да Іспаніі. Нягледзячы на аддаленасць Пірэнеяў ад Беларусі, дыпламат падкрэсліў, што «ўсходнееўрапейскі вектар — таксама вельмі важны кірунак для развіцця супрацоўніцтва».
Спадар Хуан Антоніа Марк Пухоль зазначыў, што «чым больш прагрэсу Беларусь будзе рабіць у галіне дэмакратыі, тым больш прагрэсу будзе ў адносінах з Еўрасаюзам». «Дэмакратыя — гэта тая каштоўнасць, якую падзяляюць усе краіны Еўропы, — падкрэсліў дыпламат, — асабліва што тычыцца свабодных выбараў і наяўнасці розных палітычных партый. Гэта менавіта тое, што магло б аб’яднаць Беларусь і ЕС, дапамагчы ў нала­джванні нашага дыялогу».
Добрым інструментам для развіцця стасункаў з Беларуссю пасол лічыць праграму «Усходняе партнёрства», і ЕС вітае актыўнасць і вялікую колькасць праектаў, якія беларускія ўлады накіравалі на ўзгадненне для рэалізацыі ў яе  межах. «Палітыка «Усходняга партнёрства» — гэта рамкі для актыўнага развіцця дыялогу Беларусі і Еўрасаюза. ЕС гатовы паглыбляць адносіны ва ўсіх кірунках, і такая ж глыбіня патрэбная з боку Беларусі. Нам патрэбны агульны, цэльны дыялог, а не ў асобных сферах», — сказаў пасол.
Падчас візіту ў Беларусь Хуан Антоніа Марк Пухоль сустрэўся з кіраўніком Міністэрства замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Сярод шэрагу пытанняў абмяркоўваліся і праблемы эканамічнага крызісу. «Еўропе яшчэ патрэбна многае зрабіць, каб стаць моцным, канкурэнтным гульцом на сусветным узроўні. Гэта тычыцца адукацыі, падтрымкі новых тэхналогій, індывідуальных ініцыятыў. Калі Беларусь зацікавіцца досведам Еўрасаюза ў гэтай сферы, то ён будзе рады весці дыялог у гэтым накірунку», — зазначыў пасол.
Нягледзячы на агульны асцярожны тон выказванняў іспанскага дыпламата, усё ж былі агучаныя пэўныя праблемы, што існуюць у стасунках ЕС з Беларуссю. Прагучалі яны з вуснаў пасля Вялікабрытаніі Размары Томас. Дыпламат таксама спачатку зазначыла, што цяпер размова ідзе больш пра магчымасці, а не перашкоды да супрацоўніцтва». Аднак застаюцца і пэўныя пытанні да ўладаў Беларусі, у прыватнасці размова ідзе пра выключэнне актывісткі «Маладога Фронту» Таццяны Шапуцькі з БДУ пасля яе ўдзелу летась у Форуме грамадзянскай супольнасці ў Бруселі. «Мы даведаліся, што скарга Шапуцькі ў Міністэрства адукацыі аб аднаўленні ва універсітэце не была задаволеная, і шкадуем, што падзеі прынялі такі абарот. Мы ўздымалі гэта пытанне з беларускімі ўладамі і спадзяемся вярнуцца да яго ў бліжэйшы час», — паведаміла Размары Томас.