ФАБ-3000 — расійская «цар-бомба», якой хваляцца прапагандысты. Ці зменіць яна сітуацыю на фронце?
Расія вырашыла раскансерваваць старыя савецкія запасы і ўжыць іх ва Украіне. Ці атрымаецца?
Адной з прычын падзення Аўдзееўкі былі масавыя вылеты авіяцыі Расіі з бомбамі. Тады ўпершыню з пачатку вялікай вайны штабы расійскіх сіл змаглі арганізаваць адначасовыя пралёты дзясяткаў бартоў. У некаторыя дні на ўкраінскія пазіцыі прылятала па 150-200 бомб. Напрыклад, на завод у населеным пункце Краснагораўка ўпала бомба ФАБ-1500.
Бомбы ФАБ-500 (вагой паўтоны) выкарыстоўваліся масава. Хоць расійскі модуль планавання і карэкцыі пакуль не дасягнуў дакладнасці заходняга аналага JDAM з пападаннем «у прыкладна пяць метраў», для ўдараў па забудове расійскія авіябомбы аказаліся эфектыўнымі, піша «Бі-бі-сі».
Яны руйнуюць будынкі, разбіваюць дарогі, пад'езды і пуцеправоды: ад расійскай авіяцыі пакутавала лагістыка УСУ і забеспячэнне на «апошнім кіламетры» перад лініяй фронту.
Пры гэтым расійцы былі вымушаныя і самі «адкрывацца» для ўдару: паветраныя сілы УСУ за апошнія месяцы заяўлялі аб 13 збітых расійскіх баявых самалётах — бамбавіках Су-34, а таксама знішчальніках Су-35, якія іх суправаджалі.
Бомбы часоў вайны СССР у Афганістане
Пасля адступлення ўкраінскай арміі з Аўдзееўкі калапсу фронту не адбылося, Расія ўвайшла ў пазіцыйныя баі.
Нядаўна расійскі прапагандысцкі канал Мінабароны РФ «Звезда» адрапартаваў пра тое, што міністр абароны Сяргей Шайгу наведаў адно з прадпрыемстваў ВПК.
Гэта быў 53-ці арсенал у Ніжагародскай вобласці, дзе расійцы перарабляюць старыя боепрыпасы і вырабляюць новыя бомбы, снарады і ВОГі (аскепкавыя гранатамётныя стрэлы).
У сюжэце ішла гаворка пра нарошчванне вытворчасці ФАБ-1500 удвая, але больш за ўсё пра яго гаварылі ў кантэксце навіны аб аднаўленні праекта ФАБ-3000.
Гэтыя авіяцыйныя бомбы маюць 1400 кг выбухоўкі — сур'ёзны груз і сродак паражэння.
Такія бомбы савецкая армія выкарыстоўвала падчас ўварвання ў Афганістан у 1980-х. З іх дапамогай яна наносіла ўдары па лазурытавых шахтах Куран-о-Мунджан, па войсках маджахедаў, якія бралі ў аблогу Кабул, і па тагачасных ўмацаваных раёнаў ісламістаў.
У сучаснай Расіі гэтыя ФАБы былі пераробленыя ва УАБы (кіраваныя авіябомбы), і цяпер іх называюць «цар-бомбамі», хоць, па сутнасці, гэта чыгунная даўбешка, да якой спрабуюць прымайстраваць камплект крылаў для планавання і GPS-навігацыю.
Пакуль працягваюцца эксперыменты з перадсерыйнымі партыямі. Гаворка ідзе не проста пра тое, каб далучыць да бомбы вялікія крылы, пасля чаго цяжкі боепрыпас паляціць у патрэбным кірунку. Тут неабходна ўлічыць мноства інжынерных тонкасцей.
Зона поўнага паражэння ў бомбы ФАБ-3000 — 35 метраў. Зона цяжкіх кантузій і разбурэнняў — 150 метраў. Калі цэллю становяцца пазіцыі з перакрыццямі, інжынернымі ўмацаваннямі і брустверам, то зона паражэння будзе меншай.
Таму ў свой час вялікія ФАБы знялі з узбраення пасля выпрабаванняў «за рэчкай» (гэта неафіцыйная назва вайны ў Афганістане, так у 1980-х называлі пераход за раку Амудар'я на афганска-узбекскай мяжы і праз раку Пяндж — на афганска-таджыкскай. — Заўв. рэд.).
Лёгкая пяхота афганцаў, якая мяняла пазіцыі і хавалася ў гарах, аказалася для расійскіх авіябомб не самай простай цэллю.
Праблема з носьбітамі
Адзіным носьбітам гэтага сродка ў Расіі з'яўляецца бамбавік Ту-22М3 — з-за памеру бомбалюкаў і нюансаў мацавання. Іншых носьбітаў «трохтонных» бомб у Масквы няма.
Расійскі «вайсковы блогер» Fighterbomber адзначае, што, акрамя Ту-22М3, тэарэтычна ФАБ-3000 можа несці яшчэ і Су-34 — па дзве бомбы з мацаваннем пад крыламі.
Аднак і Су-34, і Ту-22 з цяжкімі авіябомбамі губляюць у манеўранасці, што робіць іх лёгкай мішэнню для СПА.
Ёсць яшчэ стратэгічныя бамбавікі Ту-16, аднак гэтыя самалёты даўно спісаныя. Яны былі распрацаваны ў 1950-х і выведзеныя з эксплуатацыі ў 1990-х.
Спроба перапрацаваць іншыя самалёты прывядзе да павышэння кошту прымянення ФАБ-3000 і паступова выведзе частку такіх машын з ладу.
Гэта значыць, са стратэгічнага пункту гледжання расійцам больш выгадна скідаць паўтонныя ФАБ-500, чым яны цяпер і займаюцца.
Падобную ацэнку дае і Fighterbomber: «Па ФАБ-3000 у мяне ёсць лёгкае здзіўленне аб яе патрэбнасці. Цэляў пад яе няма. Пад яе трэба пілаваць УМПК [уніфікаваны модуль планавання і карэкцыі. — Заўв. рэд.] з нуля і гэта ўжо будзе, па сутнасці, цэлы самалёт на бомбе. І вось яго ўжо будзе выдатна відаць любому ЗРК».
Паводле слоў аўтара гэтага тэлеграм-канала, аптымальны боепрыпас для УМПК — гэта калібр 500 кг у розных варыянтах: касетным, запальным, ядзерным або фугасным. Павелічэнне магутнасці ў разы не дае такога ж павелічэння зоны паражэння. Але дакладнасць пападання ўсё роўна неабходная.
Напрыклад, адна ФАБ-3000, якая ўпала ў 20 метрах ад моста, нанясе яму такія ж пашкоджанні, як і ФАБ-500.
Старая бомба
ФАБ-3000 вырабляліся яшчэ ў 1940-х гадах. Іх распрацоўвалі пад самалёт Ту-4 (савецкі стратэгічны бамбавік, які быў на ўзбраенні авіяцыі далёкага дзеяння СССР з 1949 года да 1950-х і шмат у чым паўтараў амерыканскі бамбавік У-29. — Заўв. рэд.).
Тады сродкі СПА не мелі зенітных ракет (напрыклад, першы савецкі ЗРК з'явіўся толькі ў 1955 годзе), і ФАБ планавалі выкарыстоўваць для дывановых бамбаванняў. Менш цяжкія — па караблях, больш цяжкія — па важных прадпрыемствах, плацінах, бетонных хованках.
Пакуль аб вытворчасці ў Расіі цалкам новых ФАБ-3000 гаворка не ідзе. Старыя савецкія авіябомбы раскансервуюць, правяраюць выбуховае рэчыва, калі трэба, мяняюць яго, выпрабоўваюць розныя модулі карэкцыі з розных партый.
Адліваная частка гэтай бомбы выраблена з чыгуну з тоўстымі сценамі. У ёй мала што трэба рабіць з нуля, толькі дэтанатары.
Скідаць такія бомбы могуць адразу па дзве з аднаго борта — як рабілася напрыканцы вайны ў Афганістане. Тады, ужо пасля вываду савецкіх войскаў, такія авіябомбы ўжываў 185-ты гвардзейскі полк з Палтавы — на тых жа самых Ту22М3.
Пасля скідання бомба ператвараецца ў ракету без рухавіка, гэта значыць яе можна перахапіць сродкамі СПА.
У апошні раз ФАБ-3000 расійцы ўжывалі падчас аблогі Марыупаля. Тады не ішла гаворка пра модулі карэкцыі: яны скідалі бомбы па раёне завода «Азоўсталь», карыстаючыся сваім панаваннем у небе над горадам.
Але цяпер сітуацыя змянілася. Нават калі ў арміі РФ атрымаецца ўставіць у бомбалюкі Ту-22М3 павялічаны габарыт ФАБ-3000 з комплексам карэктавання палёту УМПК, гэтыя самалёты да лініі фронту не набліжаюцца.
Такі стратэгічны бамбавік занадта заўважны ў радыёлакацыйным дыяпазоне. А пасля страты двух самалётаў А-50 расійцы наўрад ці захочуць рызыкаваць яшчэ і Ту-22М3.
Навошта патрэбныя ФАБ-3000 і чаму іх раскансервуюць
Чаму расійскія вайскоўцы вырашылі раскансерваваць ФАБ-3000? Гэта неабходна для удараў па шчыльнай забудове.
Расійцы не занадта хаваюць свае цэлі: імі могуць быць Краматорска-Славянская агламерацыя ў Данецкай вобласці або Харкаў. Калі з'явіцца магчымасць ізаляваць гарадскую забудову, выбіць там СПА і пачаць раўняць з зямлёй квартал за кварталам — яны пачнуць гэта рабіць.
Цяпер армія РФ часцей за ўсё выкарыстоўвае УАБы на самых гарачых участках фронту — у раёне Аўдзееўкі, Бахмута, Крынак (на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці), Купянскага кірунку.
Гэта значыць, усюды, дзе расійскія вайскоўцы спрабуюць ціснуць і маюць магчымасць ужываць прыфрантавую бамбавальную авіяцыю.
РФ таксама рэгулярна прымяняе кіраваныя авіябомбы на паўночным усходзе Украіны — у памежнай паласе ад Чарнігаўскай да Харкаўскай абласцей. Асабліва шмат апошнім часам — на Сумшчыне.
Для Харкава і іншых рэгіёнаў небяспека УАБаў з'явіцца ў выпадку падаўлення або адсутнасці СПА блізкага або сярэдняга радыусу дзеяння. Гэта дазволіць расійскай авіяцыі наблізіцца на дастатковую адлегласць для скідання авіябомб.
Ці можна з гэтым змагацца?
Прыклад украінскага плацдарма ў вёсцы Крынкі Херсонскай вобласці паказвае, што можна. Хоць пасёлак ператвораны ў руіны, калапсу абароны УСУ там не адбылося.
У Крынках сапраўды цяжка праводзіць эвакуацыю — забіраць людзей на лодках ва ўмовах сталай працы FPV-дронаў і артылерыі. Але УСУ дапамагаюць манеўры, сетка назіральных пунктаў, разгрупавання невялікіх складоў «апошняга кіламетра» і акцэнт на забеспячэнне «з колаў».
Вернемся да агульнай статыстыкі. З пачатку 2024 года расійскія самалёты скінулі на пазіцыі УСУ больш за 3500 авіябомб. Гэта ў 16 разоў больш у параўнанні з 2023 годам.
За тры бягучыя месяцы — у сярэднім па 40 бомб на суткі. Былі больш ціхія дні, а былі і такія, калі скідалі 150 бомб у вузкай паласе, напрыклад, на піку наступу на Аўдзееўку.
Бомбы скідаюць на фермы Херсонскай вобласці і на месцы, дзе прычальваюць лодкі, якія забяспечваюць левы бераг Дняпра каля Крынак. А таксама на Аўдзееўку, Краснагораўку, цеплавыя электрастанцыі, вёскі Сумскай вобласці. І нават, паводле некаторых даных, у Белгародскай вобласці, дзе расійцам давялося выбіваць праўкраінскія фарміраванні з сяла Козінка.
Ці можна ўмоўным дзясяткам прылётаў прарваць зону адказнасці батальёна ў дзве паласы, на якой знаходзяцца два дзясяткі апорных пунктаў? Не.
Нават у выпадку, калі якое-небудзь пападанне будзе дакладным, не факт, што расійскія вайскоўцы паспеюць яго выкарыстаць: да гэтага сектара ўкраінскай абароны можа падысці манеўраная група, дапамогуць суседзі. Асабліва калі пазіцыя была выкапана правільна.
У Афганістане маджахеды стваралі сетку пастоў, якія засякалі самалёты, што накіроўваліся на скід ФАБаў, і падавалі дымавыя сігналы. Дзе б ты ні быў, трэба неадкладна змяніць пазіцыю.
У расійскіх УМПК ёсць недахоп: у іх «забіваюць» каардынаты — і на гэтым карэкціроўка заканчваецца. І ва Украіне працуюць папярэджанні аб ракетнай небяспецы і УАБах.
Зразумела, бомбы ФАБ-3000 будуць наносіць страты УСУ. Расія хоча кампенсаваць нізкую дакладнасць сваёй зброі магутнасцю.
Але гэта не «геймчэнджар». Патэнцыял бомб ФАБ-3000 абмежаваны магчымасцямі носьбіта і тым, што РФ не можа здушыць украінскую СПА і не валодае адмысловымі самалётамі РЭБ.
А з пастаўкай Украіне знішчальнікаў F-16 і дастатковай колькасці бомб JDAM сітуацыя для Кіева выраўняецца. Бомбы вялікай магутнасці Масква масава ўжываць не зможа.