Інтэграцыя: місія невыканальная?

Шыла ў мяху не схаваеш, і расійскае выданне «Коммерсантъ» усё ж выдала на-гара пакет «дарожных картаў», якія так імкнуўся схаваць ад беларускага грамадства Сяргей Румас. Але ці будуць рэалізаваныя гэтыя планы?

Фота: друзья-сябры.рф

Фота: друзья-сябры.рф


Прэс-сакратарка беларускага кіраўніка ўжо назвала артыкул расійскага выдання «ўкідам»: маўляў, «праграма стане праграмай толькі тады, калі яе падпішуць прэзідэнты, і яна будзе прынятая на вышэйшым Дзяржсавеце ў снежні — зноў жа, калі бакі будуць да гэтага гатовыя». А ці будуць — вялікае пытанне.

Паводле інфармацыі «Коммерсанта», прадугледжаная планамі ступень інтэграцыі — «вышэйшая, чым у ЕС». Плануецца, што з 2021 года на наднацыянальны ўзровень адыдуць мытны кантроль (аж да стварэння агульнай мытнай службы), а таксама энергапалітыка. Магчыма, гаворка ідзе пра з’яўленне саюзнага рэгулятара рынкаў газу, нафты і электраэнергіі. Ужо праз паўтара года краіны могуць уніфікаваць макраэканамічную і прамысловую палітыку, стварыць супольныя рынкі транспарту, гандлю, сувязі, дзяржзакупак, перайсці да сумеснага валютнага кантролю, банкаўскага і фінансавага нагляду, каардынаваць дзеянні на рынку працы і ў сацыяльных пытаннях. Акрамя таго, «Коммерсантъ» паведамляе пра планы па ўніфікацыі гаспадарчага заканадаўства, у прыватнасці, Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў.

Пры гэтым расійскае выданне не надрукавала ніводнага скану ці фотаздымку атрыманых ім дакументаў. Аўтар артыкула, намеснік галоўнага рэдактара «Коммерсанта» Дзмітрый Бутрын на запыт беларускіх калегаў дзяліцца паперамі не стаў. Так што, можа быць, гэта сапраўды «ўкід»: «Коммерсантъ» неаднаразова быў заўважаны ў гэтым — асабліва ў моманты, калі беларуска-расійскія стасункі перажывалі праблемныя часы.

Але тое, што гэта «ўкід», — не азначае, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Як мінімум, пакуль ніхто з адказных асобаў яе не зняпраўдзіў. Як ад прэс-сакратаркі Лукашэнкі, так і ад прэс-сакратара Пуціна мы даведаліся толькі тое, што ёсць нешта «святое — суверэнітэт і незалежнасць краін» (Наталля Эйсмант) і «публікацыі ў СМІ па гэтым пытанні маюць папярэдні характар» (Дзмітрый Пяскоў). Тое, што матэрыял «Коммерсанта» не адпавядае фактам, не сказаў ніхто.

Гэта і дало падставу экспертам разважаць пра тое, што ёсць. Большасць з аналітыкаў (нават сам аўтар публікацыі ў расійскай газеце Дзмітрый Бутрын) адзначаюць — гэта «грамадзіна планаў» наўрад ці будзе рэалізаваная. Прынамсі, у тыя тэрміны, якія пазначаныя ў інтэграцыйных дакументах. «Так увогуле не бывае», — эмацыйна заявіў той жа Бутрын «Еўрарадыё».

Сапраўды, што такое, напрыклад, «агульны мытны кантроль»? Дэ-факта, гэта павінна азначаць, што Беларусь далучыцца да расійскіх «антысанкцый» і будзе давіць бульдозерамі польскія яблыкі? Выглядае вельмі фантастычна.

Больш за тое, калі мытны кантроль адыдзе на «наднацыянальны ўзровень», у чыю казну будуць пералічвацца мытныя пошліны і плацяжы? Як было заяўлена, пра стварэнне нейкага агульнага банку «Саюзнай дзяржавы» і агульнай валюты размова не ідзе. Дык куды пойдуць грошыкі?

Тое ж самае з «саюзным рэгулятарам рынкаў газу, нафты і электраэнергіі». Пад чыім кантролем будзе гэты «рэгулятар» і якія ў яго будуць паўнамоцтвы? Куды пойдуць грошы за транзіт нафты і газу па беларускай тэрыторыі, калі будзе «адзіны рэгулятар»? Дый увогуле — ці паверыць хто ў тое, што Аляксандр Рыгоравіч добраахвотна злезе з «краніку»? Толькі нядаўна ён застрашваў Расію нацыяналізацыяй нафтаправоду «Дружба», а зараз будзе ствараць «саюзны рэгулятар»?

Як будзе выглядаць агульны з Расіяй «фінансавы кантроль» ва ўмовах беларускай «бітвы за ўраджай» і шалёнай фінансавай падтрымкі нашай хранічна стратнай сельскай гаспадаркі?

Зусім бяда з «уніфікацыяй падатковага заканадаўства». Мы самі з падаткамі часцяком разабрацца не можам, а тут нам яшчэ падкінуць на лапаце… Нават Еўрасаюз, якому ўжо шмат гадоў, мае асобныя падаткі ў асобных краінах, а мы раптам выбежым «наперадзе планеты ўсёй»? Не, гэта ж вам не Мінскі паўмарафон…

Не варта забывацца і на тое, што Расія — федэрацыя, і мясцовыя падаткі ў Татарстане і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе адрозніваюцца вельмі моцна. Гэта вам не ўнітарная Беларусь! І пытанне тое ж — куды і каму будуць пералічвацца «саюзныя» падаткі? У чый бюджэт? А можа, Крэмль такім завуаляваным чынам вырашыў увесці ў Расіі беларускі «падатак на дармаедаў»?

Тое, што прапісана ў дакументах, якія апрылюдніў «Коммерсантъ», мы, безумоўна, маглі б зрабіць — калі б ад моманту падпісання дамовы аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» ў 1999 годзе мы б павольна, але паслядоўна рухаліся б у гэтым кірунку. Але за 20 гадоў нічога такога зроблена не было. І, гледзячы на «планы» і «дарожныя карты», нас чакаюць яшчэ 20 гадоў перамоваў і ўзгадненняў. Нават калі кіраўнікі краін у снежні гэтыя дакументы з помпай падпішуць.