Андрэй Ягораў: Расія паступова зацягвае пятлю на шыі Беларусі

Тэма інтэграцыі Беларусі і Расіі абмяркоўваецца не першы год, але апублікаваныя 16 верасня выданнем «Коммерснатъ» планы, па сутнасці, эканамічнага паглынання нашай краіны выклікалі моцны рэзананс. Наколькі насамрэч сур’ёзная пагроза аб’яднання з Расіяй і што ў гэтай сітуацыі можа зрабіць грамадства, «Новаму Часу» распавёў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

1523612839_53102439.jpg


— Дваццаць гадоў беларусы чуюць пра інтэграцыю з Расіяй. Наколькі сур’ёзна тое, што цяпер адбываецца ў адносінах паміж дзвюма краінамі?

— Адносіны Беларусі і Расіі заўсёды былі супярэчлівымі. Пасля распаду Савецкага Саюза яны грунтаваліся на схеме сімвалічнай лаяльнасці Беларусі геапалітычным інтарэсам Расіі. Калі Пуцін узяў неаімперскі курс, для Расіі гэтая лаяльнасць на постсавецкай прасторы была надзвычай важная. І Беларусь гандлявала сімвалічнымі акцыямі свайго суверэнітэту, нічога ў рэальнасці не абменьваючы, але атрымліваючы эканамічныя прэферэнцыі. Гэта не толькі перапродаж нафты альбо зніжаная цана на газ, але і доступ да вялікага расійскага рынку (каля 50 адсоткаў нашага экспарту — гэта экспарт у Расію). Гэтая схема прывяла да моцнай эканамічнай залежнасці Беларусі. І адносіны складваліся такім чынам, што Беларусь хацела ўсё больш прэферэнцый, а Расія — большай лаяльнасці і інтэграцыі, якой Беларусь не можа ёй даць.

Яшчэ ў 2015 годзе я пісаў, што Беларусь будзе наступнай пасля Украіны, і цяпер, магчыма, пачынаецца атака Расіі на Беларусь. Ёсць некалькі сцэнараў, якія мог бы выкарыстаць Крэмль. Канешне, гэта можа быць вайсковы сцэнар. Хутчэй за ўсё, планы, падобныя да ўкраінскага, ёсць і пра Беларусь. Але іх выкарыстанне — гэта вялікі кошт для Расіі, якая знаходзіцца пад санкцыямі. Таму быў абраны другі сцэнар — эканамічнае ўдушэнне. Трэба разумець, што гэта — не аднаразовае дзеянне. Расія паступова зацягвае пятлю на шыі Беларусі, і гэта доўгатэрміновая стратэгія.

Цяпер ідзе гаворка пра рэалізацыю палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. І на першы план выходзяць палітычныя ўмовы ўзнаўлення эканамічнай падтрымкі нашай краіны. Атрымліваецца, што тыя рэчы, якія не працавалі 20 гадоў, кшталту дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, сталіся «ружжом на сцяне», якое вісела, і якому надышоў час стрэліць. Яна прадугледжвае стварэнне дзяржавы з агульнымі органамі кіравання, парламентам, вельмі шчыльнай эканамічнай інтэграцыяй, агульным грамадзянствам, мытнай, банкаўскай сістэмамі і гэтак далей. І калі ўявіць, што гэтая дамова будзе выкананая ў поўным аб’ёме, то суверэнітэт Беларусі знікне. Мы захаваемся на ўзроўні нейкай аўтаномнай акругі ў межах федэрацыі. Ніякай роўнасці не будзе.

І нават калі пакуль гаворка ідзе толькі пра эканоміку, гэта крок да выканання палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая ў перспектыве вядзе да знікнення беларускага суверэнітэту.

— Якія высновы можна зрабіць з інфармацыі, апублікаванай расійскім выданнем?

— Нават калі думаць, што гэта праўда (хаця я не ўпэўнены, але ж мы не ведаем), то гаворка ідзе пра адаптацыю расійскага заканадаўства ў Беларусі. Напрыклад, увядзенне адзінага Падатковага кодэксу. Узнікае пытанне: гэта расіяне пазычаць нашу сістэму падаткаабкладання, ці мы — расійскую? Мне здаецца, што першы варыянт неверагодны. Ці агульны Грамадзянскі кодэкс — гэта татальнае змяненне прававога ландшафту Беларусі.

— А не можа быць варыянту распрацоўкі новага агульнага заканадаўства?

— Я думаю, гэта як скрыжаваць вужа і вожыка. З моманту стварэння дамовы аб Саюзнай дзяржаве ўвесь час гавораць пра ўніфікацыю заканадаўства, але яна немагчымая, таму што ў нас розныя эканамічныя мадэлі.

Паводле «Коммерсанта», пакуль не прадугледжваецца ўвядзенне адзінай валюты, але прадугледжваецца ўзгадненне правілаў банкаўскага рэгулявання і крэдытнай палітыкі — і гэта крок на шляху да адзінай валюты. Падпісаныя дакументы дадуць магчымасць Расіі патрабаваць ад Беларусі выканання канкрэтных палажэнняў, якія раней яна не выконвала. У стратэгіі доўгатэрміновага ўдушэння Беларусь будуць прымушаць не толькі падпісаць дарожныя мапы, але і ісці па іх. А гэта, зноў жа, шлях да Саюзнай дзяржавы. Да 2022 года ці, можа, трошкі пазней мы пакрокава будзем губляць свой суверэнітэт і дойдзем да стварэння агульных палітычных інстытутаў. І, як сёння Беларусі амаль немагчыма выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза, гэтак жа цяжка будзе сысці ад падпісаных дамоваў.

— Навошта ўвогуле Расіі інтэграцыя з Беларуссю, калі ёй гэта эканамічна не выгадна?

— Ёй гэта трэба з пункту гледжання місійных неаімперскіх установак кіруючай эліты і, у прыватнасці, Пуціна. Яны жадаюць вялікай Расіі з кантролем усёй постсавецкай прасторы. Так, гэта пацягне эканамічныя страты, але цяпер логіка расійскай эліты не грунтуецца на рацыянальных падставах, і сімвалічна-палітычныя рэчы маюць значна большае значэнне. Пратэсты ў Маскве сведчаць, што палітычнае становішча ў краіне неспакойнае, таму трэба кампенсаваць унутраныя страты знешнімі поспехамі. Калі Крым адыграў добрую ролю ў падтрыманні рэжыму Пуціна, прыкладна такіх жа настрояў могуць чакаць ад далучэння Беларусі.

Ёсць яшчэ спекулятыўная рэч, звязаная з тым, што ў 2024 годзе Пуцін мусіць нейкім чынам працягнуць свае паўнамоцтвы. І адзін з варыянтаў гэтага — прыняцце Канстытуцыйнага акта аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у якой Пуцін становіцца прэзідэнтам, такім чынам пазбягаючы неабходнасці змянення расійскай Канстытуцыі. Гэта адзін з варыянтаў, якія цяпер абмяркоўваюцца, і, у залежнасці ад хуткасці, з якой Беларусь будзе інтэгравацца, ён можа быць рэалізаваны.

andrei_yahorau_wikimedia.org.jpg

Андрэй Ягораў

— Вы ўзгадалі пра чаканыя настроі расіян у выніку меркаванага аншлюсу. А што можна сказаць пра настроі беларусаў?

— Пераважная большасць беларусаў — ад 60 да 75% (у залежнасці ад таго, як задаваць пытанне) — стаіць на пранезалежніцкіх пазіцыях. Яны не жадаюць інтэгравацца ні з Расіяй, ні з Еўропай, а хочуць жыць у самастойнай краіне. Тых, хто хоча інтэгравацца ў адзіную дзяржаву з Расіяй, паводле сацыялагічных апытанняў, 10–12%. Іншая справа, прарасійская накіраванасць беларусаў звязаная з тым, што мы добра ставімся да суседзяў. Але пры гэтым беларусы — незалежнікі. З іх даволі значная колькасць тых, хто гатовы актыўна бараніць Беларусь. Паводле апытанняў, 15–20% гатовыя выходзіць на абарону краіны ў выпадку ўзброенага канфлікту — гэта дастаткова шмат. І гэта не дае магчымасці выкарыстоўваць у Беларусі «зялёных чалавечкаў», бо беларусы гатовыя бараніць сваю незалежнасць. А Расія разумее, што вайна — тое, на што яна зараз не можа пайсці, бо гэта значна даражэй, чым эканамічнае ўдушэнне.

Але цікава тое, што гэтых 75% людзей, якія стаяць на пранезалежніцкіх пазіцыях, не бачна, яны не непакояцца з нагоды інтэграцыі. Гэта людзі з бізнесу, супрацоўнікі ІТ-кампаній, звычайныя жыхары беларускіх гарадоў. Я праводзіў невялічкі эксперымент і пытаўся ў лю­дзей, як яны ставяцца да магчымага аб’яднання. І яны вельмі хутка і ясна пачыналі выпрацоўваць аргументы на карысць незалежнасці.

Цяпер важна даць гэтым настроям праявіцца, паказаць, што грамадства не жадае ні эканамічнай, ні палітычнай інтэграцыі. Калі вывесці гэтыя настроі на паверхню, гэта можа быць значным аргументам, у тым ліку для беларускіх элітаў, каб не падпісваць тыя дамовы. Для іх гэта можа стаць пэўным алібі. Бо я не думаю, што беларускія эліты жадаюць інтэграцыі, для іх гэта вымушаны крок. Таму добра, што зараз з’яўляюцца розныя кампаніі і петыцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, якія дазваляюць народным настроям выйсці на паверхню.

— Але ж цягам існавання незалежнай Беларусі эліты толькі і робяць, што набліжаюць гэтую інтэграцыю, не надта прыслухоўваючыся да меркавання народа. Што можна зрабіць цяпер, каб яго пачулі? Петыцыі — гэта добра, але ж яны не маюць рэальнай моцы...

— Беларускія эліты не імкнуцца да інтэграцыі, яны проста хочуць выкарыстоўваць Расію для ўтрымання ўласнай улады. Але гэтая мадэль прывяла да таго, што яны самі сябе загналі ў пастку, дзе Расія можа прымяняць стратэгію эканамічнага ўдушэння Беларусі і прымусу да інтэграцыі.

З іншага боку, многія апелююць да таго, што Лукашэнка зможа адбіцца, і многія дзяржаўныя асобы заяўлялі, што няма нічога страшнага ў падпісанні гэтых дамоваў. Але ў мяне няма ніякіх падставаў верыць у тое, што ў іх атрымаецца — без дзеянняў грамадства — захаваць суверэнітэт.

Пытанне суверэнітэту важнае для кожнага грамадзяніна, і перадаваць яго вырашэнне не абраным намі элітам ці Лукашэнку, які гвалтоўна ўтрымлівае ўладу, няправільна. Гэта мая краіна, і я, як грамадзянін, мушу зрабіць нейкія дзеянні, каб яе суверэнітэт быў захаваны. Самі па сабе петыцыі не вырашаць праблему. Але зараз такія маленечкія дзеянні па распаўсюдзе інфармацыі, далучэнне да кампаній па абароне незалежнасці падвышаюць градус грамадскай заклапочанасці. І ёсць шанец, што не толькі беларускамоўныя, апазіцыянеры, дэмакраты — тыя, каго пытанне незалежнасці хвалюе традыцыйна, — аднак і ўсё пранезалежніцкае, але маўклівае грамадства таксама падыме свой голас. І ў гэтым выпадку праігнараваць яго будзе немагчыма. Як было з дэкрэтам №3 у 2017 годзе, калі спантанныя акцыі пратэсту закранулі масы людзей па ўсёй Беларусі. Тое ж магчыма і ў цяперашняй сітуацыі, калі людзі адчуюць пагрозу. А пагроза ёсць.