«Гэта проста найвялікшая подласць». Шушкевіч, Вайтовіч і Анісім — пра выбары
Што адбываецца ў Беларусі з сёлетнімі прэзідэнцкімі выбарамі і чаму грамяць «Страну для жизни»? На гэтае пытанне Свабоды адказалі першы спікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасці Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Савету Рэспублікі, 11-ы прэзідэнт НАН, акадэмік Аляксандр Вайтовіч і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Станіслаў Шушкевіч: «Ціханоўскі небяспечны для Лукашэнкі»
«Лукашэнка робіць выгляд, што ён вельмі актыўна дзейнічае, хоць робіць глупствы — спачатку з каронавірусам, цяпер з адстаўкай ураду, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Але ён пры ўладзе і павінен пастрашыць урад, што нібыта яго абяруць абавязкова, бо фальсіфікацыя адпрацаваная, ніхто нармальна не кантралюе гэтыя выбары. Таму ён робіць выгляд, што ручное кіраванне прывядзе нас да лепшых вынікаў.
Але трэба памятаць аб адным, што побач Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, якія стартавалі з умоваў горшых, чым мы, у іх цяпер у 3–3,5 раза ў сярэднім забяспечанасць насельніцтва лепшая, чым у нас. Вось да чаго прывяла яго цяга да ўлады. А больш ён нічога не здольны рабіць. Нармальны чалавек сорам бы меў і адышоў бы ад гэтай улады».
Станіслаў Шушкевіч у цэлым пазітыўна ацэньвае блогера Сяргея Ціханоўскага.
«Ціханоўскі небяспечны для Лукашэнкі, бо гэта разумны блогер. Ён працуе на ўзроўні вядомых інтэрв’юэраў, такіх як Гардон ва Украіне. Гэта небяспечна, бо ён даходліва для людзей тлумачыць, што ў нас адбываецца, і мае жаданне стварыць краіну для жыцця. Цяпер зробяць яго злачынцам. Калі ў яго зрабілі вобыск, то гэта значыць, што яму шыюць нейкі злачынны артыкул. Гэта проста найвялікшая подласць, калі сілавыя структуры ўмешваюцца ў звычайнае грамадзянскае жыццё. Гэта ў нас заўсёды было і ёсць, цяпер толькі ў яўнай форме, бо Ціханоўскага ўсе ведаюць».
Аляксандар Вайтовіч: «Згадкі пра расстрэл незадаволеных у Андыжане — гэта спроба запалохвання»
«Гэтая кампанія моцна адрозніваецца ад ранейшых, найперш складам прэтэндэнтаў. Гэтым разам выйшлі людзі, якія маюць досвед паспяховай працы на даволі высокіх узроўнях і паказалі, што яны паспяховыя. І адрозніваецца стан грамадзтва», — кажа Аляксандр Вайтовіч.
Аляксандр Вайтовіч лічыць гэтую сітуацыю адлюстраваннем крызісу, у які ўвайшла краіна.
«Ён (крызіс. — РС) даўно назапашваўся і цяпер дасягнуў такіх маштабаў, што гэта выліваецца ў вялікую грамадскую актыўнасць. Гэта відаць як па паводзінах людзей, якія выходзяць на вуліцы, так і па складзе прэтэндэнтаў».
Далейшае развіццё падзей, на думку Вайтовіча, будзе шмат у чым залежаць ад паводзін улады.
«Цяпер бачым проста запалохванне з боку ўлады. Гэтыя згадкі пра кулямёт, з якім у сталіцу Таджыкістану хадзілі, ці пра расстрэл незадаволеных у Андыжане, — гэта спроба запалохвання. Але як гэта будзе ўздзейнічаць на грамадства, як далёка пойдзе ўлада па гэтым шляху запалохвання? Яна спыніцца на гэтых словах ці будзе рабіць нейкія дзеянні?
Магчыма, блогер Ціханоўскі аказаўся небяспечным, таму на яго так і ўздзейнічаюць. Небяспеку ўбачылі ў ягоных дзеяннях і ўплыве на паводзіны вялікай колькасці грамадства».
Алена Анісім: «Лукашэнка хоча развянчаць ідэал змагара за свабоду»
«З’яўленне такіх фігур на палітычным полі, як Бабарыка і Цапкала, — гэта нечакана, — кажа Алена Анісім. — Калі пачаў вылучацца Сяргей Ціханоўскі, то гэта дадало ажыятажу і падагрэла цікавасць да выбараў. Напаверх пачаў выходзіць той факт, што большасць насельніцтва Беларусі хацела б бачыць на самым вышэйшым кіроўным узроўні іншую фігуру, а не Лукашэнку. Фактычна дзейны кіраўнік краіны ператрымаўся на пасадзе і не адчувае гэтага».
Алена Анісім назвала прычыны, дзеля якіх, на яе думку, пераследуюць блогера Ціханоўскага.
«Тое, што цалкам брутальна абыходзяцца з Ціханоўскім, хутчэй за ўсё, сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка мае пераканаўчыя звесткі (ці яму так падаецца) пра тое, хто фінансуе Ціханоўскага, і таму ён хоча развянчаць той ідэал змагара за свабоду, за дэмакратыю, які склаўся ў выніку дзейнасці блогера», — выказвае меркаванне Алена Анісім.
«Апошняя кампанія 2015 года прайшла цалкам па сцэнары Лукашэнкі, — кажа Анісім. — А сёння атрымліваецца, што ўсё выходзіць з-пад кантролю. Нягледзячы на жорсткі татальны кантроль нашых спецслужбаў, на палітычным полі з’яўляюцца гульцы, якіх не маглі прадбачыць і якія не праглядаліся. Таму гэта нэрвуе, гэта злуе, і адсюль такое жаданне ўсе пратэсты, увесь негатыў народны проста задушыць у зародку».