Вайна з драмы ператвараецца ў бясконцае свята

Праблема будучыні — гэта не праблема цаны на нафту, а праблема нацыянальнай ідэнтычнасці.

henealahicznae_dreva.jpg

Гэты тэкст быў напісаны яшчэ 4 траўня, г.зн. да пачатку афіцыйных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню «нашай Перамогі». Цэнтральным элементам святкавання, напэўна, мусіў стаць выступ адзінага палітыка (АП) — такая традыцыя. Аднак і не слухаўшы прамову, можна меркаваць, што мы пачуем гэтым разам. Думаю, прагучыць прыкладна тое ж, што ў мінулым, пазамінулым і ва ўсіх папярэдніх выступах па гэткіх жа лёсавызначальных для беларусаў нагодах.

Годны адказ атрымаюць тыя, хто «зробіць спробы перапісаць гісторыю, забраць у нашага народа Вялікую Перамогу». А такіх ва ўмовах росту міжнароднай напружанасці і ідэі сусветнага панавання, што адраджаецца чарговым разам, з кожным днём становіцца ўсё больш. Яны растуць — ну зусім як грыбы пасля дажджу.

Свой шанец быць згаданай ёсць і ў так званай «пятай калоны», прадстаўнікі якой спяць і бачаць, як бы чарговым разам арганізаваць нешта «з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры краіны». На постсавецкай прасторы ва ўсіх «так называемых» сёння свята. Але радуюцца яны дарэмна. У Беларусі ніколі не будзе так, як у Арменіі, бо ёсць каму забяспечваць бяспеку дзяржавы, падтрымаць стабільнасць.

Зрабіць даклад няма каму

На думку мастацтвазнаўцы Алега Генісарэцкага, антонімам здрады з’яўляецца не вернасць, а самазванства — г.зн. агучванне прэтэнзій на валоданне чым-небудзь ці ўспадкаванне чаго-небудзь. Як гэта рэалізуецца на практыцы, нам рэгулярна дэманструе АП. У рэдкім выступе на тэму «нашай Перамогі» не гучыць безапеляцыйная заява: «Мы — нашчадкі вашай Перамогі».

Мы — гэта хто? Усе беларусы ці толькі тыя, што здольныя аб’ядноўвацца пад стрэхамі канструктыўных арганізацый грамадзянскай супольнасці (ветэранскіх, прафсаюзных, моладзевых, жаночых і да т.п.)? Тут міжволі прыгадваюцца не названыя ў Канстытуцыі Усебеларускія народныя сходы, якія прымаюць рашэнні, абавязковыя для дзяржаўных органаў. Яны сапраўды ўсебеларускія? Калі так, дык чаму ў 2006 годзе афіцыйна зарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін быў збіты людзьмі без апазнавальных знакаў пры спробе прыняць удзел ва ўсенародным веча? Чаму сабраныя больш за 100 тысяч подпісаў не паслужылі яму пропускам на гэтую вакханалію прамога народаўладдзя?

Згодна з канстытуцыйным рэферэндумам 1996 года, святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі было перанесенае на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў. Галасавалі беларусы дружна. Не без дапамогі абноўленага ЦВК яўка падскочыла на 20 працэнтных пунктаў у параўнанні з рэферэндумам 1995 года (з 64,8% да 84,1%).

Галасуючы за перагляд мінулага, беларусы трымалі ў розуме будучыню. Але пабудова будучыні патрабуе намаганняў — у тым ліку творчых. Тыя, хто ў Беларусі вось ужо чвэрць стагоддзя занятыя будаўніцтвам «дзяржавы для народа», сваю здольнасць да творчасці не дэманструюць. Не выключана, што па прычыне асабістай сціпласці.

Для таго, каб пераканацца ў справядлівасці высновы наконт творчай імпатэнцыі, дастаткова звярнуцца да пасажаў Паслання–2018, прысвечанага будаўніцтву беларускай АЭС.

Працы на Астравецкай пляцоўцы пачаліся ў 2011 годзе. У 2019-м павінен быць запушчаны першы рэактар. Падстаў для сур’ёзных хваляванняў быццам бы няма, калі б не адно «але». Ні адзін «з сотні навукоўцаў, тысячы спецыялістаў у сістэме Мінэнерга і Мінбудархітэктуры» да гэтага часу не знайшоў магчымасці зрабіць уцямны для АП даклад, «як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны». На коне 10 мільярдаў долараў грошай падаткаплацельшчыкаў, а дакладаць няма каму!

Ну як тут не пагадзіцца з дырэктарам «Лявада-цэнтра» Львом Гудковым, што «ўлада, якая пазбаўленая вобразаў або праектаў будучыні, асуджаная на павольную дэградацыю, і мусіць несці вялікія выдаткі на тое, каб трымаць пад кантролем незадаволенасць і сацыяльны пратэст, што будуць нарастаць».

Культура не бывае нічыя

Наконт хуткасці дэградацыі беларускай улады я б з мэтрам расійскай сацыялогіі паспрачаўся. Што ж да выдаткаў на стрымліванне пратэстаў — тут за прыкладам далёка хадзіць не трэба: 3 мая на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі АП запатрабаваў «літаральна паспець атрымаць максімум выгады з кан’юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах».

Цяпер знешнеэканамічныя ўмовы спрыяльныя. Нафта даражэе. Даходы бюджэту растуць. У гэтай сувязі АП нагадаў аматарам аказваць дзяржаўную падтрымку прадпрыемствам (ураду) і скарачаць дзяржаўны доўг (фінансістам), што «бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработную плату бюджэтнікам, падтрымку найбольш уразлівых слаёў насельніцтва».

У год пятых прэзідэнцкіх выбараў (2015) рэальныя грашовыя даходы беларусаў скараціліся на 6%. Пры гэтым мітусні з нагоды сацыяльнай палітыкі на вяршыні ўладнай «вертыкалі» зафіксавана не было. Але часы мяняюцца, пра што, дарэчы, пастаянна нагадвае АП. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ўплыў падзей у Арменіі на палітыку (адмова ад рэферэндуму), а цяпер — і на сацыяльна-эканамічную сферу з кожным днём выяўляецца ўсё больш выразна. З улікам жа ўзроўню адкрытасці працэсаў выпрацоўкі палітычных рашэнняў у Беларусі неабходна памятаць, што назіральнікам у нас даступная толькі вяршыня айсберга.

Цэны на нафту валацільныя (ад англ. «volatility» — «зменлівасць»). Але праблема будучыні — гэта не праблема цэнаў на нафту і газ, не праблема эканомікі. «Гэта перш за ўсё, — тлумачыў культуролаг Андрэй Пеліпенка, — праблема этна-культурнай ідэнтычнасці: таго сэнсавага комплексу, які складае аснову існавання грамадства».

Культура не бывае нічыя. Выдатна сказана! Шкада, што не мною, таму працягну цытаванне: «Дыялог культур — гэта не сімфонія «агульначалавечых каштоўнасцяў», якіх ніколі не існавала, а ўзаемадзеянне спецыфічнасцяў. Часам гарманічнае, але часцей — канфліктнае, і гэта цалкам нармальна».

Аднак для эфектыўнага ўдзелу ва ўзаемадзеянні спецыфічнасцяў неабходна, як мінімум, вызначыцца з уласнай спецыфічнасцю, інакш атрымаецца, як у вядомай прымаўцы пра рыбку...

АП, які пачынае адлік беларускай дзяржаўнасці ад «нашай Перамогі», тым самым адмаўляецца ад тысячагадовай гістарычнай пераемнасці. Але, на шчасце, ёсць беларусы, што не асацыююць сябе з праўладнай большасцю і яе кумірам. І такіх у рэспубліцы-партызанцы не менш за 30%! Праблем з усведамленнем сваёй прыналежнасці да Еўропы яны не адчуваюць.

Подзвіг без трагедыі

Сярод падзей ХХ стагоддзя, якімі ганарацца беларусы, Перамога па-за канкурэнцыяй. У якасці прадмета гонару яна ўдвая апярэджвае здабыццё дзяржаўнай незалежнасці і не пакідае ніякіх шанцаў Кастрычніцкай рэвалюцыі — 78%, 40% і 5% адпаведна (НІСЭПД, сакавік 2013 года).

За такой сацыялогіяй нескладана разгледзець вушы яшчэ дасавецкай прапаганды. «Дарагі Леанід Ільіч», які змяніў Хрушчова на пасадзе генеральнага сакратара ЦК КПСС у выніку крамлёўскай змовы, адчуваў відавочны дэфіцыт легітымнасці. Перамога ў вайне яго гарманічна запоўніла. З аналагічнай праблемай на постсавецкай прасторы сутыкаюцца і многія незмяняльныя лідары. Таму кола прапаганды круціцца сёння не толькі ў сілу інерцыі, але і ў выніку пастаяннага падсілкоўвання ўсімі відамі рэсурсаў з боку дзяржаў.

Дзяржаўныя міфы, зрэшты, як і любыя міфы, працуюць на спрашчэнне. Без гэтага яны не могуць прэтэндаваць на папулярнасць. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ў грамадскай свядомасці застаецца пераважна трыумфальны бок вайны, а трыумф не пакідае месца для разумення, для працы над памылкамі.

«Вайна з драмы такім чынам ператвараецца ў бясконцае свята, яе сэнс затуманьваецца рытуаламі, парадамі і салютамі. Атрымліваецца трыумф без смутку. Эмоцыі без думкі. Подзвіг без трагедыі». Гэтую цытату я запазычыў з дакладу Свабоднага гістарычнага таварыства «Якое мінулае патрэбна будучыні Расіі» (2017). А якое мінулае трэба будучыні Беларусі?

Калі рабіць высновы паводле выступаў АП, дык за мінулае можна быць спакойным, таму што «мы нікому не дазволім фальсіфікаваць гісторыю Вялікай Айчыннай. Мы трапятліва і беражліва ставімся да яе...»

Залатыя словы. Але як яны рэалізуюцца на практыцы? У год 70-годдзя Перамогі толькі 41% беларусаў чулі пра існаванне сакрэтных пратаколаў да Пакту Молатава — Рыбентропа і верылі ў іх, 15% — чулі, але думалі, што гэта фальшыўка, а 44% — пра гэта не ведалі і не здолелі нічога адказаць.

Усё правільна. «Перамога — гэта святое! І дакранацца да яе можна толькі чыстымі рукамі і з чыстай душой» (АП). Але калі так пойдзе і далей, то хутка беларусы будуць адмаўляцца верыць, што на шосты дзень вайны немцы занялі Мінск. Для асабліва дапытлівых растлумачу, што разліковы тэмп маршу (маршу, а не наступу!) пяхотнай дывізіі — 20 кіламетраў на дзень, а адлегласць ад Мінска да Брэста складае больш за 350 кіламетраў.