Юрась Губарэвіч: Святкаванне 25 сакавіка адбудзецца ў любым выпадку

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў арганізатарам у правядзенні Дня Волі 25 сакавіка. Адзін з заяўнікаў шэсця сябра Руху «За свабоду» Аляксандр Русакевіч атрымаў у аўторак адказ ад сталічнай выканаўчай улады.

Акцыя 25 сакавіка 

Акцыя 25 сакавіка 

Там прызнаюць, што 6 студзеня атрымалі ліст пад назвай «Абавязальніцтвы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)», аднак заяўляюць, што «ліст не ўтрымлівае заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства і інфармацыі, якая прадугледжаная для такіх зваротаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах».

Апроч таго, «звяртаем увагу, што вамі парушаны артыкул 8 Закону, у адпаведнасці з якім арганізатары масавага мерапрыемства, а таксама іншыя асобы да атрымання дазволу на яго правядзенне не маюць права аб’яўляць у СМІ, глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт альбо іншых інфармацыйных сетках аб месцы і даце яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай лістоўкі, плакаты і іншыя матэрыялы», — адзначана ў адказе Мінгарвыканкама. Паводле чыноўнікаў, у сувязі з гэтым «станоўча вырашыць разглядаемае пытанне не ўяўляецца магчымым».

Па словах старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, Мінгарвыканкам меў магчымасць адказаць заяўнікам за пяць дзён да меркаванай акцыі, але даслаў ліст ужо цяпер, праз месяц пасля падачы заяўкі на правядзенне мерапрыемства.

«Наперадзе мы маем яшчэ дастаткова часу, каб нейкім чынам скарэктаваць узніклую сітуацыю альбо падаць новую заяўку ці, урэшце, разабрацца, чаму яны маюць не ўвесь пакет дакументаў. У дасланым заяўнікам лісце ёсць спасылка, што не ўсе дакументы патрапілі на разгляд сталічных чыноўнікаў. На маё меркаванне, гэта хіба не заяўнікаў, а самога Мінгарвыканкама, бо ўвесь пакет — і заява, і абавязацельствы па правядзенні мерапрыемства — падпісваліся на офісе Руху «За Свабоду» і пры мне адвозіліся ў сталічны выканкам», — адзначае Юрась Губарэвіч.

Чаму гэта магло здарыцца? На думку палітыка, гэта недахопы ў працы чыноўнікаў са зваротамі грамадзян. «Часта там адмаўляюцца прымаць дакументы з рук у рукі, патрабуюць дасылаць іх праз паштовую скрыню, якая знаходзіцца на ўваходзе, і зараз гэта дае ім магчымасць сцвярджаць, што не ўсе неабходныя паперы да іх патрапілі. Хутчэй за ўсё, яны проста вырашылі пацягнуць з канкрэтным адказам, бо нагоды для адмоваў няма, але маршрут шэсця, на маё меркаванне, іх таксама не задавальняе», — кажа лідар Руху «За Свабоду».

Нагадаем, што першапачаткова акцыя была запланавана на 25 сакавіка, збор у 14.00-14.30. Яна мусіла працягнуцца да 15.30. Арганізатары прапанавалі Мінгарвыканкаму наступны маршрут: пляцоўка ля будынку Акадэміі навук, потым шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе меркавалася завершыць акцыю.

«Наўрад ці мы будзем адмаўляцца ад запланаванага маршрута, бо, па нашых агульных меркаваннях, ён павінен праходзіць па цэнтральных вуліцах Мінска. Тое, што пры падачы заяўкі мы адмовіліся ад правядзення мітынгу, — гэта ўжо свайго кшталту кампраміс. Бо дазволы на мітынг улады апошні дзясятак гадоў ці нават больш даюць толькі на плошчы Бангалор. Лепшым выйсцем з гэтай сітуацыі было б правядзенне перамоваў сяброў аргкамітэту з адказнымі чыноўнікамі Мінгарвыканкаму», — лічыць Юрась Губарэвіч.

Чаму ўлады адмаўляюць у дазволе правесці шэсце нават не да Плошчы Незалежнасці ці да Кастрычніцкай плошчы, але проста да парку Купалы? «Яны баяцца дэманстрацыі таго, што вельмі шмат людзей у Беларусі маюць альтэрнатыўную пазіцыю, па-іншаму ацэньваюць тое, што робіць улада ў дачыненні да беларускай гісторыі, нацыянальных святаў, — выказвае меркаванне палітык. — Але трэба дадаць, што кожнае падобнае мерапрыемства, калі яно адбывалася ў Мінску раней, брала на ўзбраенне і іншыя актуальныя на дадзены момант лозунгі. Зараз адбываецца актыўная кампанія па зборы сродкаў з людзей, якія страцілі працу альбо не могуць працаўладкавацца, якіх лада лічыць дармаедамі, і гэта выклікала сур’ёзнае грамадскае напружанне. Таму ўлады баяцца, каб людзі не скарысталіся афіцыйным дазволам і не выйшлі пратэставаць на цэнтральныя вуліцы горада Мінска».

Тым не менш, сказаў суразмоўца, акцыя 25 сакавіка ў беларускай сталіцы адбудзецца. «Яна пройдзе ў любым выпадку, нягледзячы на тое, якое рашэнне прыме Мінгарвыканкам. Але ў іх ёсць магчымасць зрабіць так, каб усё адбылося ў законным рэчышчы, і проста выдаць дазвол на правядзенне мерапрыемства», — падсумаваў Юрась Губарэвіч.

Сярод заяўнікаў адзначэння гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — прадстаўнікі Руху «За Свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ і аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».