Лукашэнка заявіў, што вайна ва Украіне «зацягваецца», і прысабечыў лаўры Зяленскага

Лукашэнка 5 траўня даў інтэрв'ю Associated Press, фрагмент якога з’явіўся на сайце агенцтва. У ім ён заявіў, што беларускія ўлады «рабілі і робяць цяпер усё для таго, каб гэтай вайны не было».

scale_1200__4__1.webp


Ён распавёў, што не думаў, што «спецыяльная ваенная аперацыя» Расіі ва Украіне так зацягнецца. «Але я недастаткова пагружаны ў гэтую праблему, каб сказаць, ці ідзе яна па плане, як кажуць рускія, або так, як я гэта адчуваю. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, я адчуваю, што гэтая аперацыя зацягнулася», — сказаў Лукашэнка.

Па яго словах, Беларусь катэгарычна не прымае ніякай вайны.

«Мы рабілі і робім цяпер усё для таго, каб гэтай вайны не было», — заявіў ён (цытата прэс-службы Лукашэнкі). Ён таксама заявіў, што менавіта па ініцыятыве «беларускага боку» былі пачатыя перамовы паміж Украінай і Расіяй.

Нагадаем, перад нападам Расіі на Украіну Лукашэнка неаднаразова казаў, што Кіеў пратрымаецца тры-чатыры дні. Сёння 70-ты дзень з пачатку нападу Расіі.

Раніцай 24 лютага Расія напала на Украіну. Для ваеннага ўварвання выкарыстоўвалася ў тым ліку тэрыторыя нашай краіны, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай акта ваеннай агрэсіі. Пры гэтым у папярэднія гады Лукашэнка не раз публічна заяўляў, што ніхто і ніколі з Беларусі не будзе атакаваць Украіну.

Ужо 25 лютага Зяленскі прапанаваў Расіі перамовы па спыненні вайны. Расія ў адказ запатрабавала, каб гэтыя перамовы праходзілі ў Беларусі. Спачатку Украіна адмаўляла гэты варыянт, але потым вымушана на яго пагадзілася.

Першыя раўнды перамоваў прайшлі ў Беларусі, але потым яны перамясціліся ў Турцыю.