«Спынім пастаўкі ГЗМ». Лукашэнка расказаў, што будзе рабіць у выпадку расійска-ўкраінскага канфлікту

У выпадку ваенных дзеянняў беларуская армія павядзе сябе «так, як расійская», заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву.

60556141_303_logo_1.jpg


— Адна небяспека — што яны (Украіна) распачнуць вельмі сур'ёзныя акцыі ў кірунку Данецка і Луганска. Я сказаў нядаўна падчас «Вялікай размовы», калі ўкраінец мне задаў пытанне, «вы будзеце вар'ятамі, калі сутыкнецеся з Расіяй. І мы не будзем з вамі». Мы адрэжам усякія пастаўкі не толькі ГЗМ (гаруча-змазачных матэрыялаў), з Расіяй разам, і электрычнасць, — заявіў Лукашэнка.

Працягваючы казаць пра сітуацыю ў рэгіёне, ён задаўся пытаннем: «Мы тут што, жарты жартуем на паўднёвай мяжы?». А на пытанне Салаўёва, ці арганізаваныя вучэнні «супраць Украіны», удакладніў, што «калі трэба будзе — і супраць Украіны, і супраць НАТА».

— Мы намалявалі чырвоныя лініі. Наступіў на чырвоную лінію — атрымлівай, — працягнуў ён.

— Атрымлівай што? Ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны? — перапытаў Салаўёў.

— І не толькі — усё, што толькі ёсць.

Пры гэтым Лукашэнка ўпэўнены, што гэта «амерыканцы штурхаюць на вайну» Украіну. Ён таксама лічыць, што Кіеў не будзе ваяваць з Мінскам, таму што «гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні».