Расія дапаможа Беларусі аплаціць даўгі і падтрымаць ЗВР

Гэта вынікае з тэксту дэкрэта Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Дакумент з усімі праграмамі з'явіўся ў адкрытым доступе. На яго звярнуў увагу сайт banki24.by.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Дакумент змяшчае некалькі асноўных напрамкаў па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на перыяд 2021-2023 гг. У прыватнасці, у спіс магістральных напрамкаў увайшлі:

  • правядзенне адзінай структурнай макраэканамічнай палітыкі і стварэнне агульнага фінансавага рынку;
  • стварэнне адзінай эканамічнай прасторы і забеспячэнне роўных умоў гаспадарання;
  • гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства;
  • правядзенне адзінай падатковай палітыкі, а таксама адзінай гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі ў адносінах да трэціх краін, міжнародных арганізацый і аб'яднанняў;
  • фарміраванне і выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы (мае на ўвазе адаптацыю бюджэтнага працэсу Саюзнай дзяржавы да бягучых задач развіцця інтэграцыйных адносін);
  • правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне аховы працы, сацыяльнай абароны насельніцтва, пенсійнага забеспячэння;
  • уніфікацыя грамадзянскага заканадаўства і вызначэнне асноў стварэння ўласнасці Саюзнай дзяржавы;
  • забеспячэнне рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года і нарошчванне расійска-беларускага супрацоўніцтва.


Апошні пункт сярод пералічаных напрамкаў прадугледжвае распрацоўку праекта Асноўных напрамкаў рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гг. і зацвярджэнне гэтага дакумента. Праект павінен быць распрацаваны не пазней за 31 снежня 2022-га, а зацверджаны не пазней за 31 снежня 2023-га.
Таксама Беларусі будзе аказана садзейнічанне "ў пытаннях удасканалення сістэмы дзяржаўных фінансаў для падтрымкі макраэканамічнай і бюджэтнай збалансаванасці, рэфінансавання дзяржаўнага доўгу і падтрымання міжнародных рэзерваў".
Даведачна: на пагашэнне дзярждоўгу ў 2022 годзе ўлады накіруюць 6,936 млрд. BYN (2,453 млрд. USD), на абслугоўванне – 3,522 млрд. BYN (1,246 млрд. USD). Агульныя плацяжы па дзярждоўгу чакаюцца на ўзроўні 3,698 млрд. USD у эквіваленце.
У 2022 годзе Беларусі трэба вярнуць 3,343 млрд. BYN (1,182 млрд. USD) па крэдытах Расіі, 2,486 млрд. BYN (879,2 млн. USD) па аблігацыях на ўнутраным рынку, 1,653 млрд. BYN (584,5 млн. USD) па крэдытах банкаў Кітая, 1,12 млрд. BYN (398,6 млн. USD) па крэдытах ЕФСР, 483,1 млн. BYN (170,8 млн. USD) па крэдытах МБРР і 1,285 млрд. BYN (454,4 млн. USD) па аблігацыях на знешніх рынках.