ЗША: Расія не абавязкова распачне вайну ва Украіне — гэта толькі адзін з варыянтаў
Дарадца прэзідэнта ЗША выказаўся пра магчымыя дзеянні Расіі ў канфлікце вакол Украіны. Масква можа абраць кібератакі, анексію Данбаса, поўнамаштабнае ўварванне або дыпламатыю, мяркуе Джэйкаб Саліван, піша www.dw.com. Напад адаб'ецца на лёсе "Паўночнага патоку-2", адзначылі ў Белым доме.

Дарадца прэзідэнта ЗША Джэйкаб Саліван
Прамое ўварванне Расіі ў суседнюю краіну з'яўляецца толькі адным з варыянтаў развіцця канфлікту вакол Украіны. Такую пазіцыю дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйкаб Саліван выказаў у эфіры тэлеканалаў ABC, NBC і Fox News у нядзелю, 6 лютага. Па яго словах, Масква можа звярнуцца да кібератакаў, анексіі Данбаса або пайсці на поўнамаштабнае ўварванне. Атака можа адбыцца як у бліжэйшыя дні, так і ў бліжэйшыя тыдні, лічыць прадстаўнік Белага дома.

Інфаграфіка: расійскія войскі каля Украіны
Такое развіццё
падзей пагражае Украіне стратай вялікай колькасці чалавечых жыццяў, вдзначыў
дарадца Джозэфа Байдэна. Але Вашынгтон мяркуе, што эскалацыя канфлікту дорага
абыдзецца Расі ў стратэгічным плане і ў тым ліку не дазволіць запусціць
газаправод "Паўночны паток-2", адзначыў ён. Масква можа абраць і шлях
дыпламатыі, дадаў Саліван.

Напярэдадні шэраг амерыканскіх і сусветных СМІ са спасылкай на даныя арміі і спецслужбаў ЗША паведамілі, што Расія засяродзіла ў раёнах паблізу ўкраінскай мяжы 70 працэнтаў вайскоўцаў і сродкаў, неабходных для буйнамаштабнага нападу. Да сярэдзіны лютага колькасць расійскіх салдат каля Украіны можа дасягнуць 150 тысяч, лічаць у ЗША. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па-ранейшаму пакідае за сабой усе сцэнары, упэўненыя прадстаўнікі спецслужбаў Злучаных Штатаў.