«Прапагандысцкае відэа з трупамі». ЗША абвінавацілі Расію ў падрыхтоўцы падставы для ўварвання ва Украіну

Міністэрства абароны ЗША заявіла, што Расія можа апублікаваць сфабрыкаваны відэазапіс нападу на людзей і яго можна будзе выкарыстоўваць як падставу для нападу на Украіну. Афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі сказаў, што такі ролік можа ўяўляць сабой «вельмі натуралістычнае прапагандысцкае відэа, у якім будуць фігураваць трупы і акцёры, якія паказваюць  людзей у жалобе, а таксама кадры разбураных аб'ектаў», піша ВВС.

Global Look Press

Global Look Press

Паводле слоў Кірбі, такі «фальшывы напад» можа альбо «адбыцца» на расійскай тэрыторыі, альбо быць накіраваны супраць рускамоўных жыхароў на ўсходзе Украіны. Як сцвярджаюць ЗША, у роліку таксама можа быць паказаная вайсковая тэхніка — украінская ці пастаўленая Украіне Захадам. «Задача з'яўлення такога відэа — падкрэсліць пагрозу бяспецы Расіі і апраўдаць вайсковыя аперацыі», — сказала журналістам крыніца ў Вашынгтоне.

Амерыканскія чыноўнікі кажуць, што агучваюць гэтую інфармацыю, каб прадухіліць падобнае развіццё падзей. «Мы дакладна не ўпэўненыя ў тым, што [Расія] пойдзе па гэтым шляху, але мы ведаем, што гэта адна з магчымасцей, якія разглядаюцца», — сказаў у эфіры MSNBC намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы Джонатан Файнер.

Афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю агенцтву ТАСС пракаментаваў заявы ЗША так: «Гэта не першае падобнае абяцанне. Раней падобныя таксама агучваліся. Але так нічога і не выходзіла».


Не першая заява

Як адзначае карэспандэнт ВВС Пол Адамс, у апошнія тыдні амерыканскія і брытанскія чыноўнікі ўжо не ўпершыню кажуць пра намер Расіі стварыць падставу для ўварвання ва Украіну. Ва ўсіх гэтых выпадках гаворка ішла пра вельмі незвычайнае абнародаванне «цалкам сакрэтнай інфармацыі», аднак мэта заўсёды была відавочнай: папярэдзіць Расію, што за яе планамі старанна сочаць.

У сярэдзіне студзеня Кірбі заявіў, што Масква падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення ўзброенай правакацыі на ўсходзе краіны, каб стварыць такім чынам падставу для ўварвання. Амбасада Расіі ў Вашынгтоне назвала гэта ўкідам і інфармацыйным ціскам.

Брытанская выведка, у сваю чаргу, апублікавала даныя, паводле якіх Расія мае намер прывесці да ўлады ва Украіне прарасійскіх палітыкаў і ўсталяваць марыянеткавы рэжым у Кіеве. Але чацвёра з пяці пералічаных Лонданам палітыкаў, з якімі, паводле звестак Форын-офіса, падтрымліваюць сувязі расійскія спецслужбы, цяпер жывуць у Маскве, што робіць іх сувязі з Расіяй хутчэй публічна даступнай інфармацыяй, чым данясеннем выведкі.


Краіны Захаду лічаць, што Расія ў бліжэйшы час можа пачаць ваенную аперацыю супраць Украіны. Паводле ацэнак NATO, на межах Украіны сканцэнтравана больш за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў, у Пентагоне мяркуюць, што нічога такога не адбывалася з часоў «халоднай вайны».

Масква настойвае, што не мае намеру пачынаць агрэсію супраць Украіны, а перамяшчэнні расійскіх войскаў на расійскай жа тэрыторыі не павінны нікога турбаваць. Пры гэтым Расія патрабуе ад NATO даць ёй гарантыі бяспекі і зачыніць дзверы альянса для Украіны.

NATO настойвае, што дзверы альянса застаюцца для Украіны адчыненымі, а нядаўнія прапановы аб гарантыях бяспекі Расію не задаволілі.