ЗША ўвялі санкцыі супраць некалькіх грамадзян Беларусі

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць некалькіх грамадзян Беларусі, прозвішчы іх не называюцца. ЗША таксама адзначаюць, што будуць працягваць супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека і злоўжыванні ў Беларусі.

Фота РіА «Новости»

Фота РіА «Новости»

Санкцыі былі ўведзеныя за дзейнасць гэтых людзей за мяжой, "накіраваную супраць дысідэнтаў". Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

Візавыя забароны супраць гэтых асоб уведзеныя “за іх удзел у сур'ёзнай экстэрытарыяльнай дзейнасці па барацьбе з дысідэнтамі. Злучаныя Штаты асуджаюць усю падобную дзейнасць, у тым ліку спробу гвалтоўнай рэпатрыяцыі беларускай алімпійкі Крысціны Ціманоўскай падчас летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа ў мінулым годзе”.

У заяве адзначаецца, што ЗША “вітаюць намаганні Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці па падтрымцы і абароне правоў спартоўцаў ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі”,  і выказваюць салідарнасць з “Ціманоўскай ды ўсімі іншымі, хто сутыкнуўся са спробамі рэжыму прымусіць спыніць крытыку”.

Злучаныя Штаты пацвярджаюць сваю падтрымку народу Беларусі і яшчэ раз заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, палітычнай апазіцыі, спартсменаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых беларусаў; неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных; распачаць шчыры дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю; выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека; правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным наглядам.