Краіны Балтыі абмяркуюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі

Прэм'еры краін Балтыі ў пятніцу абмяркуюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта 3 лютага заявіла прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас, паведамляе postimees.ee. Яна збіраецца ініцыяваць разгляд гэтага пытання.

kajak.jpg

У чацвер эстонскі ўрад заявіў, што ўводзіць дзяржаўныя санкцыі ў дачыненні мінеральных алеяў з Беларусі, якія мелі код 2707 і не патраплялі пад агульнаеўрапейскія санкцыі ад чэрвеня 2021-га. Нядаўна ў Эстоніі выбухнуў палітычны скандал, паколькі высветлілася, што за 2021 год транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз эстонскую тэрыторыю вырас утрая ў параўнанні з 2020 годам. Талін на гэта аператыўна адрэагаваў. Калас заявіла, што ад дзеянняў Эстоніі залежыць «эфектыўнасць санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі», а таксама міжнародны аўтарытэт краіны.

«Мы таксама звяртаем увагу на гэты прабел на міжнародным узроўні — Эстонія прапануе ўвесці санкцыі ў дачыненні да гэтай групы тавараў на ўсёй тэрыторыі Еўрапейскага Саюза», — кажа эстонскі прэм'ер-міністр. Абмеркаванне прэм'ераў краін Балтыі стане спробай выпрацаваць агульную пазіцыю па гэтым пытанні.

Паводле «Еўрарадыё».