Эстонія ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму
Эстонія ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Пра гэта прэм'ер-міністарка краіны Кая Калас заявіла на прэс-канферэнцыі 2 лютага.
Яна адзначыла, што ў Эстоніі даволі вялікі тавараабмен з Беларуссю, піша «Еўрарадыё».
«Той тавар, які перавозіцца цяпер праз Эстонію, не знаходзіцца пад санкцыямі. Але мы павінны абмяркоўваць, наша мэта — аказаць уплыў на рэжымы Беларусі і Расіі. Нам трэба абмеркаваць, як уводзіць і ўжываць санкцыі. Мы вырашылі ўвесці дадатковыя санкцыі, пад якія трапіць тавар, які правозіцца цяпер», — цытуе словы кіраўніцы ўрада postimees.ee.
Некалькі дзён таму ў краіне ўзнік вялікі палітычны скандал пасля публікацыі журналісцкага расследавання. Яно паказала, што за 2021 год транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію вырас утрая ў параўнанні з 2020 годам. Усё гэта адбывалася на фоне міжнародных санкцый супраць беларускага рэжыму, у тым ліку эканамічных.
Каментуючы гэты скандал, Калас казала, што невыкананне санкцый зніжае міжнародны аўтарытэт Эстоніі.