Ад Навальнага да Казахстана. Як беларуская тэма перабівае трэнды сусветнай палітыкі

Нягледзячы на тое, што свет скрозь ліхаманіць ад розных катаклізмаў, сітуацыя ў Беларусі застаецца ў мэйнстрыме.

ezgif.com_gif_maker__1__1.jpg


Паўтара года ў Беларусі гаспадарыць грамадска-палітычны калапс. Выбары, пратэсты пасля выбараў, рэпрэсіі пасля пратэстаў. Санкцыі пакет за пакетам, супрацьстаянне з «калектыўным Захадам», самалёт з Пратасевічам, крызіс з мігрантамі. За плячыма астранамічныя прысуды для палітвязняў, перад вачыма хвалі эміграцыі, на носе рэферэндум, запланаваны на канец зімы.
Жыццё ідзе, і як ні дзіўна, беларуская тэматыка не знікае з міжнароднага парадку дня. Яна трывае ў сусветных медыях, у прамовах уплывовых палітыкаў, у рашэннях заходняй супольнасці. І ўсё ёй хоць бы што — нават самыя гучныя падзеі ўсепланетнага маштабу.
Што паспяхова перажыў у публічнай прасторы паслявыбарчы беларускі крызіс? Якія геапалітычныя сюжэты аказаліся не ўстане яго засланіць? Што паціху адышло ў гісторыю, хаця напачатку выглядала доўгайграючым сцэнаром? Усяго хапала — і войнаў, і крыві, і чалавечых трагедый… Галоўнае з таго, на што вы паспелі забыцца, сёння нагадае НЧ.

Верасень — лістапад 2020. Вайна ў Карабаху

karabax.jpg



Пасля распаду Савецкага Саюза Арменія з Азербайджанам суседнічаюць надзвычай складана. Прычына — спрэчная тэрыторыя Нагорнага Карабаху, якую кожны з бакоў лічыць спрадвеку сваёй. Іскрыць там заўсёды, а вось увосень 2020-га, калі ў Беларусі яшчэ працягваліся мірныя пратэсты, у Закаўказзі распачалася сапраўдная вайна.
Авіяцыя, бронетэхніка, артылерыя — якая зброя там толькі не выкарыстоўвалася. Натуральна, што не абышлося і без тысяч забітых. Падтрыманыя Турцыяй, азербайджанцы ў выніку перамаглі і прысабечылі частку спрэчнай зямлі, і на выгадных умовах падпісалі акт аб перамір'і. Не падтрыманыя ў належнай меры Расіяй, армяне прайгралі і былі вымушаная з усім пагадзіцца.
Заява аб спыненні агню была падпісана 10 лістапада. Грымела і страляла ў Карабаху 44 дні. 10 снежня ў Баку зладзілі сапраўдны Парад Перамогі.
У прайграўшай Арменіі пасля вайны распачаўся палітычны крызіс. З пратэстамі, з выступленнямі родных загінулых — і ў рэшце рэшт датэрміновымі парламенцкімі выбарамі. Правячая партыя ў выніку перамагла, прэм’ер Мікол Пашынян захаваў пасаду, аднак незадаволенасць у армянскім грамадстве захавалася.
А Нагорны Карабах між тым дагэтуль застаецца тэрыторыяй раздора. Час ад часу там зноў успыхваюць сутычкі, гучыць страляніна. Але свет прыняў новую рэчаіснасць і перагарнуў старонку.

Cтудзень 2021. Арышт Навальнага



navalny_2.jpg


Напачатку мінулага года галоўны апазіцыянер Расіі вырашыўся на адчайны крок — вярнуцца на радзіму з Германіі, дзе давялося доўга лячыцца пасля атручвання ў самалёце. Свой камбэк Аляксей Навальны абставіў максімальна гучна: зняў чарговы выкрывальны фільм пра рэжым Уладзіміра Пуціна, зрабіў колькі адпаведных заяў у сацсетках, заклікаў сваіх шматлікіх прыхільнікаў да пратэстаў.


За рухам борта Берлін — Масква 17 студзеня 2021 года сачылі ў анлайне мільёны. Аляксей Навальны з жонкай Юліяй былі яго самымі знакамітымі пасажырамі. Аднак сенсацыі пасля прызямлення не здарылася — кіраўніка Фонда барацьбы з карупцыяй затрымалі, і ў няволі ён перабывае дагэтуль, і колькасць крымінальных спраў працягвае расці.


Былі ў Расіі і пратэсты ў выніку арышту апазіцыянера. У розных гарадах вялікай краіны — ад Уладзівастока і Хабараўска да Пецярбурга і Масквы — людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць нязгоду ўладам. Пратэсты паступова здушылі. Актыўных удзельнікаў затрымалі. Паплечнікаў Навальнага аднаго за другім выціснулі за мяжу, а некаторых арыштавалі. Пабыўшы ў медыйным эпіцэнтры некалькі тыдняў, кейс Аляксея Навальнага сышоў з першых старонак.

Люты 2021. Ваенны пераварот у М’янме

myanma.jpg


Год таму далёкая азіяцкая краіна нечакана аказалася ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Пасля парламенцкіх выбараў, на якіх упэўненую перамогу атрымала Нацыянальная ліга за дэмакратыю на чале з нобелеўскай лаўрэаткай Аун Сан Су Чжы, уладу сілавым шляхам захапілі вайскоўцы. Яны абвясцілі аб дзяржаўным перавароце, увялі надзвычайнае становішча і заявілі, як у той песні, «далей дзейнічаць будзем мы».


Адразу пасля перавароту ў краіне ўспыхнулі пратэсты. Спачатку мірныя, потым яны памалу набылі гвалтоўны характар, з мноствам ахвяр. Сусветныя СМІ падрабязна асвятлялі падзеі ў 50-мільённай краіне. Праблематыка палітычнай сітуацыі ў М’янме абмяркоўвалася на высокім, уключаючы ААН, міжнародным узроўні. Адусюль гучалі заявы аб спыненні гвалту і мірным вырашэнні крызісу.


Там і па сёння неспакойна. Хунта, якой кіруе генерал Мін Аун Хлайн, кіруе, але яе праціўнікі не здаюцца. Яны перайшлі на нелегальнае становішча і сям-там вядуць сваю зацятую герылью.
«Мясцовыя групы супраціву, якія ўзніклі пасля перавароту, штодзённа ўступаюць у сутычкі з узброенымі сіламі М'янмы. Яны становяцца ўсё больш майстэрскімі ў нападзе на войскі і аўтакалоны з дапамогай засад і самаробных выбуховых прылад. Яны таксама значна лепш узброеныя, чым нават некалькі месяцаў таму», — такі каментар нядаўна даў расійскім «Известиям» эксперт з міжнароднай арганізацыі Crisis Group Рычард Хорсі.
Але ці далятаюць навіны з М’янмы да еўрапейскіх кантэкстаў? Адказ відавочны: не. У значнай меры гэта тлумачыцца адлегласцю — дзе тая Паўднёва-Усходняя Азія і дзе цэнтр Еўропы.

Жнівень 2021. Талібы ў Афганістане

ezgif.com_gif_maker_2.jpg


Калі за палётам Аляксея Навальнага ў Маскву свет назіраў цягам аднаго вечара, то за наступам руха «Талібан» на Кабул — усё лета мінулага года. Наступ быў уражлівым, бо, так бы мовіць, удала сышліся зоркі — ЗША акурат заявілі аб вывадзе з Афганістана ўласных вайскоўцаў.
У сярэдзіне жніўня талібы ўвайшлі ў сталіцу. Прыхільнікі сустракалі іх з вялікай радасцю, але тое была радасць не для ўсіх. Баючыся вяртання законаў шарыяту, дзясяткі тысяч афганцаў беглі ад старой-новай улады за мяжу. Прыйшлося паскарацца і амерыканскім армейцам — ды так, што іх зыход з Афганістану месцамі нагадваў уцёкі. Лічыцца, што якраз у тыя дні Джо Байдэн страціў значную частку свайго палітычнага рэйтынгу, які цяпер вельмі стараецца вярнуць.
Другога прышэсця талібаў баяліся не толькі ў Афганістане, але ўвогуле ў рэгіёне. Асцерагаліся, што ідэйным хлопцам з «калашамі» стане цесна ў родных межах і яны пачнуць экспартаваць сваю ідэалогію. Найперш — у Таджыкістан, адкуль недалёка і да Расіі. Карацей, чакалася, што «Талібан» у сусветным прайм-тайме — гэта ўсур’ёз і надоўга.


Яно і ёсць усур’ёз. Талібы — дарма, што прызнаныя тэрарыстамі — зараз актыўна ўсталёўваюць сувязі з міжнароднай супольнасцю (у студзені дэлегацыю прымалі ў Нарвегіі). Імкнуцца даказаць, што не такія яны страшныя і з імі можна мець справу. Пераканаць пакуль не атрымліваецца, але ж сусветнае гучанне афганская тэма страціла.

Студзень 2022. Пратэсты ў Казахстане

kazax.png


Крывавыя разборкі ў Казахстане пасля навагодніх святаў — надта свежае паданне, каб узгадваць забытыя дэталі. Падвышэнне коштаў на звадкаваны газ адчыніла ў краіне сапраўдную скрыню Пандоры. Пратэсты спачатку былі мірныя і лакальныя, а потым ператварыліся ў татальныя і бязлітасныя. Ахвяр казахстанцы падлічваюць і па сёння, а заадно робяць і іншыя высновы. Галоўнае — у тым, што скончылася эпоха няўміручага Елбасы Нурсултана Назарбаева. І пачаўся перыяд дзеючага прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева, які абяцае рэформы, дыялог з грамадствам і памалу развейвае культ асобы папярэдніка.


Міжнародная супольнасць колькі дзён выказвала занепакоенасць і заклапочанасць у сувязі з беспарадкамі ў краіне. Расія ішла ў авангардзе войскаў АДКБ, што былі ўведзеныя ў Казахстан. Хмурыў цяжкія бровы Кітай, які звязаны са стэпавай дзяржавай гісторыяй, гандлем і стратэгічным мысленнем. Тэма займала галоўнае месца ў сусветных СМІ — і ўсё яшчэ гучыць, бо інфанагоды даюць наступствы студзеньскай актыўнасці. Але ж ранейшага розгаласу ўжо няма, а ўвогуле навіны з Казахстану маюць затухаючы характар.
Выглядае, што мяцежныя падзеі там амаль скончыліся, краіна вяртаецца да ранейшага жыцця і будзе надалей рэалізаваць стратэгію сваёй шматвектарнасці. Захад у гэтай стратэгіі адыгрывае значную ролю, і вялікіх пытанняў да легітымнай адміністрацыі Такаева ў яго няма.

Мілітарызацыя вакол Украіны

rusia_1.jpg


Гэты геапалітычны эпізод пакуль яшчэ ў развіцці, і любыя прагнозы тут даваць заўчасна. У любым выпадку канцэнтрацыя расійскіх вайсковых частак і баявой тэхнікі абапал Украіны ёсць тэма нумар адзін у свеце. Да яе прыкладаюцца бясконцыя перамовы расійскіх афіцыйных асобаў з «заходнімі партнёрамі», ваяўнічая рыторыка прапаганды і сіметрычныя адказы ЗША і блоку НАТА, якія абяцаюць пакараць рэжым Уладзіміра Пуціна ў выпадку вайсковай экспансіі.
Недзе тут гучыць і Беларусь, бо саюзнік Расіі і рыхтуе супольныя вучэнні ў другой дэкадзе лютага. Бо таксама пагражае знешняму ворагу, якога можна лёгка загнаць за Ла-Манш. Чым усё скончыцца, невядома, хаця аналітыкі ўсё ж схіляюцца да таго, што вайны не будзе. То і добра. То і гэта скончыцца, а беларускі крызіс застанецца.
Канешне, некаму здалёк можа падацца, што і Беларусь з яе сённяшнімі праблемамі больш не рэзаніруе ў сусветным парадку дня. Пратэсты, маўляў, скончыліся, нічога не адбываецца, у грамадстве дэпрэсія, то што ж агарод гарадзіць. Так, але не: на тое і сарцавіна Еўропы, каб прыцягвала міжнародную ўвагу.
Толькі нядаўна стала вядома, што ЗША завялі крымінальную справу на некалькіх беларускіх чыноўнікаў і што салігорскаму калію закрылі шлях у клайпедскі порт. Раней паведамлялася, што рыхтуецца шосты пакет санкцый і што наступствамі можа адгукнуцца хуткі разгляд сітуацыі з пасадкай самалёта Ryanair. Даўно вядома, што Еўропа і Амерыка не прызнаюць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі і не губляюць увагі да палітвязняў.
То-бок крызіс не вырашаны, міжнародная супольнасць не страчвае інтарэсу да Беларусі і рэгулярна нагадвае пра гэта гучнымі заявамі. А што самі беларусы не перагарнулі старонку, сведчыць стабільна нізкі рэйтынг улады ў незалежных сацапытаннях і хаця б нядаўні фільм расійскага блогера Дудзя — колькасць праглядаў там набліжаецца да васьмі мільёнаў.
Фота EPA, РІА «Новости», Reuters, Радыё Азаттык, AP, BBC.