Дасье ў карыкатурах: якім будзе Афганістан пры талібах?
Практычна без баёў захапіўшы Афганістан, талібы прыступілі да будаўніцтва новай дзяржавы. Як будзе выглядаць краіна пасля другога прышэсця радыкалаў?
Першая спроба, нагадаем, мела месца ў 1996-2000 гадах пасля таго, як групоўка выцесніла канкурэнтаў з Кабула. Кіраванне талібаў запомнілася перш за ўсё дзікай рэлігійнай нецярпімасцю. Так, напрыклад, нягледзячы на пратэсты сусветнай супольнасці, у тым ліку і мусульманскіх краін, талібамі былі ўзарваныя помнікі архітэктуры — статуі Буды, якія яны абвясцілі паганскімі ідаламі. Пасля гэтага тых, хто зносіць культурныя помнікі, пачалі называць «талібы». Так, аўстралійскія карыкатурысты параўноўвалі з талібамі нейкую кампанію, якая будавала шахты ў месцы культурнай спадчыны абарыгенаў.
Што чакае Афганістан на гэты раз? Афіцыйны прадстаўнік палітычнага офіса руху «Талібан» Мухамед Наім заявіў, што вайна ў Афганістане з прыходам талібаў да ўлады скончаная. Паводле яго слоў, у краіне будзе сфарміравана ўстойлівая палітычная сістэма, якая гарантуе права ўсім і якая не прадугледжвае далейшай канфрантацыі ні ўнутры, ні звонку. Праўда, у аснове сістэмы будуць не прынцыпы дэмакратыі, а законы Шарыяту. На малюнку выдання USA Today талібы спяваюць пародыю на вядомую песню Джона Ленана «Дайце свету шанц». У іх варыянце яна гучыць як «Дайце свету шарыят!»
Сапраўды, ёсць меркаванне, што талібы цяпер зусім не тыя, што былі нават пару гадоў таму. Яны, па іх словах, зацікаўленыя ў тым, каб краіна, якая перажыла некалькі дзесяцігоддзяў пастаянных войнаў, выбралася нарэшце з сярэднявечча і пачала развівацца. Карыкатурыст брытанскага Evining Standart нават прапануе талібам для стварэння пазітыўнага іміджу выкарыстаць смайлік.
Аднак у многіх ёсць сумневы, што на базе законаў шарыяту можна стварыць талерантнае грамадства. Перш за ўсё гэта датычыцца правоў жанчын. Многія з афганак з жахам успамінаюць часы талібаў, калі нашэнне паранджы зрабілі абавязковым для ўсіх асоб жаночага полу старэйшых за восем гадоў. Ніхто не павінен быў чуць жаночы голас, таму размаўляць на публіцы дзяўчатам дазвалялася толькі вельмі ціха. За выкарыстанне лаку для пазногцяў маглі адсекчы пальцы. Ужо зараз фіксуюцца выпадкі гвалту супраць жанчын. Заходнія выданні публікуюць шмат малюнкаў на тэму бяспраўя жанчын у цяперашнім Афганістане. На малюнку рэсурсу Cartoon Movement таліб уздымае новы сцяг Афганістана — паранджу.
Шмат спрэчак выклікае будучыня сістэмы адукацыі. У свой час талібамі былі забароненыя нават школы для дзяўчынак. Зрэшты, афганскім хлопчыкам таксама нічога не свеціць, калі вучоба будзе насіць клерыкальны характар. На малюнку мастака Сіна Вікінсана настаўнік вучыць школьнікаў, як правільна пабіваць камянямі тых, хто парушыў ісламскія законы.
Зрэшты, рэстаўрацыя ў Афганістане тэакратычнай дыктатуры — гэта яшчэ не самы страшны варыянт. У Афганістане, акрамя «Талібану», ёсць і рэшткі такіх экстрэмісцкіх груповак, як «Аль-Каіда», або «Ісламская дзяржава». Калі яны адновяцца і пачнуць уплываць на ўрад талібаў, Афганістан стане новым глабальным цэнтрам тэрарызму. На малюнку выдання The Week талібы малююць транспарант са словамі «Тэрарысты, сардэчна запрашаем у Кабул!»
Яшчэ адзін магчымы варыянт — успышка рознагалоссяў у шэрагах самога «Талібану»: у групоўцы могуць праявіць сябе радыкальныя дзеячы, якія будуць лічыць сябе абдзеленымі падчас цяперашняй перамогі, прэтэндаваць на пэўныя пасады і званні. Такім чынам, ёсць верагоднасць пачатку барацьбы за перадзел сфер уплыву ўнутры самой талібскай структуры. У такім выпадку краіну чакае новы этап грамадзянскай вайны, вынік якой будзе падобны на вынікі папярэдняй — яго намалаяваў афганскі мастак Chahid. І гэта пакуль самы негатыўны, але, на жаль, і самы верагодны варыянт.