Талібы накіравалі байцоў для захопу Панджшэра. Лідар супраціву Масуд адмовіўся здаць рэгіён
Рух «Талібан» накіраваў сотні байцоў у правінцыю Панджшэр на паўночным усходзе Афганістана, бо «мясцовыя дзяржаўныя чыноўнікі адмовіліся перадаць яе мірным шляхам». Заяву талібаў цытуе AFP, піша «Радыё Свабода».
![Новыя супрацоўнікі афганскіх сіл бяспекі бяруць удзел у вайсковай падрыхтоўцы ў правінцыі Панджшэр, 21 жніўня 2021 года Новыя супрацоўнікі афганскіх сіл бяспекі бяруць удзел у вайсковай падрыхтоўцы ў правінцыі Панджшэр, 21 жніўня 2021 года](/img/v1/images/1aefe684_144c_4a02_964a_9e0724f7d133_w1597_n_r1_st.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Новыя супрацоўнікі афганскіх сіл бяспекі бяруць удзел у вайсковай падрыхтоўцы ў правінцыі Панджшэр, 21 жніўня 2021 года
Афганскі рэгіён Панджшэр стаў самым вялікім да гэтага дня месцам супраціву талібам. Панджшэр размешчаны на поўначы ад Кабула, цяпер у гэтай правінцыі засяроджваюць свае ваенныя сілы прыхільнікі віцэ-прэзідэнта Афганістана Амрулы Салеха. Раней ён абвясціў сябе легітымным кіраўніком дзяржавы і заклікаў супраціўляцца талібам.
Другі лідар супраціву, Ахмад Масуд-малодшы — сын знакамітага палявога камандзіра і былога міністра абароны Ахмада Шаха Масуда, які ў ХХ стагоддзі змагаўся спачатку з савецкай арміяй, а потым і з урадам Махамада Наджыбулы.
22 жніўня талібы запатрабавалі ад Ахмада Масуда-малодшага на працягу чатырох гадзін здаць Панджшэр, інакш удзельнікаў супраціву паабяцалі «пакараць». Лідар супраціву адхіліў ультыматум і адмовіўся здаваць рэгіён. У інтэрв'ю тэлекампаніі «Аль-Арабія» Масуд-малодшы заявіў, што гатовы да перамоў і кампрамісу з «Талібанам», каб пазбегнуць супрацьстаяння. Ён заклікаў сфармаваць шырокі ўрад нацыянальнага адзінства з удзелам талібаў. Аднак, калі яны адмовяцца ад дыялогу, вайна непазбежная, дадаў ён.
Талібы 15 жніўня ўвайшлі ў сталіцу Афганістана Кабул, занялі прэзідэнцкі палац і абвясцілі аб поўным кантролі тэрыторыі краіны. Прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані пакінуў краіну і паляцеў у ААЭ.
Афіцыйны прадстаўнік талібаў Забіхула Муджахід правёў прэс-канферэнцыю і расказаў, якім будзе жыццё ў Афганістане пры іх уладзе. Ён анансаваў увядзенне законаў шарыяту, але запэўніў, што жанчынам дазволяць вучыцца і працаваць. Таксама ён абяцаў ператварыць Афганістан у краіну без наркотыкаў.