Дэелбасізацыя. Чаму Такаеў не павядзе Казахстан за Пуціным і Лукашэнкам

Не прайшло яшчэ і двух тыдняў пасля пачатку пратэстаў у Казахстане, а прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў бліскуча выявіўся майстрам крутога палітычнага манеўру. Тут улева, там управа — і вось ужо ўчорашняя «марыянетка», бяскрыўдны герой назарбаеўскага транзіта становіцца ледзьве не ўладальнікам абсалютнай улады ў вялізнай краіне. Брава. Хто б мог падумаць. А здаваўся такім сціплым-сціплым.

upload_rian_5822344.hr_pic4_zoom_1500x1500_23174.jpg


Не, ад сціпласці 68-гадовы ўраджэнец Алматы дакладна не памрэ. Калі што яму і ўласціва, то гэта візанційскі разлік і ўсходняя тонкасць.
Вось ён кажа пра магчымасць новых выбараў у краіне, ахопленай маніфестацыямі, а вось ужо заяўляе пра 20 тысяч тэрарыстаў, якіх навучалі за мяжой і якія ўмеюць выкрадаць трупы з моргаў. Вось пагражае пратэстоўцам жорсткімі пакараннямі і дае загад страляць без папярэджання, а неўзабаве кажа пра непадсуднасць удзельнікаў мірных мітынгаў. Вось адчайна кліча на дапамогу войскі АДКБ — і літаральна праз некалькі дзён вытурвае іх з казахстанскіх стэпаў. Маўляў, усім дзякуй, усе свабодныя. Далей мы як-небудзь самі.
Хіба не маладзец гэты выпускнік маскоўскага МДІМА і дыпламатычнай акадэміі СССР? Маладзец, вядома.
Але, бадай, галоўны стратэгічны зігзаг, што правёў у бягучым студзені прэзідэнт Такаеў, палягае ў іншым. У тым, што палітолагі дасціпна назвалі дэелбасізацыяй і што яшчэ год таму проста немагчыма было сабе ўявіць. Інакш кажучы, у актыўным і рашучым развянчанні культа былога нацыянальнага лідара, самога Нурсултана Назарбаева. Чалавека, чыё імя прыжыццёва ўпісанае ў пантэоны казахстанскага эпасу.
Памкненне гэтае, варта заўважыць, ёсць не проста замацаванне ўласнай улады і панская паслуга народу, якому даўно абрыдзеў санцалікі Елбасы. Гэта яшчэ і празрысты намёк Маскве (мы тут можам дадаць: і Мінску), што Казахстан абірае іншую будучыню. Ён не будзе крочыць поруч з Расіяй (мы тут можам дадаць: і Беларуссю) у хаўрус пастсавецкіх аўтакратый і ў міжнародную ізаляцыю і. Ён пойдзе сваім шляхам.
Як звязаны ліквідацыя культа Назарбаева і будучая палітычная арыентацыя казахстанскай дзяржавы? — узнікае лагічнае пытанне. Давайце разважаць.
Пасля няўдалай казахстанскай рэвалюцыі Касым-Жамар Такаеў распачаў сапраўды стаханаўскую дзейнасць па дэкананізацыі былога паплечніка і настаўніка Нурсултана Абішавіча. Знішчаецца так званы клан Елбасы: набліжаных да першага прэзідэнта звальняюць, затрымліваюць, вось-вось пачнуць раскулачваць. Разбягаюцца па замежжах яго родныя: хто ў Эміраты, кажуць, хто ў Кітай ці Еўропу. Знікаюць з пачэсных месцаў мудрыя цытаты Назарбаева, таблічкі з яго імя ў назвах вуліц, у грамадстве набывае моц ініцыятыва па вяртанні сталіцы ранейшай назвы Астана. Асабіста Такаеў таксама не маўчыць і ўжо паспеў абвінаваціць састарэлага першага прэзідэнта ў з'яўленні ў краіне сквапнага алігархата, які няспынна п'е народную кроў.

photo_2022_01_05_19_09_16_novyj_razmer.jpg


Маўчыць сам 81-гадовы Назарбаеў, якога апошні раз бачылі на людзях напрыканцы снежня падчас нефармальнага саміта ў Пецярбургу. Прычым цішыня зацягнулася настолькі, што ўсур'ёз абмяркоўваецца пытанне: а ці жывы ўвогуле курылка? Можа, сканаў, не перажыўшы стрэсу, а атачэнне не ведае, як і дзе хаваць? Усё можа быць, аднак мы зараз аб іншым.
Няцяжка ўявіць, з якім жалем назіраюць за цяперашнімі падзеямі ў Казахстане Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. І справа не ў тым, што яны дапамаглі Касым-Жамарту Такаеву справіцца з бунтаўшчыкамі, а той, няўдзячны, зараз робіць усё на свой капыл. Справа ў іншым, і менавіта ў тым, што ў Маскве і Мінску аддаецца болем такое паказальнае руйнаванне светлага вобразу Елбасы.
Бо яны ж аднаго поля, гэтыя правадыры некалі саюзных рэспублік, а цяпер незалежных краін. Выйшлі агулам з савецкага шыняля, кіруюць па 20-30 гадоў, вераць у сваю абраную ролю і спадзяюцца на справядлівую пашану нашчадкаў. Але вось табе на: спадчыну самага старэйшага і вопытнага сёння бязлітасна знішчаюць. І робіцца гэта яўна на патрэбу народу, які даўно ўсё зразумеў. І як тут не прымерыць сітуацыю на сябе. Як тут не расчаравацца ў транзіце як адзіным спосабе спакойна сустрэць старасць. Як тут не пашкадаваць, што кааліцыя роднасных кіраўнікоў не склалася, і не засумаваць над будучыняй.
А Такаеў між тым робіць сваю справу і пралічваючы кожны крок. Цяжка сказаць, як будзе з самім Назарбаевым, калі выявіцца, што ён жывы і добра пачуваецца. Хутчэй за ўсё, экс-лідар нацыі атрымае (калі яшчэ не атрымаў) тонкі намёк на тое, што на радзіме лепш не паказвацца. Яму наўпрост няма месца там, дзе паўстае іншая рэальнасць.
Адрозна ад першага, другі казахстанскі прэзідэнт не выглядае аўтакратам і, магчыма, ім ментальна не з'яўляецца. Ён папуліст, вядома, і менавіта гэтым тлумачыцца не толькі дэсакралізацыя Назарбаева, але і адкручванне назад цэнаў на звадкаваны газ, і крымінальныя справы супраць адказных чыноўнікаў, і іншая ўпадабаная людзьмі рыторыка. Ён разважлівы палітык, і ведае, што ўлада можа трымацца зусім не толькі на штыках.
Пасля падаўлення пратэстаў Такаеў паслядоўна ідзе шляхам прымірэння, вяртання рэпутацыі і мацавання легітымнасці. У абдымках з Расіяй і Беларуссю гэта зрабіць цяжка, а вось Еўропа і ЗША ў тым добра дапамогуць. І Кітай пярэчыць не будзе, тым больш як кажуць нехарошыя людзі, гэта менавіта Пекін паварушыў брывом, каб вайсковыя часткі АДКБ тэрмінова пакінулі Казахстан.
Сілавікі ў Казахстане, канешне, нарабілі ўсяго — паведамляецца і пра гвалт, і пра катаванні, і пра пакаяльныя відэа. Аднак вядомыя чырвоныя рысы такаеўскія падначаленыя ўсё ж, бадай, не перайшлі. Бо нічога не чуваць пра меркаваныя санкцыі калектыўнага Захаду, а славутая занепакоенасць гучыць сцішана і дзяжурна. Гэта значыць, што Казахстан застаецца ў арбіце міжнародных стасункаў, і будзе глупствам іх страчваць, ідучы на залішняе абвастрэнне.
Такаеў і не ідзе. Наадварот, ён паказальна нішчыць назарбаеўшчыну — як цяжкую спадчыну «царскага» рэжыму — і не цураецца прызначыць міністрам інфармацыі «русафоба» Аскара Умарава. Таго даўно вінавацяць у сімпатыях да нацыяналістаў і ў шэрагу брыдкіх выказванняў на адрас паўночнага суседа. Наўрад ці прэзідэнт не ведаў пра такі складаны бэкграунд свайго стаўленіка, аднак жа даў яму зялёнае святло. У Расіі гэты крок адразу назвалі «пляўком на чаравік Пуціну». Але ў Еўропе яўна прынялі як красамоўны знак.
Выглядае, што кірунак Касым-Жамарта Такаева будзе і надалей палягаць на Захад (з якім, дарэчы, Казахстан даўно і плённа гандлюе). І, улічваючы сённяшнюю міжнародную абстаноўку, тая ж Расія анічога з гэтым зрабіць не зможа. Не кажучы ўжо пра Беларусь. Затое аддасць належнае казахстанскае грамадства. Якое, імаверна, яшчэ і прабачыць цяперашняга кіраўніка за ўсё былое-кепскае. І ўхваліць яго за ўсё надзённае-добрае. Калі, вядома, не падманецца ў сваіх чаканнях.
У медыях дзе-нідзе Такаева ўжо называюць імаверным другім Гарбачовым. Гучыць, канешне, дзіўным перабольшваннем, але ж і запыт у Казахстане сёння іншы. Будзе дастаткова, калі другі прэзідэнт не акажацца другім Елбасы.
Фота РІА «Новости», t.me/kaztag_tg.