Улады Казахстана агучылі колькасць загінулых падчас пратэстаў

Гэта першыя афіцыйныя адзнакі колькасці ахвяр.

Пратэсты ў Казахстане

Пратэсты ў Казахстане

Улады Казахстана заявілі, што падчас масавых акцый пратэсту, якія пракаціліся па краіне ў пачатку студзеня, загінулі 225 чалавек, у тым ліку 19 вайскоўцаў і паліцыянтаў. Гэта першыя афіцыйныя адзнакі колькасці ахвяр падзей, падчас якіх былі на некаторы час захопленыя і спаленыя некалькі ўрадавых будынкаў; улады затрымалі некалькі тысяч удзельнікаў выступаў. Між тым стала вядома, што з нацыянальных энергакампаній Казахстана звольненыя Дзімаш Дасанаў і Кайрат Шарыпбаеў, якіх СМІ называюць партнёрамі дачок Нурсултана Назарбаева, Дарыгі і Аліі.
У суботу прадстаўнікі пракуратуры і Міністэрства аховы здароўя рэспублікі паведамілі на сумесным брыфінгу, што падчас выступаў пацярпелі 4578 чалавек. «За час пратэстаў у моргі паступілі 225 загінулых», — сказаў начальнік службы крымінальнага пераследу генеральнай пракуратуры Серык Шалабаеў.
Шалабаеў і прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Асель Артакшынава ўдакладнілі, што 175 загінулых з 225 памерлі ўжо пасля шпіталізацыі. Яшчэ 265 па-ранейшаму шпіталізаваны, 67 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі.
Пасля таго, як выступы ў Казахстане былі задушаныя, улады казалі пра затрыманне каля 8 тысяч чалавек. Аднак на брыфінгу ў суботу прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што ўлады затрымалі 672 падазраваных, 446 з якіх ужо арыштаваны. Па даных пракуратуры, узбуджана 540 крымінальных спраў, у тым ліку 44 па абвінавачаннях у тэрарызме і 34 — у масавых беспарадках.
www.bbc.com