У Осла пачаліся перамовы з талібамі наконт сітуацыі ў Афганістане

Гэта першая сустрэча талібаў з заходнімі чыноўнікамі ў Еўропе пасля захопу ўлады ў Афганістане. У цэнтры перамоў — гуманітарная дапамога афганскаму народу.

Першая сустрэча талібаў з еўрапейскімі чыноўнікамі праходзіць у гэтыя хвіліны ў Осла

Першая сустрэча талібаў з еўрапейскімі чыноўнікамі праходзіць у гэтыя хвіліны ў Осла


Дэлегацыя радыкальнага ісламісцкага руху «Талібан» вечарам у суботу, 22 студзеня, прыбыла ў сталіцу Нарвегіі Осла для ўдзелу ў трохдзённых перамовах з заходнімі чыноўнікамі і прадстаўнікамі афганскай грамадзянскай супольнасці па пытанні аказання гуманітарнай дапамогі жыхарам Афганістана і захавання правоў чалавека ў краіне.
Гэты візіт стане першай сустрэчай талібаў з заходнімі дыпламатамі ў Еўропе пасля захопу ўлады ў Афганістане ў жніўні 2021 года. Дэлегацыю талібаў у складзе 15 чалавек узначальвае міністр замежных спраў у часовым Кабінеце міністраў Афганістана Амір Хан Мутакі.
Перамовы праходзяць у адным з гатэляў у Осла ў закрытым рэжыме. У першы дзень, 23 студзеня, прадстаўнікі талібаў сустрэнуцца з актывістамі, якія займаюцца праблемамі правоў жанчын і праваабаронцамі з афганскай дыяспары. У далейшых сустрэчах з талібамі прымуць удзел таксама дыпламаты Нарвегіі, Еўрапейскага cаюза, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі і ЗША.

Афганская апазыцыя крытыкуе заходніх чыноўнікаў

Прадстаўнік «Фронту нацыянальнага супраціву Афганістана» Алі Майсам Назары раскрытыкаваў Нарвегію за правядзенне перамоў. «Мы ўсе павінны ўзвысіць голас і не дапусціць, каб якая-небудзь краіна нармалізавала тэрарыстычную групоўку як прадстаўнікоў Афганістана», — напісаў Назары, які жыве ў Парыжы, у сваім Twitter.
Кіраўніца нарвежскага МЗС Анікен Хюітфельт заявіла, што сустрэчы, якія маюць адбыцца, не азначаюць прызнання сфармаванага талібамі Часовага ўрада Афганістана. «Але мы павінны пагаварыць з дэ-факта ўладамі краіны. Мы не можам дапусціць, каб палітычная сітуацыя прывяла да яшчэ большай гуманітарнай катастрофы», — падкрэсліла Хюітфельт.
Паводле dw.com.