Турэцкую журналістку арыштавалі за прыказкі: іх палічылі абразай прэзідэнта
Турэцкую журналістку Седэф Кабаш арыштавалі і адправілі за краты пасля інтэрв'ю ў жывым эфіры апазіцыйнага турэцкага канала Tele 1. Кабаш працытавала некалькі прыказак, якія чыноўнікі палічылі абразай у адрас Эрдагана. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на CNN Turk.
Падчас прамога эфіру на канале Tele 1 яна ўспомніла прымаўку «каранаваны становіцца мудрэй» і назвала яе непраўдзівай. Кабаш заявіла, што быдла ў палацы не стане каралём, а палац ператворыцца ў свіран.
Пракуратура горада пачала расследаванне. За гэтыя словы ў кантэксце размовы пра Эрдагана яе затрымалі каля 2:00 22 студзеня і даставілі ў Палац правасуддзя ў Стамбуле. Пракуратура падала ў суд хадайніцтва аб арышце.
Міністр юстыцыі заявіў, што «праклінае выродлівыя словы, якія накіраваныя супраць нашага прэзідэнта, абранага галасамі нашай нацыі».
Некамерцыйная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» адрэагавала на арышт Кабаш заўвагай, што за час прэзідэнцтва Эрдагана па аналагічных абвінавачаннях былі асуджаныя больш за 70 журналістаў.