Мельянцоў: Заклік ПАСЕ вызваліць усіх актывістаў у Мінску праігнаруюць

ПАСЕ заклікае ўлады Беларусі тэрмінова вызваліць усіх актывістаў апазіцыі і правесці расследаванне наконт жорсткага стаўлення да іх і запалохванняў. Але афіцыйны Мінск наўрад ці прыслухаецца да рэкамендацыі ПАСЕ, упэўнены Дзяніс Мельянцоў.

melian3.jpg


Вяртаць статус спецыяльнага запрошанага для парламента Беларусі Парламенцкая асамблея Савета Еўропы не плануе. Гэта вынікае з праекту рэзалюцыі, падрыхтаванай камітэтам ПАСЕ па палітычных пытаннях на падставе дакладу спецдакладчыка па сітуацыі ў нашай краіне Андрэа Рыгоні.

На думку старшага аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова, гэтае рашэнне ПАСЕ не пагоршыць адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Мельянцоў: “Наша краіна з 90-х гадоў мінулага стагоддзя не мае статуса спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ і нельга сказаць, што ёсць нейкая дынаміка ў гэтым накірунку. Праўда, у беларускага боку была надзея, што крыху зменіцца стаўленне да нас з боку ЕС у сувязі з гэтай лібералізацыяй і нармалізацыяй адносінаў з Захадам, але ўсё папсавалі веснавыя пратэсты, пасля якіх была досыць жорсткая рэзалюцыя Еўрапейскага парламента. А рэзалюцыі Еўрапарламента і адозвы праваабаронцаў маюць уплыў і на ПАСЕ. Таму, калі ў Мінска і была нейкая надзея, то яна не спраўдзілася”.

Як бачна, не дапамагло нават тое, што 23 сакавіка бягучага году кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дакладчыкам па Беларусі ПАСЕ Андрэа Рыгоні. Падчас яе ён заяўляў пра неабходнасць прадаўжэння дыялогу краіны з еўраструктурамі. Па словах Мельянцова, дакладчык па Беларусі не з’яўляецца “вырашальным у змене палітыкі ПАСЕ ― ён існуе не ў вакууме і на яго ўплывае шмат розных чыннікаў”. Што не азначае змены яго ўласнага стаўлення да падзей у нашай краіне.

Рэзалюцыя ПАСЕ таксама ўтрымлівае заклік да ўладаў Беларусі тэрмінова вызваліць усіх актывістаў апазіцыі і правесці расследаванне па паведамленнях аб жорсткіх да іх адносінах і запалохванні. Але афіцыйны Мінск наўрад ці прыслухаецца да рэкамендацыі гэтай міжнароднай структуры, упэўнены Мельянцоў.

Тым не менш, у дакуменце гаворыцца, што ПАСЕ выступае за працяг кантактаў з уладамі і незалежнай грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Даклад і рэзалюцыя будуць разгледжаны ПАСЕ 27 чэрвеня.

euroradio.fm