Гадавіна катастрофы. Мірны атам у кожнай хаце
Штогод нам рапартуюць, што мы перамагаем Чарнобыль. Раней «забруджаныя» і адселеныя вёскі раптам становяцца «чыстымі».
У мінулым годзе, напрыклад, кіраўнік дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Уладзімір Чэрнікаў паведаміў, што за апошнія 5 гадоў прыкладна ў дзвюх сотнях населеных пунктаў аднавіўся (знізіўся да нормы) натуральны радыяцыйны фон. «Раз на пяць гадоў ідзе планавая ацэнка зямель... З 1 студзеня 2016 года каля 200 населеных пунктаў афіцыйна стануць чыстымі. Гэта значыць, што там зафіксавана актыўнасць рэчываў менш за 1 Кюры на квадратны кіламетр», — казаў у ліпені мінулага года Чэрнікаў.
Такія хітрыкі чыноўнікаў — не дзіва. Чэрнікаў дзеля заспакаення насельніцтва і прыкладу сваёй ударнай працы паблытаў боб з гарохам. «Чысціня» — гэта не значыць «бяспека». А бяспека залежыць не ад кюры, а ад моцы атрыманай дозы радыяцыі і яе паглынутай дозы.
Сайт Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Беларусі тлумачыць, што «для ацэнкі ўздзеяння на арганізм чалавека выкарыстоўваюцца паняцці «эквівалентная доза» і «магутнасць эквівалентнай дозы». Вымяраюцца, адпаведна, у зівертах і зівертах у гадзіну. У побыце можна лічыць, што 1 зіверт роўны 100 рэнтгенам. Можна паказаць, што кропкавая крыніца радыяцыі актыўнасцю 1 кюры (для пэўнасці разглядаем цэзій–137) на адлегласці 1 метр ад сябе стварае магутнасць экспазіцыйнай дозы прыблізна 0,3 рэнтгена ў гадзіну».
У «бяспечных» раёнах сярэднегадавая доза апраменьвання не павінна перавышаць 1 мілізіверт у год. Улічваючы, што 1 кюры заўсёды ў нас пад нагамі, за колькі часу можна набраць 1 мілізіверт?
Можа быць, менавіта за гэтую эквілібрыстыку Лукашэнка адправіў Чэрнікава ў адстаўку?
Адзін кюры — многа ці мала? Праблемай уздзеяння на арганізм малых дозаў радыяцыі ў нас ніхто не займаецца. А таго, хто займаўся — прафесара Юрыя Бандажэўскага, — спачатку пасадзілі ў турму, а потым выціснулі з краіны.
Напярэдадні 30-годдзя аварыі на ЧАЭС «Грынпіс» зрабіў цікавы даклад-даследаванне: «Атамныя шнары: няспынныя наступствы Чарнобыля і Фукусімы». Неяк дзіўна гэты дакумент закрануў толькі Расію і Украіну. Лічбы па Беларусі — толькі ўскосныя. Тым не менш, у гэтым дакладзе адзначаецца, што ў выніку аварыі на ЧАЭС «па гэты дзень больш за 10 тысяч квадратных кіламетраў зямлі непрыдатныя для эканамічнай дзейнасці, а прыкладна 5 мільёнаў чалавек пражываюць у раёнах, афіцыйна прызнаных забруджанымі, з іх 1,1 мільёна ў Беларусі».
Канешне, «Грынпіс» адзначае, што «ўзровень забруджвання асноўнымі радыёактыўнымі ізатопамі, такімі, як цэзій–137 і стронцый–90, паменшыўся ўдвая ў параўнанні з 1986 годам».
Зразумела, бо ў сярэднім 30 гадоў — перыяд паўраспаду гэтых элементаў. Аднак у дакладзе кажацца і пра тое, што «нягледзячы на тое, што канцэнтрацыя цэзія–137 у большасці сельскагаспадарчых прадуктаў паменшылася, гэтыя ізатопы па-ранейшаму прысутнічаюць у грыбах, ягадах і мясе на забруджаных тэрыторыях, а ў некаторых выпадках іх канцэнтрацыя, наадварот, узрасла».
Афіцыйна «чыстыя» тэрыторыі даюць афіцыйна «чыстую» прадукцыю ўсёй краіне. Такім чынам радыяцыя трапляе па ўсёй краіне, і не куды-небудзь, а непасрэдна ўнутр беларусаў. Той жа прафесар Юры Бандажэўскі, які зараз працуе ва Украіне, у нядаўнім інтэрв’ю інтэрнэт-выданню Naviny.by адзначыў: «Трэба разумець, што радыяцыя пасля выбуху ЧАЭС праз прадукты харчавання распаўсюдзілася па ўсёй краіне. Нават калі малако па нормах з’яўляецца чыстым, але змяшчае пэўную колькасць радыёнуклідаў, гэта дрэнна. У маім разуменні норма — гэта нуль. У прадуктах харчавання наогул не павінна быць радыёнуклідаў. На працягу многіх гадоў, уключаючы савецкія часы, Беларусь з’яўлялася ахвярай радыёактыўнага заражэння. І многае ў частцы негатыўных дэмаграфічных працэсаў і захворвання насельніцтва з’яўляецца наступствам радыёактыўнага ўздзеяння».
І, на яго думку, нават жорсткі кантроль за прадуктамі, зробленымі ў «адносна чыстых» зонах, нам ужо не дапаможа. «Баюся, што сітуацыю немагчыма палепшыць. Гэта тое ж самае, што адсекчы чалавеку галаву і спадзявацца, што ён яшчэ пажыве. Я не бачу, што можна зрабіць. Згублена занадта шмат часу», — адзначае Бандажэўскі.
За апошні месяц нас пакінулі некалькі вядомых асобаў: савецкі палітвязень Сяргей Ханжанкоў, паэт Ніл Гілевіч, мовазнаўца Зміцер Саўка, прадзюсар Ганна Вольская, музычны крытык Вітаўт Мартыненка. І толькі апошні памёр з-за цукровага дыябету, усе астатнія — ад анкалогіі. Здавалася б, пры чым тут Чарнобыль?