30 гадоў пасля катастрофы. Сонечная сям’я з Германіі
Праз дзве
гадзіны размовы з Урсулай і Гертам Штоернагелямі я пераканаўся, што лепшай
метафары для гэтай сям’і знайсці цяжка. Дастаткова паглядзець на іх
агульнае фота.
Ушы і Герт
Калі на ўваходзе ў дом мяне сустрэла саламянае сонца, я адразу падумаў, што гэта вельмі сімвалічна, бо Ірына Грушавая не раз называла сям’ю Урсулы і Герта Штоернагель «сонечнай». Аказалася, сонейка ім падаравала дзяўчынка з чарнобыльскай зоны, якая раней ездзіла на аздараўленне ў Люнебург. І калі Урсула Штоернагель наведвала Беларусь, тая дзяўчынка спецыяльна прывезла на сустрэчу з ёй саламянае сонца — у знак удзячнасці ад сваіх бацькоў.
Праз дзве гадзіны размовы з Урсулай і Гертам Штоернагелямі я пераканаўся, што лепшай метафары для гэтай сям’і знайсці цяжка. Дастаткова паглядзець на іх агульнае фота.
Урсула (Ушы, як яе называюць сябры і знаёмыя) Штоернагель нарадзілася недалёка ад Гановера, у сям’і, дзе было пяцёра дзяцей.
Яе бацька быў эмацыйным, імпульсіўным чалавекам, а маці мела «матэматычны склад розуму», то бок, ва ўсім была надзвычай дакладная. Бацька служыў суперынтэндантам евангелічнай царквы. Сваім дзецям ён вельмі рана дапамог зразумець, што вера і жыццё — адно і тое ж.
Ён быў даволі вясёлым чалавекам, але вайна ўнесла сур’ёзныя карэктывы ў ягоны характар.
У дзень яе пачатку бацьку Ушы вельмі моцна параніла ў Брэсце. Тое, што жыццё параненага выратаваў звычайны беларускі селянін, які данёс яго да вайсковага шпіталя, моцна парушыла ў ягоных вачах міф «варожага народа». Аказалася, людзі па розныя бакі мяжы былі не такімі ўжо далёкімі адзін ад аднаго, як гэта сцвярджала афіцыйная прапаганда.
Так што цяпер сваёй дабрынёй Ушы Штоернагель у нейкім сэнсе дзячыць за тое, што адбылося 22 чэрвеня 1941 года.
Брэсцкім лазарэтам вайна для яе бацькі скончылася. Раненне было настолькі сур’ёзным, што мужчыну камісавалі.
Муж Ушы Герт усё сваё жыццё (да выхаду на пенсію) працаваў пастарам, і ў справах парафіі Ушы яму заўжды дапамагала.
Па жыцці яна вельмі музычны чалавек. Адпаведная адукацыя дазваляла займацца ўсім, што датычыцца музыкі: рыхтаваць канфірмантаў, кіраваць харамі дарослых, моладзі, дзяцей, вучыць граць на розных музычных інструментах.
Дарэчы, у доме сям’і Штоернагель таксама ўвесь час гучалі казачныя гукі музыкі, якія зачароўвалі іх дзяцей з першых хвілін жыцця.
Ушы і Герт выгадавалі шасцёра дзяцей. Дарэчы, Герт заўсёды прымаў даволі актыўны ўдзел у выхаванні, перш за ўсё ўласным прыкладам.
Нарадзіўся Герт Штоернагель на землях, якія цяпер уваходзяць у склад Польшчы, а тады былі германскімі. Пасля вайны яго бацькі пераехалі ў дом, дзе жывуць цяпер, і дзе ў тыя часы жылі бабуля і дзядуля Герта. Потым быў горад Вольсбург, дзе Герт пачаў вывучаць тэалогію.
Паводле яго глыбокага пераканання, Богу было заўгодна, каб на жыццёвым шляху яны сустрэліся з Ушы. Гэта было наканавана нябёсамі. Як і тое, што Герт стаў пастарам.
Дзецям Чарнобыля
У 1991 годзе ў Дортмундзе праходзіў чарговы евангелічны фестываль «Царкоўны дзень». Раней на ўсіх падобных святах Ушы нязменна хадзіла ў павільён, прысвечаны Савецкаму Саюзу. Так было і гэтым разам. Кампанію ёй склалі яшчэ 15 жанчын з парафіяльнага хору.
Менавіта там Ушы Штоернагель пачула жанчыну, якая расказвала пра чарнобыльскія пакуты Беларусі і дзейнасць фонду «Дзецям Чарнобыля». Гэта была Ірына Грушавая.
Цікава, што спачатку Ірыне Львоўне выдзелілі на выступ трыццаць хвілін, потым сказалі — дваццаць, а непасрэдна перад трыбунай тыя ператварыліся ў шэсць. Можна толькі ўявіць, якім эмацыйна-пераканаўчым быў выступ Грушавой. За кароткі час яна здолела літаральна захапіць увагу чатырох тысяч чалавек і, калі меркаваць па ўхваленні Васіля Быкава (пісьменнік быў у зале), атрымалася ў яе вельмі добра.
Дарэчы, не толькі яго ўразіў гэты выступ. Ушы Штоернагель была літаральна ўзрушаная.
Усе, з кім я прыехала ў Дортмунд, думалі гэтаксама і таксама былі моцна ўражаныя.
Адразу пасля выступу мы знайшлі Ірыну і спыталі: што можам (і як) зрабіць? Там жа дамовіліся, што першая група беларускіх дзяцей (33 чалавекі) прыедзе ў наш горад ужо ў кастрычніку 1991 года.
Радавала, што ў залі прысутнічала Эва Бальке, чый адпаведны досвед быў агульнавядомы (у нас пакуль яго не было), што дазваляла ў любы час атрымаць ад яе кансультацыю альбо каштоўную параду.
Ніколі не думала, што з той маленькай дзіцячай групкі пачнецца справа, якая будзе працягвацца па наш дзень…
Напачатку я насцярожвалася ад думкі, як гэта ўсё будуць успрымаць уласныя дзеці, як яны будуць ставіцца да таго, што іх маці не менш, чым імі, займаецца іншымі дзецьмі?
І памятаю, як мне было прыемна ўбачыць, што яны адразу пачалі ўспрымаць гэта ў якасці агульнасямейнай справы, свайго новага абавязку.
Мае дзеці пасябравалі з многімі чарнобыльскімі дзецьмі, з некаторымі перапісваюцца па наш дзень, і нават крыху размаўляюць на вашай мове.
Ініцыятывы Люнебурга
Тая іскра запаліла сэрца не толькі Ушы. Не менш быў узрушаны яе муж, які ўбачыў у тым, што адбылося, Божую падзяку за тое, што сваіх шасцярых дзяцей яны выгадавалі лагоднымі і здаровымі.
Разам па жыцці Штоернагелі ідуць ужо больш за пяцьдзясят гадоў. І палову з іх Ушы каардынуе ўсю чарнобыльскую працу ініцыятывы Люнебурга, а Герт актыўна ёй дапамагае.
Зараз Герт ужо на пенсіі, але аўтарытэт яго з часоў пастарства не стаў меншым.
Ініцыятыва пад кіраўніцтвам Ушы Штоернагель займаецца пераважна аздараўленнем беларускіх дзяцей. Дакладней (на дадзены момант), дзяцей тых чарнобыльскіх дзяцей, якія пачалі ездзіць сюды яшчэ ад пачатку дзевяностых гадоў. За час работы (амаль чвэрць стагоддзя) у Люнебургу пабывала каля паўтары тысячы беларускіх дзетак.
Нямецкі горад Люнебург месціцца ў Ніжняй Саксоніі, у 50 кіламетрах ад Гамбурга. Жыве там больш за семдзясят тысяч чалавек.
Натуральна, за час супрацоўніцтва з Беларуссю адбылося шмат чаго цікавага, але пра некалькі выпадкаў варта расказаць асобна.
Пры евангелічным прыходзе, дзе пастарам служыў Герт Штоернагель, шмат гадоў актыўна дзейнічае хор, пра што ўжо пісалася вышэй. У самым пачатку супрацоўніцтва з Беларуссю было вырашана падрыхтаваць вялікую канцэртную праграму, а на атрыманыя ў якасці ахвяраванняў грошы арганізаваць у Мінску сустрэчу з чарнобыльскім дзецьмі і іх бацькамі.
То бок, ахвяраваныя сродкі пайшлі на тое, каб аплаціць даволі вялікай колькасці «чарнобыльцаў» дарогу да Мінску, пражыванне ў гатэлі «Турыст», ежу, экскурсійную праграму і г.д.
Дзякуючы якаснай арганізацыйнай падтрымцы фонду «Дзецям Чарнобыля» сустрэча адбылася. Усю ноч гатэль нагадваў парушаны мурашнік, бо ў розных пакоях чарнобыльскія дзеці аб’ядналі сваіх бацькоў з іх нямецкімі візаві, а на наступны дзень знаёмства было працягнутае ў актавай зале вялікім агульным канцэртам.
Больш за тое, потым адбылося цалкам неверагоднае. Хору нямецкай Евангелічнай царквы дазволілі праспяваць у галоўнай праваслаўнай царкве Мінска.
Збянтэжаныя вернікі нават пыталіся ў бацюшкі: «Гэта спяваюць нямецкія праваслаўныя?», а ён адказваў: «Гэта спяваюць хрысціяне!»
Праз некаторы час немцы пачалі самі ездзіць у тыя раёны, адкуль прымалі беларускіх дзяцей. У прыватнасці, у пасёлак Камарын, вёскі Верхнія і Ніжнія Жары Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, ад якіх да месца аварыі на ЧАЭС усяго некалькі дзясяткаў кіламетраў.
Менавіта ў тых мясцінах з Ушы Штоернагель сустрэла дзяўчынку Анжэлу, якая акрамя таго, што пакутавала ад радыяцыі, яшчэ хварэла на эпілепсію. Лекаў, якія маглі б ёй дапамагчы, не было ні ў Беларусі, ні ў суседняй Украіне. Бацькі Анжэлы звярнуліся па дапамогу ў Германію.
Ушы набыла лекі. Самастойна на рэйсавым аўтобусе прыехала ў Гомель, а потым — у радыяцыйную вёску, дзе жыла хворая. Лекі былі перададзеныя, прыпадкі ў дзяўчынкі скончыліся. Ушы прыязджала з лекамі дзевяць (!!!) разоў запар, і хвароба адступіла.
Сёння Анжэле ўжо трыццаць гадоў. Яна выхоўвае сваіх дзяцей, а яе старэйшы сын ужо пабываў у Люнебургу.
Не патрэбна і шкодна?
У сувязі з тым, што бацька Анжэлы быў адным з буйных мясцовых начальнікаў, тут прыйдзецца да месца наступны расказ.
Не буду гадаць, хто канкрэтна гэта прыдумаў, хаця ўсім зразумелы адрас падобных правакацый. Скажу толькі, што ў 1992–1993 гадах у замежнай прэсе з’явіліся публікацыі наконт таго, што за мяжу едуць толькі дзеці «партыйных бонзаў», а калі і ёсць выключэнні, то ад гэткіх паездак ім няма карысці, бо «культурны шок» вельмі шкодны для дзіцячай псіхікі. Маўляў, нельга вывозіць дзяцей за межы Беларусі.
Такога кшталту артыкулы ў мінскі фонд «Дзецям Чарнобыля» пачалі дасылаць партнёры з Галандыі, Італіі, Германіі і Канады. Напісаныя яны былі рознымі аўтарамі і называліся, натуральна, па-рознаму, аднак сутнасць была адна і тая ж.
Стала зразумела, што нехта імкнуўся перашкодзіць справе, што пачалася без дазволу ўладаў.
Можна толькі ўявіць, колькі сілаў і нерваў спатрэбілася, каб супрацьстаяць інсінуацыям і плёткам, — але фонду «Дзецям Чарнобыля» гэта ўдалося.
Ініцыятыва ў Люнебургу — адна з тых, хто паверыў сваёй практыцы, а не «ананімным меркаванням», і працягнуў супрацоўнічаць з фондам. Праца гэтая наладжаная з нямецкай скрупулёзнасцю і педантычнасцю.
Спачатку Ушы Штоернагель шукае нямецкія сем’і, якія маглі б прымаць беларускіх дзяцей. У горадзе гэта лічыцца гонарам, таму далёка не ўсім гэты гонар выпадае. Падобнае давяраюць толькі тым, у кім упэўненыя на сто адсоткаў.
Вядомы выпадак, калі бургамістр жадаў дапамагчы і па сваёй ініцыятыве надрукаваў у газеце аб’яву пра тое, што шукае яшчэ дзве сям’і. Жадаючыя знайшліся амаль імгненна, але большасці сябраў лёненбургскай ініцыятывы яны прыйшліся не даспадобы — і ад іх паслуг адмовіліся.
Сур’ёзнасць, з якой немцы штогод рыхтуюцца да прыезду беларускіх дзяцей, папросту ўражвае. Кожная нямецкая сям’я, што прымае гасцей, павінна ведаць рацыён, хваробы, алергіі дзіцяці і г.д.
Усім раздаюцца самаробныя «размоўнікі», дзе напісаныя асноўныя фразы з перакладам з нямецкай мовы на нашу найбольш ужываемых сказаў і адпаведнай транскрыпцыяй.
Потым складаецца агульная праграма, бо, акрамя таго, што дзеці жывуць у нямецкіх сем’ях, яны кожны дзень збіраюцца разам, а два тыдні і ўвогуле адпачываюць на Паўночным моры. Акрамя гэтага, усіх дзяцей абавязкова аглядае стаматолаг, а таксама ўрач, які замярае паказчыкі шчытападобнай залозы.
На жаль, апошнім часам назіраецца відавочны рост радыяцыйнай забруджанасці. Сярэднія паказчыкі аналізаў значна горшыя, чым былі раней.
Часткова гэта тлумачыцца генетычнай спадчыннасцю, але асноўную прычыну шмат хто бачыць у радыяцыйным пыле, які ўзнікае ад шматлікіх пажараў у зоне.
Беларуская прэса мінулым летам пра гэта нічога не пісала, акрамя таго, што гарыць толькі яе ўкраінская частка. На самай справе, гэта было цынічнай хлуснёй, бо беларуская «зона» гарэла не менш, толькі расказваць пра гэта строга забаранялася.
Словам, усё, як 30 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года…
Яшчэ адзін цуд
Як ужо было сказана вышэй, першая група беларускіх дзяцей прыехала ў Люнебург у 1991 годзе. У складзе яе была Ірына Цімафеева. Больш за тое, яна жыла менавіта ў сям’і Ушы і Герта Штоернагель.
Некалькі гадоў пра яе нічога не было чуваць, аднак потым Ірына Цімафеева звярнулася па дапамогу да гэтай сям’і. Патэлефанавала і расказала, што яе дачка Марына з пухлінай мозгу (рак) трапіла ў Бараўляны. Урач сказаў, што тымі сродкамі, якія ў іх ёсць, не магчыма ёй дапамагчы. Тэрмінова былі патрэбныя лекі для хіміятэрапіі, якія можна набыць толькі на Захадзе.
І Ушы Штоернагель іх знайшла. І знаходзіла потым
шмат разоў. Больш за тое, урачы неўзабаве дазволілі Марыне хадзіць у школу.
…На жаль, такія цуды адбываюцца далёка не заўсёды. Асабліва агідна ад таго, што гэтым дзецям можна было дапамагчы, каб мытнікі не канфіскоўвалі лекі наўпрост на мяжы. А яшчэ, каб у школе не вучылі, што Чарнобыль ужо скончыўся і стаў гісторыяй.
Гэта чарговы ўрывак з кнігі Аляксандра Тамковіча “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да Сада Надзеі”, якая прысвечана 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прэзентацыя кнігі адбудзецца 29 красавіка а 14-й гадзіне ў Клубным пакоі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў (праспект Праўды, 11).