Моцная дзяржава і тэарэма Коўза

У Пасланні–2014 слова «карупцыя» згадваецца 38 разоў. Але карупцыя — гэта індыкатар неэфектыўнасці кіравання. Карупцыя — рэакцыя на прымітыўнасць кіравання, на неэфектыўнасць дзяржавы



malybiznes_1.gif

Пачну з цытавання самай саліднай беларускай газеты: «Ровно двадцать лет назад 10 июля 1994 года прошел второй тур первых президентских выборов в Беларуси. Вот цифры Центризбиркома. В списки было включено 7.476.205 избирателей. Проголосовал 5.278.331 человек. 80,34 процента — за молодого политика Александра Лукашенко».

А зараз, увага, пытанне! Які працэнт беларусаў, што маюць права голасу, прагаласаваў за маладога палітыка? Той, хто лічыць, быццам 80,34%, памыляцца. Перачытайце два апошнія сказы з прыведзенай цытаты. Яны як бы зліваюцца ў адзін. Вось што значыць прафесіяналізм. Прагаласавала — гэта прыняло ўдзел у галасаванні. Таму завоблачны працэнт падтрымкі маладога палітыка, пра які на працягу 20 гадоў распавядаюць ён сам і дзяржаўная прапаганда, што абслугоўвае яго (за наш кошт, паміж іншым), — гэта працэнт ад яўкі.

Ад спісачнага ж складу выбаршчыкаў, як нескладана пераканацца пры дапамозе простых арыфметычных дзеянняў, паказчык усенароднай любові ў 1994 годзе склаў 56,7%. Ні ў адной з наступных «элегантных перамог» ён вышэй не ўздымалася. Але міф пра ўсенароднаабранага прэзідэнта разам з міфам пра моцную дзяржаву працягваюць дамінаваць у грамадскай свядомасці і зараз.

Прыгледзімся да апошняга міфа больш уважліва. Дапаможа нам у гэтым амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Рональд Коўз.

Эфект «сапсаванага тэлефона»

Тэарэма Коўза: «Незалежна ад таго, як першапачаткова размеркаваныя актывы, у выніку будзе дасягнута аптымальнае іх размеркаванне, калі трансакцыйныя выдаткі роўныя нулю».

А цяпер я паспрабую апусціць гэтую абстракцыю з аблокаў на нашу грэшную зямлю. У першай частцы тэарэмы (да слова «калі») гаворыцца пра ўсёмагутнасць рынку. Якім бы ні было першапачатковае размеркаванне рэсурсаў, «нябачная рука» Адама Сміта здольная ўсё расставіць на свае месцы, і зрабіць гэта з максімальнай эфектыўнасцю.

На бытавым узроўні гэта азначае, што ў рынкавай эканоміцы, незалежна ад намаганняў з нашага боку, усё рана ці позна павінна ўладкавацца больш ці менш добра. Аднак на практыцы падобнае назіраецца вельмі рэдка. Само сабой, як правіла, усё ўладкоўваецца больш ці менш дрэнна.

Уся справа ў трансакцыйных выдатках (ТВ), пад якімі маюцца на ўвазе выдаткі на заключэнне кантрактаў (збор і апрацоўка інфармацыі, правядзенне перамоў, паслугі юрыстаў і да т.п.).

Аналагам ТВ у механіцы з’яўляецца сіла трэння. Калі б не яна, то аўтамабілі, калі б разагналіся да зададзенай хуткасці, маглі б рухацца па гарызантальных дарогах з выключанымі рухавікамі. Ліквідаваць сілу трэння нельга, але яе можна істотна знізіць за кошт выкарыстання падшыпнікаў, змазачных матэрыялаў, надання аўтамабілям абцякальных формаў.

З ТВ тая ж гісторыя: іх можна паменшыць, але немагчыма ліквідаваць цалкам. Патлумачу гэтую ісціну на прыкладзе фірмы. Чаму фірма, якая павялічваецца ў памерах, пачынае губляць эфектыўнасць? Таму што яе «фізічны» рост патрабуе стварэння дадатковых узроўняў кіравання. Колькасць кіраўніцкіх задач пры гэтым нарастае лавінападобна, справіцца з гэтай лавінай менеджарам элементарна не хапае рацыянальнасці. Кантроль слабее. У выніку пачынаюцца нядобрасумленныя (апартуністычныя) паводзіны, што генеруюць дадатковыя выдаткі.

У рамках беларускай эканамічнай мадэлі большая частка нацыянальнай эканомікі сабрана пад дахам УП «Беларусь», што кіруецца з дапамогай уладнай «вертыкалі». Але не варта цешыцца з нагоды яе вертыкальнасці. Шматлікія кіраўніцкія ўзроўні, па якіх зверху ўніз паступаюць каманды, а знізу ўверх — інфармацыя аб іх выкананні, спараджаюць эфект «сапсаванага тэлефона».

Як тут ні працытаваць расійскага эканаміста Аляксандра Аузана: «Прэзідэнт кажа прэм’еру: «Трэба дапамагчы малому бізнэсу. Яго тэрарызуюць, так жыць нельга, яму трэба развіццё». Прэм’ер кажа чальцам ураду: «Там праблемы ў малога бізнэсу, мы павінны іх вырашаць». Міністр унутраных спраў кажа начальніку ўпраўлення: «Там нешта не тое з малым бізнэсам...  Нешта з гэтым трэба рабіць». Начальнік упраўлення кажа міліцыянту: «Там гэты малы бізнэс дастаў наогул. Тапчы яго да чортавай мацеры!»

Плодзяцца як трусы

Ісландскі эканаміст Трайн Эгертсан сфармуляваў «абагульненую тэарэму Коўза»: «Эканамічны рост і развіццё краіны ў асноўным не залежаць ад тыпу існуючага ўрада, калі выдаткі на трансакцыі ў эканамічнай і палітычнай сферах роўныя нулю. Аднак, калі трансакцыйныя выдаткі станоўчыя, то размеркаванне ўлады ўнутры краіны з’яўляецца найважнейшым фактарам яе развіцця». Як быццам з беларускай мадэлі спісана, пагадзіцеся.

Родная дзяржава, не давяраючы рынку, прызначыла сябе галоўным адказным за рашэнне вытворчых задач. Але асноўным «прадуктам» яе намаганняў у гэтым напрамку сталі ТВ. Яны плодзяцца як трусы.

Варта аддаць дзяржаве належнае, праблему яна ўсвядоміла. У Пасланні–2014 слова «карупцыя» згадваецца 38 разоў. Але карупцыя — гэта індыкатар неэфектыўнасці кіравання. Таму ў шчырасці адзінага палітыка (АП) «выжигать эту нечисть каленым железом» сумнявацца не даводзіцца. Для яго барацьба з карупцыяй — гэта адчайная спроба аднаўлення кіравальнасці ўладнай «вертыкалі».

Да якіх палітычных наступстваў можа прывесці «эта нечисть», паказаў прыклад Украіны: «Я уже говорил, что основа всех украинских и прочих событий, в том числе «арабской весны», состоит в том, что в результате страшной коррупции и поборов до нищеты довели людей и положили экономику. Вот в чем причина всех последних подобных мероприятий. И дело здесь не в американцах».

Страшная карупцыя і паборы — гэта прамыя ТВ для бізнэсу. Ніякіх вытворчасцей, заснаваных на складаных тэхналогіях, у карупцыйным асяроддзі паўстаць не можа, што і дэманструюць эканомікі славянскага трыкутніка (Беларусь—Расія—Украіна). Калійныя ўгнаенні, нафта і нафтапрадукты, газ, металы — вось той няхітры пералік тавараў, які пастаўляецца трыма брацкімі народамі на міжнародныя рынкі.

Карупцыя — рэакцыя на прымітыўнасць («ручны» характар) кіравання, на неэфектыўнасць дзяржавы. А ці можа быць эфектыўнай дзяржава, у якой заканадаўчыя і выканаўчыя функцыі спалучаюцца ў адной кропцы? Асабіста мне пазітыўныя прыклады пры падобным уладным сімбіёзе невядомыя.

«Зло коррупции, — на думку АП, — почти всегда стоит рядом с разгильдяйством, наплевательским отношением к своему делу. И здесь у нас, прямо скажу, плохо дело обстоит с ответственностью руководителей». Ісціну кажа. Адна справа — убудаваць чалавека ва ўладную «вертыкаль», і зусім іншая — прымусіць яго жыць агульнымі інтарэсамі ў сістэме, у якой пад агульнымі інтарэсамі маюцца на ўвазе асабістыя інтарэсы ўладальніка УП «Беларусь».

Як тут ні пагадзіцца з акадэмікам Юрыем Піваваравым: «Карупцыя — гэта асяроддзе, у якім разгортвае сябе ў прасторы і часе дзяржава». Зразумела, што гаворка ідзе пра дзяржаву, якая функцыянуе на аснове ўладнай «вертыкалі».

 

Толькі адзін фактар з пяці

Удасканаленне сістэмы кіравання эканомікай — адзін з трох базавых напрамкаў, на якім «в наших условиях необходимо сосредоточить внимание». Адпаведны раздзел у Пасланні–2014 пачынаецца з прызнання: «Сегодня очевидно, что действующая директивная система государственного планирования с массой показателей себя исчерпала».

Словам, усё як звычайна. Замахнуліся на рубель (на ўдасканаленне сістэмы кіравання), а ўдарылі на пятак (абмежаваліся пераглядам сістэмы паказчыкаў). Цытую: «То есть надо нашу нормальную систему, добавив сюда главное требование по деньгам, эту систему взять и перевернуть, с головы на ноги поставить. Вот и все. Мудрить ничего не надо».

У рамках Канстытуцыі АП мае права высоўваць любыя патрабаванні, чым ён рэгулярна і займаецца. Практычна кожны прэс-рэліз, прысвечаны яго рабочым паездкам па краіне, пачынаецца са слоў «прэзідэнт запатрабаваў...». Спіс патрабаванняў шырокі, і ён увесь час папаўняецца. АП патрабуе жалезнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў, запаўнення ў сціслыя тэрміны свінакомплексаў, недапушчэння фактаў перасаджвання чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія правалілі сваю працу і г.д. Аднак у спісе патрабаванняў па-за канкурэнцыяй — патрабаванне забяспечыць якасны рост эканомікі і павышэнне дабрабыту грамадзян.

Вікіпедыя падказвае нам, што сучасная навука ведае пяць фактараў, якія ўплываюць на эканамічны рост:

1.  Колькасць і якасць працоўных рэсурсаў.

2.  Эфектыўнасць асноўнага капіталу.

3.  Колькасць і якасць прыродных рэсурсаў.

4.  Эфектыўнасць кіравання.

5.  Эфектыўнасць тэхналогій.

 

Этап у жыцці беларускай ма­дэлі, калі эканамічны рост планавалася забяспечыць за кошт укаранення эфектыўных тэхналогій, мы праехалі ў мінулым годзе. Чым ён скончыўся — добра вядома. Але хто старое прыгадае...

Асаблівых надзей з нагоды трох першых фактараў са спісу АП не мае. Ён усведамляе, што ад колькасці і якасці яго асабістых патрабаванняў колькасць і якасць працоўных і прыродных рэсурсаў не зменіцца. Падобная праблема і з эфектыўнасцю асноўнага капіталу. Застаецца эфектыўнасць кіравання. За яе ён і ўзяўся.

* * *

Ад долі ТВ у валавым прадукце наўпрост залежыць узровень канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік. Таму іх зніжэнне ўваходзіць у лік першарадных задач сучаснай дзяржавы, але рашэнне задач падобнага ўзроўню па плячы толькі моцным дзяржавам, палітычная эліта якіх не баіцца канкурэнцыі. Я б не наважыўся аднесці сучасную беларускую дзяржаву да шэрагу такіх краін. На працягу двух дзесяцігоддзяў наша дзяржава паслядоўна праполвае палітычную «паляну», г.зн. вырашае процілеглую задачу. У чым і дасягнула пэўнага поспеху.