У судаводстве беларускіх эканамічных судоў — больш за 1800 спраў аб банкруцтве

Паводле звестак на 1 ліпеня ў судаводстве беларускіх эканамічных судоў знаходзілася 1871 справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). З гэтага ліку колькасць спраў у дачыненні да арганізацый прыватнай формы ўласнасці складае 98%, паведамляе Вярхоўны суд Беларусі.



360633_view.jpg

У судаводстве эканамічнага суда горада Мінска знаходзіцца 45% ад агульнага ліку спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (838).
 

На 1 ліпеня ў судаводстве эканамічных судоў было 35 спраў аб банкруцтве арганізацый, якія маюць значэнне для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны. Да іх адносяцца дзяржаўныя арганізацыі, арганізацыі, якія маюць долю дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе, горадаўтваральныя і прыраўнаваныя да іх арганізацыі, бюджэтаўтваральныя, сістэмаўтваральныя арганізацыі.
 

У адпаведнасці з абагульненай інфармацыяй колькасць спраў, па якіх прынятае рашэнне аб банкруцтве з ліквідацыяй, пераважае над колькасцю спраў, па якіх вынесена рашэнне аб эканамічнай неплацежаздольнасці з санацыяй, на дзве адзінкі.
 

У справаздачным перыядзе распачатыя вытворчасці ў дачыненні да такіх арганізацый, якія маюць значэнне для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны, як ААТ "Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод", унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства "Бабруйскі завод напояў", ААТ "Брэсцкае піва".
 

У чэрвені завершаныя ліквідацыйныя вытворчасці ў дачыненні да ААТ "Віцебскі гарадскі будаўнічы трэст", даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "БУ 2008" камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Упраўленне капітальнага будаўніцтва адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска", ААТ "Беломабуд".

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН