Моладзь: палітызацыя ці апалітычнасць?
Калі параўнаць акцыі апазіцыі 2006–2010 гадоў і сённяшнія, становіцца відавочна — вулічны пратэст знаходзіцца ў заняпадзе. Што гэта — крызіс ідэй, застарэлы страх перад рэпрэсіямі, невер’е ва
ўласныя сілы?

Марш за незалежнасць, 2009 год
Бізун без перніка
Прычын масавай дэпалітызацыі моладзі хапае. Паспрабуем іх вызначыць і прааналізаваць.
Ці не галоўнай можна лічыць упартую і старанную працу дзяржаўнага апарату са свядомасцю людзей. БРСМ, МУС, КДБ і БТРК сумеснымі высілкамі ўсё ж дамагліся таго, каб у моладзі знік інтарэс да палітыкі. У навучальных установах скарачаецца вывучэнне гуманітарных дысцыплін, у школьных курсах грамадазнаўства амаль не закранаюцца палітычныя пытанні. Тое ж тычыцца і гісторыі, якая непарыўна звязаная з палітыкай. Сістэма адукацыі завостраная на тое, каб пазбегнуць палітызацыі моладзі і з’яўлення ў яе крытычнага мыслення.
З іншага боку, выдатна працуе бізун. Моладзь разумееш, што «лезці ў палітыку» не проста нецікава, але і небяспечна. Прыкладамі гэтага для іх служыць адміністрацыйны ціск у інтэрнатах падчас выбараў, тлумачальная праца педагогаў падчас апазіцыйных акцый. Ды і гісторыямі аб збіцці і зняволенні грамадскіх актывістаў поўныя не толькі апазіцыйныя СМІ.
Калі 10 гадоў таму я вучыўся ў юрыдычным каледжы БДУ, то найменш 4 чалавекі з маёй групы (у якой агулам было каля 25) былі сталымі наведвальнікамі апазіцыйных акцый і культурных мерапрыемстваў — і гэта пры тым, што ўжо тады пасля затрымання, звычайна, адлічвалі з навучальнай установы. Многія мае мінскія сябры аднаго са мной узросту хадзілі на ўсе апазіцыйныя мітынгі, бо іх туды вадзілі бацькі, што стала наведвалі іх з года ў год. Сёння, калі на Чарнобыльскі шлях прыходзіць па 200–300 чалавек, пра гэта казаць не даводзіцца. Канешне, гэта мае суб’ектыўныя назіранні, але яны цалкам карэлююць з лічбамі ўдзельнікаў акцый пратэсту ў той час.

Дзяды, 2009 год
Сёння ўжо вырасла пакаленне, якое не толькі не ўдзельнічае ў грамадскай актыўнасці, але і, верагодна, не мае ніякіх кантактаў з тымі, хто ў ёй удзельнічаў.
Свой унёсак робяць дэмаграфія і міграцыя: моладзі ў Беларусі штогод робіцца менш, старых — больш. Моладзь актыўна з’язджае з краіны за лепшай доляй.
Але ўсё ж галоўнай прычынай няўдзелу моладзі ў масавых акцыях з’яўляецца яе дэпалітызацыя ў выніку мэтанакіраванага ўздзеяння дзяржавы, што ажыццяўляецца праз сістэму адукацыі і дзяржаўныя СМІ. Гэта ўздзеянне ўзмацняецца з кожным годам і з кожным новым пакаленнем моладзі прыносіць свае плады.
Для абсалютнай большасці маладзёнаў перыяд актыўнага ўдзелу ў пратэстным руху прыпадае на ўзрост 16–25 гадоў. Далей сацыяльныя абавязкі (асабліва наяўнасць сям’і і дзяцей) і побыт прымушаюць шматкроць зніжаць актыўнасць ці ўвогуле спыняць яе. Звычайна на змену гэтай катэгорыі прыходзілі новыя людзі — і колькасць пратэстна настроенай моладзі, як і актывістаў увогуле, доўгія гады заставалася прыблізна аднолькавай. Аднак сёння гэтага не назіраецца. Большасць тых, хто некалькі гадоў удзельнічаў у акцыях, сыходзіць, але на змену ім не прыходзяць новыя — гэта можна бачыць, зноў жа, па колькасці людзей на мітынгах.

Чарнобыльскі шлях, 2009 год
Актывісты, што хацелі б і маглі нешта мяняць у краіне, аглядваючыся назад, перастаюць верыць ва ўласныя сілы. У 1996-м маладафронтаўцы біліся з АМАПам, у 2006-м беспартыйная моладзь дні і ночы мерзла ў намётавым лагеры, за 22 гады дыктатуры тысячы трапілі пад каток рэпрэсій: адсядзелі на сутках, былі выгнаныя з вучобы ці вымушаныя эміграваць. Але рэальнага выніку барацьбы не бачна — і гэта не можа не дэматываваць новых патэнцыйных барацьбітоў. Беларускае палітычнае жыццё з яго нязменным дэжавю кожную пяцігодку не ўнушае аптымізму і падштурхоўвае моладзь да заканамернай высновы: «Тут няма чаго лавіць».
Такім чынам, пратэстная сфера, і ўвогуле палітыка ў Беларусі, — гэта месца, дзе маладзёну цяжка самарэалізавацца. Пасля шматлікіх расчараванняў ці рэпрэсій маладыя хлопцы і дзяўчаты ўсё часцей накіроўваць сваю пасіянарнасць у іншым напрамку: здабыванне грошай, стартапы, мастацтва, навуковая і культурная дзейнасць, вандроўкі — усё што заўгодна, толькі не гэтае няспыннае біццё галавой аб сцяну...

Акцыя любові, 14 лютага 2009 года
«Адсюль трэба валіць»
Не дзіва, што ў такой сітуацыі вялізная колькасць моладзі — асабліва тыя, хто ўжо паспрабаваў і міліцэйскага дручка, і акрэсцінскія нары — выбіраюць міграцыю. Сотні былых актывістаў з’ехалі па праграме Каліноўскага, альбо адвучыўшыся ў ЕГУ, альбо папрасіўшы палітычнага прытулку за мяжой. Знаходзяцца і тыя, хто іх за гэта асуджае.
Падымаюцца на шчыт і адзінкавыя выпадкі ашуканства, калі спрытныя хлопцы ці дзяўчаты вырашалі зрабіць пратэстны рух трамплінам у еўрапейскую будучыню (сваю асабістую, вядома, а не Беларусі), і сфатаграфаваўшыся на фоне апазіцыйнага мітынгу, прад’яўлялі фота як доказ свайго ўдзелу ў грамадскім жыцці, каб атрымаць палітычны прытулак у краінах Еўропы. Дарэчы, пастаноўка спажывецкіх памкненняў у цэнтр светапогляду — таксама рыса чалавека, вырашчанага лукашызмам.
Але ці няма зерня ісціны ў словах тых, хто кажа, што сапраўднаму барацьбіту з’язджаць за мяжу не варта, а варта жыць і працягваць змаганне там, дзе ты яго пачаў? Можа, сапраўды, калі б маладзёны не імігравалі пасля першых сутак на Акрэсціна і, адвучыўшыся ў Польшчы ці ў Літве, вярталіся ў Беларусь, то рэжым бы не вытрымаў атакі такой колькасці адукаваных і дасведчаных змагароў? І так, і не.
З аднаго боку, безумоўна, калі б усе палітычныя актывісты, хто з’ехаў з краіны па палітычных прычынах за 22 гады кіравання Лукашэнкі, нейкім міфічным чынам зноў апынуліся б у Беларусі і занялі тут актыўную грамадзянскую пазіцыю, не вядома б, што было б з гэтым рэжымам. Толькі ў 2010–2011 гадах палітычны прытулак папрасілі 2382 грамадзяніна Беларусі, і гэта не лічачы тых, хто ўладкаваўся самастойна.
З іншага боку, трэба выразна разумець — у грамадзянскай супольнасці Беларусі няма здольнасці абараніць чалавека, які трапляе пад усебаковы адміністрацыйны прэс дзяржавы. Рэпрэсіўныя органы да дасканаласці адпрацавалі схему выціскання чалавека з краіны нават без выкарыстання крымінальнага пераследу. Непажаданага, як воўка на паляванні, абкладваюць з усіх бакоў: выключэнне з ВНУ, звальненне з працы з перспектывай уладкавацца толькі на самую нізкааплатную, цкаванне сацыяльных службаў з пагрозай адабраць дзяцей (выпадак Алесі Садоўскай), няспынная псіхалагічная атака на родных праз званкі і павесткі з міліцыі, рэгулярныя адміністратыўныя арышты за «дробнае хуліганства» (як неаднаразова было з былымі палітвязнямі Аляксандрам Францкевічам і Паўлам Вінаградавым) і цэлы шэраг правакацый большага ці меншага маштабу: ад лістоў з пагрозамі да негалосных вобшукаў у кватэры.
Калі магутная дзяржаўная машына робіць усё, каб зрабіць тваё жыццё невыносным, але ты хочаш працягваць барацьбу, застаецца толькі адзін выхад — перайсці на нелегальнае становішча, як гэта рабілі рэвалюцыянеры мінулага. Але ці здольны сённяшні дэмакратычны рух утрымліваць такіх падпольшчыкаў, і ці патрэбныя яны яму ўвогуле? Дыскурс дэмакратычнай рэвалюцыі ў апазіцыйных колах відавочна заціх, ды і лідары ўсё часцей выказваюцца за эвалюцыйныя перамены.
Сітуацыя патавая: грамадзянская супольнасць не можа абараніць маладзёна ад рэпрэсій, але і не можа падтрымаць яго як падпольшчыка — бо сама дэкларуе прыхільнасць публічнаму і легальнаму змаганню. Што ж у такім выпадку рабіць нашаму ўмоўнаму пасіянарыю, акрамя як шукаць свайму імпэту іншае прымяненне?

Марш за незалежнасць
Культурны фронт
Усё гэта, аднак, не азначае, што колькасць беларускай моладзі, што стаіць за перамены, знізілася да некалькіх соцень удзельнікаў акцый, што ладзяць «Малады фронт» і Статкевіч. Разам з трэндам на змяншэнне ўдзельнікаў вулічных акцый у апошнія гады выразна азначыўся трэнд на беларусізацыю моладзевых субкультур і пратэст у культурным асяроддзі.
Павышэнне цікаўнасці да беларускай гісторыі і культуры (што ў нашых умовах само па сабе з’яўляецца пратэстам) можна назваць своеасаблівай рэакцыяй на выцісканне палітыкі з публічнага поля. Калі нельга хадзіць на мітынгі — будзем хадзіць на «Дзень вышыванкі». Калі нельга ўчыніць Майдан — мы хаця б падпяем «Воіны святла» на канцэрце «Brutto». Моладзь удзельнічае ў дабрачынных ці экалагічных акцыях кшталту «Ежа замест бомбаў» ці «Крытычная маса», выразна беларусізуецца асяроддзе футбольных фанатаў.
Эфектыўнасць такога «культурнага змагання» і яго небяспека для ўлады — пытанне дыскусійнае, але ўжо сёння відавочна, што і нават спробы вырасціць альтэрнатыву на субкультурным полі не застаюцца пакінутымі ўладай без увагі. Пра гэта сведчаць хаця б шматлікія крымінальныя справы супраць антыфашыстаў і справа Змітра Паліенкі, што атрымаў 2 гады калоніі з адтэрміноўкай за ўдзел у «Крытычнай масе».
Але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя...
Фота Юрыя Дзядзінкіна