Маладафронтаўцы накіравалі заявы ў пракуратуру
Маладафронтаўцы накіравалі некалькі скаргаў у пракуратуру Мінска з патрабаваннем устанавіць і прыцягнуць да адказнасці асоб у сілавых структурах, якія спрабавалі перашкодзіць правядзенню акцыі памяці ля сцен КДБ 29 кастрычніка.
Так, перад самай акцыяй, а 18:55 на вуліцы Кальварыйскай быў спынены машынамі ДАІ і КДБ маладафронтавец Зміцер Дашкевіч, які разам з сям’ёй ехаў ва ўласнай машыне. Рэгістрацыйныя нумары машын ДАІ — 2991 МН, КДБ — 1310 МЕ-5. Маёр Макарэвіч Сяргей заявіў Зміцеру Дашкевічу, быццам бы паступіў сігнал, што машына ва ўгоне ці за рулём п’яны кіроўца. Але пасля 30 хвілін “праверкі” машыну і сям’ю Зміцера Дашкевіча вызвалілі.
За дзень да акцыі да актывіста “Маладога фронту” Сяргея Пальчэўскага прыйшоў участковы, які пагражаў актывісту, што калі той прыйдзе на акцыю, то адміністратыўным пратаколам не абыдзецца. Таксама ў дзень акцыі да іншых актывістаў арганізацыі — Уладзімера Яроменкі і Арцёма Леўчанкі з гарадскога нумара 80178223046 званіў маёр Мірановіч Аляксандр і, пагражаючы пратаколамі, перасцерагаў ад удзелу ў акцыі памяці.
Актывісты патрабуюць ад пракуратуры ўстанавіць міліцэйскіх асоб і вызначыць, ці валодалі яны паўнамоцтвамі здзяйсняць такой формы пераслед.
“Мы вельмі даўно не назіралі такой нервовай рэакцыі сілавікоў на нашы акцыі, — каментуе сітуацыю Зміцер Дашкевіч. — Істэрыю сілавікоў 29 кастрычніка мы звязваем толькі з тым, што падчас акцыі рабілі акцэнт на сённяшніх сілавіках, як нашчадках НКВДэшных карнікаў, якія здзяйснялі генацыд беларускай нацыі. Але ж замест таго, каб пакаяцца ў грахах і злачынствах НКВД-КДБ, прадстаўнікі сілавых структур лічаць сябе падаўжальнікамі ідэй Леніна, Сталіна і Дзяржынскага. Асабіста я часта бачыў бюсты названых зладзеяў у кабінетах розных сілавікоў. Але мы не расстройваемся з нагоды такой істэрыі сілавікоў, наадварот — яна сведчыць, што мы ў акцыі зрабілі правільны акцэнт.
І мы, канешне, не разлічваем, што нашчадкі Дзяржынскага з пракуратуры разбяруцца з нашчадкамі дзяржынскага з МУС і КДБ, але ў сваіх заявах задакументавалі чарговыя праявы пераследу, каб у будучым незалежны суд даў гэтым дзеянням справядлівую ацэнку”.
Нагадаем, што 29 кастрычніка ў Беларусі дэмакратычная супольнасць адзначае Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях КДБ было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў культурнай эліты Беларусі — паэтаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва.
Паводле mfront.net