Новая канцэпцыя знешняй палітыкі РФ: Супрацьдзеянне русафобіі, абарона РПЦ

На чым грунтуецца новая знешняя палітыка Расіі? Яна, аказваецца, носіць міралюбівы, адкрыты, прадказальны характар. А яшчэ РФ будзе дамагацца ліквідацыі рудыментаў дамінавання ЗША і абароны РПЦ ад дыскрымінацыі.

1518393842194752380.jpg

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін зацвердзіў новую рэдакцыю Канцэпцыі знешняй палітыкі Расіі. Пра падпісанне адпаведнага ўказа кіраўнік РФ паведаміў на нарадзе з пастаяннымі членамі Савета бяспекі РФ.

Пуцін назваў абноўленую канцэпцыю «ўзважаным дакументам», які «ляжа ў аснову нашых практычных дзеянняў у сярэднетэрміновай і больш аддаленай перспектыве».

Сярод іншага ў Канцэпцыі гаворыцца, што:

Расія — самабытная краіна-цывілізацыя. Яна з'яднала народы, якія складаюць культурна-цывілізацыйную агульнасць рускага свету.

Знешняя палітыка Расіі носіць міралюбівы, адкрыты, прадказальны, паслядоўны, прагматычны характар, заснаваны на павазе агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

ЗША і іх сатэліты выкарыстоўвалі прынятыя РФ меры па абароне сваіх жыццёва важных інтарэсаў на ўкраінскім кірунку як падставу для абвастрэння шматгадовай антырасійскай палітыкі і развязалі гібрыдную вайну новага тыпу.

Расія не лічыць сябе ворагам Захаду, не ізалюецца ад яго, не мае ў дачыненні да яго варожых намераў.

Большая частка чалавецтва зацікаўлена ў канструктыўных адносінах з Расіяй і ўмацаванні яе пазіцый на міжнароднай арэне ў якасці ўплывовай сусветнай дзяржавы.

Расія можа выкарыстоўваць узброеныя сілы для адбіцця і прадухілення ўзброенага нападу на сябе і (або) сваіх хаўруснікаў.

Расія мае намер надаваць прыярытэтную ўвагу супрацьдзеянню кампаніі русафобіі, распаўсюджванню рускай мовы, абароне расійскай культуры, спорту, Рускай Праваслаўнай Царквы ад дыскрымінацыі, а таксама распаўсюджванню за мяжой праўдзівай інфармацыі аб ролі і месцы Расіі ў сусветнай гісторыі.

Расія мае намер надаваць прыярытэтную ўвагу маніторынгу і апрылюджванню рэальнай сітуацыі з захаваннем правоў і свабод чалавека ў свеце, перш за ўсё ў дзяржавах, якія прэтэндуюць на ўласную выключнасць у пытаннях захавання правоў чалавека і вызначэння міжнародных нормаў у гэтай сферы.

З мэтай садзейнічання адаптацыі светабудовы да рэалій шматпалярнага свету Расія мае намер надаваць прыярытэтную ўвагу ліквідацыі рудыментаў дамінавання ЗША і іншых недружалюбных дзяржаў у сусветных справах, стварэнню ўмоў для адмовы любой дзяржавы ад неакаланіяльных і гегеманісцкіх амбіцый.

Упершыню канцэпцыя знешняй палітыкі Расіі была зацверджана ў 1993 годзе, пасля чаго неаднаразова абнаўлялася. Апошні раз гэта адбылося ў 2016 годзе. У той рэдакцыі дакумента сярод іншага гаварылася, што Расія будзе нарошчваць узаемадзеянне з міжнароднымі і няўрадавымі праваабарончымі арганізацыямі, а таксама будзе дамагацца бязвізавага рэжыму з ЕС. Акрамя таго, у мінулай рэдакцыі канцэпцыі адзначалася, што Расія зацікаўлена ва ўмацаванні аўтарытэту і ролі арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, а таксама выбудоўванні ўзаемавыгадных адносін з ЗША.