Пачалася падрыхтоўка да Дня Волі
Сёння ў сталічны гарвыканкам мае быць пададзена заяўка на правядзенне 25 сакавіка ў Мінску шэсця і мітынгу, прысвечаных 94-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Заяўнікамі акцыі сталі кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі рэжысёр Уладзімір Колас, намеснік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня Аляксей Марачкін і сябра аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларускі рух Віктар Івашкевіч.
Сёння ў сталічны гарвыканкам мае быць пададзена заяўка на правядзенне 25 сакавіка ў Мінску шэсця і мітынгу, прысвечаных 94-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Заяўнікамі акцыі сталі кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі рэжысёр Уладзімір Колас, намеснік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня Аляксей Марачкін і сябра аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларускі рух Віктар Івашкевіч.
Як адзначыў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў чацвер у сядзібе Партыі БНФ, старшыня аргкамітэту па адзначэнню Дня Волі Уладзімір Колас, дзень абвяшчэння незалежнасці БНР з’яўляецца вельмі важнай датай у гісторыі Беларусі. “На вялікі жаль, на сённяшні дзень далёка не ўсе беларусы належным чынам усведамляюць каштоўнасць і важнасць існавання БНР як прэцэдэнту стварэння беларускай дзяржаўнасці. Гэта, напэўна, тлумачыцца сітуацыяй у нашай краіне, а таксама той прапагандысцкай апрацоўкай масавай свядомасці, якая вялася падчас існавання ў складзе Савецкага Саюза, у складзе Расійскай імперыі, і менавіта таму не дазваляе большасці беларусаў да канца асэнсаваць важнасць гэтай даты. І менавіта таму адной з галоўных мэтаў, якія ставіць перад сабой аргкамітэт, ёсць асветніцтва, давядзенне да як мага больш шырокага кола людзей праўды пра БНР і важнасці гэтай даты, — падкрэсліў Уладзімір Колас.
Старшыня аргкамітэту святкавання Дня Волі выказаў задавальненне тым фактам, што да падрыхтоўкі адзначэння ўгодкаў БНР далучыліся амаль усе дэмакратычныя структуры краіны. Як паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, сваіх прадстаўнікоў у аргкамітэт вылучылі Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух “За свабоду, Грамадзянская кампанія “Гавары праўду!, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет, аргкамітэты па стварэнню партыяў “Беларуская хрысціянская дэмакратыя і “Беларускі рух, іншых дэмакратычных арганізацый Беларусі.
“Мы таксама робім прапанову ўладам усвядоміць важнасць гэтага свята, ушанаваць належным чынам гэтую дату і, як крок да грамадзянскага прымірэння, вызваліць да гэтай даты ўсіх палітычных зняволеных, — заявіў Уладзімір Колас. Паводле яго словаў, аргкамітэт таксама прапануе “сумленную і прынцыповую дыскусію, абмеркаванне падзей, якія адбыліся ўвесну 1918 года, з тым, каб менавіта ў спрэчках, у дыскусіях шукаць ісціну. З гэтай мэтаю будзе зладжаны “круглы стол, у якім арганізатары прапануюць узяць удзел і прадстаўнікам улады. “Але адбыцца гэта можа толькі пасля таго, як будуць вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя, — падкрэсліў кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі.
Сябры аргкамітэту, па словах ягонага старшыні, плануюць таксама актыўна весці асветніцкую працу, выступаць з публікацыямі ў СМІ на тэматыку БНР. Будзе праведзены ўрачысты сход, адбудуцца таксама і традыцыйныя вулічныя акцыі. У Мінскі гарвыканкам накіроўваецца заяўка на правядзенне 25 сакавіка шэсця ад будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук да Плошчы Бангалор (ад 13.30 да 14.30) і мітынгу ў Парку дружбы народаў (ад 14.30 да 17.00). “Мы таксама плануем правесці акцыю “Падары чыноўніку кнігу. Усе нашы кантакты з чыноўнікамі будуць суправаджацца такім падарункам — кніга па гісторыі Беларусі, фільм па гісторыі Беларусі, таму што тая сітуацыя, у якой мы знаходзімся, гэта ёсць вынік браку ведаў па сапраўднай гісторыі нашай краіны, — падсумаваў Уладзімір Колас.
У рамках адзначэння ўгодкаў БНР будзе зладжана і мастацкая выстава, за правядзенне якой адказны Аляксей Марачкін. Ён, дарэчы, ужо не першы год адказвае менавіта за мастацкае афармленне акцый на Дзень Волі. “Вельмі хочацца, каб усё запланаванае адбылося, каб на шэсці і мітынгу былі расцяжкі, якія б заклікалі да вызвалення палітвязняў, таму што мы гаворым пра Дзень Волі, і калі ў гэты дзень людзі знаходзяцца ў няволі, то наша свята набывае сапраўды зусім іншы акцэнт. На арт-сядзібе мы будзем ладзіць выставы, я асабіста пакажу новыя творы соц-артаўскага характару, — паабяцаў слынны беларускі мастак.
Аляксей Марачкін
Аргкамітэт Дня Волі прыняў зварот да грамадзян Беларусі, які на прэс-канферэнцыі агучыў Віктар Івашкевіч. Як адзначаецца ў дакуменце, не ўсе ў Беларусі пасля набыцця ёй незалежнасці ў 1991 годзе аказаліся гатовыя да свабоды, да адказнасці за сябе і сваю краіну. “Пры дапамозе дэмагогіі і папулізму на выбарах 1994 года перамог А. Лукашэнка і пазбавіў беларусаў магчымасці абіраць сабе іншую ўладу. Што ў выніку? Сёння заробак у Беларусі меншы за заробкі ў Расіі, у Кыргызстане, не кажучы ўжо пра Польшчу ці Эстонію. Рэжым цішком распрадае нашы прадпрыемствы расійскім алігархам, кітайскаму і арабскаму бізнэсу, плануе засяленне нашай зямлі кітайскімі каланістамі. Беларуская мова, нацыянальная культура праўдзівая гістарычная памяць загнаныя ў рэзервацыю. Калі так пойдзе і далей, беларусу не будзе месца ва ўласнай краіне. Дзяржаваю кіруе антыбеларускі рэжым… Дзясяткі людзей сядзяць у турмах, бо крытыкавалі дыктатара, пасмелі быць яго супернікамі на выбарах… Мільёны жывуць пад страхам беззаконнага звальнення паводле кантракту. Каб змяніць сваё становішча, беларусы павінны пазбавіцца баязлівасці і абыякавасці… Не быць рабамі, а смела дамагацца законнага права самім вырашаць свой лёс. Сябры! Выйдзем усе разам і запатрабуем: спыніць здачу незалежнасці краіны! Свабоду ўсім палітычным вязням! Новыя свабодныя выбары! — гаворыцца ў Звароце аргкамітэту Дня Волі.
На пытанне, каго б арганізатары не жадалі бачыць на шэсці і мітынгу 25 сакавіка, адказ быў такі: правакатараў, як у форме, так і без. “А таксама гэтых жахлівых вялікіх цёмна-зялёных машын з кратамі, — дадаў Аляксей Марачкін.