Справа ксяндза Лазара — вяртанне да савецкага мінулага
Сваё меркаванне аб арышце ксяндза выказалі ўдзельнікі вечара салідарнасці з арыштаваным святаром.
«Пра які шпіянаж можа ісці гаворка ў дачыненні да прадстаўніка царквы? Гэта класічная правакацыя», — заявіў кіраўнік мінскага аддзялення Міжнароднага таварыства
«Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі. На яго думку, маральна беларуская ўлада канчаткова сябе дыскрэдытавала. Уладзімір Раманоўскі паабяцаў падключыць «Мемарыял» да
справы Уладзіслава Лазара.
Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «За Волю» Ганна Шапуцька правяла паралель паміж сітуацыяй з ксяндзом Лазарам і падыходам савецкіх спецслужбаў: «КДБ не прыдумаў нічога новага, гэтак жа, як і ў савецкія часы, абвінавачваючы святароў у
шпіянажы».
З Ганнай Шапуцька пагадзіўся аўтар фільма пра антырэлігійныя рэпрэсіі ў савецкія гады «Забаронены Хрыстос» Аляксей Шэін: «Мы жывем у той жа самай рэальнасці. Нічога новага няма, людзі сядзяць у той жа
«амерыканцы», справа звязана са шпіянажам» .
Ініцыятарамі вечара салідарнасці выступілі аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ініцыятыва «Хрысціянскі рух» і грамадзянская
ініцыятыва «За Волю». Мерапрыемства наведалі больш за 20 чалавек, у тым ліку былыя палітвязні Васіль Парфянкоў і Аляксандр Францкевіч .
Аб затрыманні ксяндза стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам: супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы.
«Мы нядаўна затрымалі аднаго з здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі , і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за
яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой», — сказаў Лукашэнка.
29 ліпеня інфармацыю аб затрыманні ксяндза Лазара пацвердзіў прадстаўнік Рымска — каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Ксёндз Уладзіслаў Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў
Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар'інай Горцы і
Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).
belapan.by