У Беларусі праходзіць малітоўны марафон за ксяндза Лазара
У Беларусі ініцыятыва "Хрысціянскі рух" выступіла з ідэяй правядзення "малітоўнага марафона" за ксяндза Уладзіслава Лазара. Марафон праводзіцца з 20.00 30 жніўня да 20.00 31 жніўня.
Падчас марафону людзі розных палітычных поглядаў і канфесійных перакананняў моляцца на працягу 30 хвілін — гадзіны за зняволенага святара. Распачаўся марафон з малітвы ля Чырвонага касцёла ў Менску.
Апроч таго, 3 верасня а 18.00 на Чарнышэўскага 3 з ініцыятывы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Хрысціянскага руху і Групы "За Волю" адбудзецца вечар Салідарнасці з ксяндзом Уладзіславам Лазарам.
Падчас вечару пройдзе паказ фільму "Забаронены Хрыстос" Аляксея Шэіна, выступіць са спевамі Юлія Фралова, магчымыя выступы людзей, якія асабіста ведаюць святара. Таксама на мерапрыемстве пройдзе збор ахвяраванняў для сям'і Уладзіслава Лазара.