У які бок скіруецца лакаматыў беларускай гісторыі?
Актуальнасць пытання: «Калі не ён, дык хто ж?» дастаткова спрэчная, тым не менш пошукі адказу на яго працягваюцца з энергіяй, вартай лепшага скарыстання. Артыкул Арцёма Шрайбмана «Дзе беларусам шукаць свайго Навальнага?» сабраў на TUT.BY больш за 400 каментараў.
Такая актыўнасць наведвальнікаў сайта не павінна здзіўляць. Па традыцыі, да пошуку лідара, што здольны змагацца з адзіным палітыкам (АП), і зводзіцца большасць дыскусій у апазіцыйным сегменце беларускага грамадства.
Аўтар артыкула абапіраецца на меркаванне экспертаў і прапануе звярнуць увагу на наменклатуру. Вось дзе Кландайк будучых лідараў, здольных адказаць на пытанне: «Калі не ён, дык хто?». У якасці абгрунтавання свайго аптымізму Арцём прыводзіць «феномен Аляксея Навальнага ў Расіі», які «звязаны якраз з разрывам традыцыйнага шаблону супрацьстаяння кансерватыўнай наменклатуры і прагрэсіўнай інтэлігенцыі».
Нечаканая сацыялогія
Прыгледземся да «феномену Аляксея Навальнага» з дапамогай вядучых расійскіх сацыялагічных службаў. Паводле «Лявада-цэнтра», у чэрвені электаральны рэйтынг Навальнага не дацягнуў і да 1%. Гэта ў Расіі. А ў сталіцы, дзе сканцэнтравана «прагрэсіўная інтэлігенцыя», сваю гатоўнасць галасаваць за вядомага блогера на прэзідэнцкіх выбарах выказаў 1% масквічоў.
У тым, што Навальны — не проста блогер, а блогер вядомы, сумнявацца не даводзіцца. З красавіка 2011 года па сакавік 2013-га (найноўшых дадзеных я не маю) яго рэйтынг пазнавальнасці павялічыўся з 6% да 37%. Але, як гэта ўжо неаднаразова фіксавалі і беларускія сацыёлагі, рост пазнавальнасці палітыка аўтаматычна не вядзе да росту колькасці яго прыхільнікаў.
Не заўважае Навальнага ў якасці кандыдата ў прэзідэнты і Фонд грамадскай думкі (ФОМ), які адсочвае дынаміку электаральных рэйтынгаў расійскіх палітыкаў у штотыднёвым рэжыме.
У якасці каментара прывяду фрагмент інтэрв’ю дырэктара «Лявада-цэнтра» Льва Гудкова: «Навальны, безумоўна, яркая постаць. Сапраўды, у яго вельмі вялікая вядомасць. Але ў якасці кіраўніка горада ён як значная фігура не разглядаецца. І за яго гатовыя прагаласаваць ад трох да крыху больш за працэнта. Адпаведна, ад колькасці тых, хто ўжо вызначыўся і гатовы да выбараў, — гэта прыкладна 8 працэнтаў. Усё адно гэта несупастаўныя лічбы. Усе астатнія кандыдаты набіраюць нават крыху менш. Таму сур’ёзнай канкурэнцыі Сабяніну няма».
Кампанія «Synovate Comcon» публікуе больш аптымістычныя для блогера дадзеныя. У прыватнасці, паводле апошняга апытання масквічоў (15–21 жніўня), рэйтынг пазнавальнасці Навальнага склаў 78%, і за яго гатовыя галасаваць 20% ад колькасці выбарцаў, што збіраюцца галасаваць (за Сабяніна — 63%).
А зараз параўнаем расійскую «сацыялогію» з беларускай (НІСЭПД). У чэрвені электаральны рэйтынг Някляева склаў 5%, Саннікава — 3%, Мілінкевіча — 2%. Звычайная для палітычнага міжсезоння карціна. Падчас жа прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах электаральнай мабілізацыі сумарны электаральны рэйтынг дэмакратычных кандыдатаў ніжэй 25% у Беларусі яшчэ ні разу не апускаўся.
І тым не менш феномен Навальнага існуе, але яго не там шукаюць. Ён не ў папулярнасці, безумоўна, яркага палітыка, а ў яго надзвычай нізкім узроўні электаральнай падтрымкі.
Такі палітык у нас ёсць!
Зацыкленасць на пошуку лідара, «здольнага сур’ёзна пазмагацца» з АП, азначае дамінаванне ў грамадскай свядомасці ўяўленняў пра палітычны працэс як пра своеасаблівы двубой, дакладней, пра паядынак гладыятараў (на карысць гладыятараў сведчыць наяўнасць шаноўнай публікі на трыбунах).
Тут самы час прыгадаць п’есу Яўгена Шварца «Дракон». Яе асноўная ідэя добра вядомая: герой, што перамагае Дракона, непазбежна ператвараецца ў новага Дракона, і так будзе да таго часу, пакуль кожны жыхар горада не заб’е Дракона ў сабе.
На мове «Азбукі паліталогіі» гэта азначае, што пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі не можа быць ажыццёўлены сіламі партыйнай апазіцыі, нават калі на чале яе — самы што ні ёсць харызматычны лідар.
І гэта не тэорыя, гэта практыка. Мы жывём у краіне нявывучаных гістарычных урокаў. Нашу здольнасць ігнараваць досвед мінулага, нават не вельмі аддаленага, варта прызнаць фенаменальнай. Элементарны прыклад: пагібель камуністычнага Дракона надышла без удзелу героя, народ яе вітаў, як вітаў і пераможца першых прэзідэнцкіх выбараў. Далей падзеі пачалі разгортвацца паводле Шварца (гэтак жа, як, між іншым, і ў большасці постсавецкіх дзяржаў).
Але замест аналізу аб’ектыўных прычын драканізацыі беларускія інтэлектуалы (і не толькі беларускія) заняліся калекцыянаваннем суб’ектыўных фактараў, якія спарадзілі драканізацыю. Час, аднак, не стаіць на месцы, ён і сфармаваў новую задачу — вызначыцца з мінімальным наборам асобасных характарыстык, якімі павінны валодаць будучыя пераможцы Дракона. Паралельна напрацоўваецца і камплект пераможных тактык-стратэгій, а таксама іх ідэалагічнае абгрунтаванне.
Вернемся да артыкула Арцёма Шрайбмана. І тут варта цытаваць: «Палітык, які прыйшоў з народа і апелюе да праблем простых людзей з патрэбным у гэты гістарычны перыяд папулізмам, мае сур’ёзныя шанцы на поспех».
Брава! Я нават ведаю імя палітыка з такімі характарыстыкамі. Думаю, яно вядомае і ўсім чытачам НЧ.
Галоўнай праблемай простых людзей ва ўсе часы была, ёсць і будзе справядлівасць. Таму ўсе будучыя Драконы рабілі яе галоўнай тэмай сваіх выбарчых кампаній, а Драконы-пераможцы ставілі справядлівасць у цэнтр практычнай палітыкі.
Пры гэтым неабходна памятаць, што існуюць два тыпы справядлівасці: ураўняльная, папулярная ў беларускай «большасці», і спаборніцкая. У расколатых грамадствах (наш выпадак) проціборства двух тыпаў справядлівасці выяўляецца, у прыватнасці, у спрэчцы: плаціць працаўнікам паводле выдаткаў энергіі і часу, ці за вынікі, прызнаныя рынкам.
Палітык-папуліст асуджаны апеляваць да «большасці», якая адпрэчвае спаборніцкі тып справядлівасці. Такі палітык у нас ёсць! Няўжо дзеля замены аднаго папуліста на іншага беларусам варта марнаваць час на пошукі «свайго Навальнага»?
Мадэрнізацыйны паўфабрыкат
Адну з прычын «феномену Навальнага» варта шукаць у «поспехах» расійскіх лібералаў часоў Гайдара. Гэта яны заклалі асновы сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая дазваляе сёння 1% насельніцтва валодаць 71% актываў хатніх гаспадарак Расіі (рэкорд сярод буйных дзяржаў). Для параўнання: ЗША — 37%, Кітай і Еўропа — 32%, Японія — 17%. Таму электаральныя рэйтынгі, якія перавышаюць статыстычную памылку, сярод расійскіх палітыкаў маюць Жырыноўскі, Зюганаў, Міронаў і прыдворны бізнэсмэн Прохараў. Для прафесійнага ж крытыка «партыі жулікаў і злодзеяў» і яго калегаў па ліберальным лагеры доступ у клуб электаральных палітыкаў зачынены.
Таму любы беларускі апазіцыйны палітык, які перыядычна прамаўляе словы «дэмакратыя», «рынак», «Захад» і інш., здольны па ўзроўні падтрымкі выбарцаў абысці сваіх знакамітых расійскіх калегаў. Зразумела, за межы «электаральнага гета» сёння ён не вырвецца.
Што будзе заўтра — тэма для асобнай размовы, але сёння дзейнічаюць абмежавальнікі, пераадолець якія ні ў Беларусі, ні ў Расіі апазіцыянерам не пад сілу. Растлумачу цытатай: «Чаму я ўпэўнены, што Навальны не можа выйграць? Бо для таго, каб чалавек па-за сістэмай стаў мэрам, прычым чалавек, які дэманструе максімальна рэвалюцыйныя лозунгі, для гэтага ў горадзе павінна адчувацца атмасфера вялікага дому вар’ятаў — актыўны рэвалюцыйны працэс, актыўнае рэвалюцыйнае браджэнне. Толькі ў такіх умовах чалавек па-за сістэмай можа, як ракета, вертыкальна ўзляцець і адкінуць усіх» (Леанід Радзіхоўскі, публіцыст).
Вялікі дом вар’ятаў — гэта аналаг рэвалюцыйнай сітуацыі ў тэрміналогіі Маркса—Леніна, а ў тэрміналогіі Лявады — гэта аналаг грамадства, якое перайшло са стану палітычнай апатыі ў стан палітычнай узрушанасці. Аналіз прычын і заканамернасцяў падобных пераходаў — адна з асноўных задач гуманітарных навук, якія спецыялізуюцца на вывучэнні грамадстваў, што не завяршылі мадэрнізацыю.
Маркс глядзеў на рэвалюцыю як на лакаматыў гісторыі. Усё правільна, вось толькі не варта забываць, што сучасныя лакаматывы здольныя рухацца як наперад, так і назад. І калі на пачатковым этапе руху роля машыніста (суб’ектыўнага фактару) бывае прыкметнай, то станцыя прыбыцця адназначна вызначаецца базавымі характарыстыкамі грамадства.
Як тут ні прыгадаць Лютаўскую рэвалюцыю: цар адрокся ад трону, лібералы сфармавалі часовы ўрад, які адразу вызваліў усіх палітычных зняволеных, ліквідаваў камітэт па справах друку і жандарскае ўпраўленне.
Але хуткая рэалізацыя задач буржуазнай рэвалюцыі ў сялянскай краіне спарадзіла «жывую творчасць мас», прычым мас узброеных. Вынікам гэтай творчасці стаў правал у архаіку, з якой так і не атрымалася цалкам выбрацца за гады будаўніцтва сацыялізму-камунізму.
Перабудова — рымэйк падзей 70-гадовай даўніны, але адбылася яна ў іншы гістарычны час. Калектывізацыя і індустрыялізацыя, разбурыўшы традыцыйнае сялянскае грамадства, спарадзілі чалавека савецкага ў асобе калгасніка і гараджаніна ў першым і ў другім пакаленні. Гэты мадэрнізацыйны паўфабрыкат і вызначыў вектар развіцця незалежнай Беларусі падчас дэмакратычных выбараў у 1994 годзе.
***
Крытыкаваць лёгка, але што канкрэтна можа прапанаваць аўтар? У гэтай «Азбуцы паліталогіі» — НІ-ЧО-ГА. Але «Азбукі паліталогіі» выходзяць рэгулярна ўжо пяты год, і, нягледзячы на разнастайнасць сюжэтаў, усе яны — спроба аўтара зразумець спецыфіку беларускага грамадства. Пра важнасць разумення мне ўвесь час нагадваюць ужо неаднаразова цытаваныя мною словы філосафа Аляксандра Грыцанава: «Выратаваць Беларусь можа толькі саюз кампетэнтнасці супраць некампетэнтнасці, а не саюз «дэмакратаў» і «патрыётаў», «лібералаў» і «дзяржаўнікаў», «саўкоў» і «нацдэмаў» адзін супраць аднаго».