Ваўкавыскі вузел

2 сакавіка на прэс-канферэнцыі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў паведаміў журналістам, што бліжэйшым часам Мікалаю Аўтуховічу, Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку могуць высунуць новыя абвінавачванні. «Ваўкавыскім прадпрымальнікам можа быць прад’яўлены шэраг новых абвінавачванняў у сувязі з падрыхтоўкай цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў», — заявіў міністр. Ён адзначыў, што «гэтая справа не звязана з выбухам 4 ліпеня ў Мінску».



6883966fd8f918a4aa29be29d2c386fb.jpg

2 сакавіка на прэс-канферэнцыі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў паведаміў журналістам, што бліжэйшым часам Мікалаю Аўтуховічу, Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку могуць высунуць новыя абвінавачванні. «Ваўкавыскім прадпрымальнікам можа быць прад’яўлены шэраг новых абвінавачванняў у сувязі з падрыхтоўкай цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў», — заявіў міністр. Ён адзначыў, што «гэтая справа не звязана з выбухам 4 ліпеня ў Мінску».

За развіццём падзей у справе ваўкавыскіх вязняў сочыць, а таксама аказвае неабходную юрыдычную дапамогу сваякам былы следчы, праваабаронца Алег Волчак. Разам з ім мы прагледзелі дакументы па справе, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, а таксама паспрабавалі знайсці тлумачэнне абвінавачванням, якія многія лічаць абсурднымі.

Ужо былыя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя 8 лютага ў Ваўкавыску. Затрыманнямі і вобшукамі кіравалі міліцэйскія чыны ў званнях ад капітана да падпалкоўніка, удзельнічалі байцы спецыяльнага падраздзялення «Алмаз». У выніку былі канфіскаваныя лісты прыватнай перапіскі, дакументы, дыскі, сістэмныя блокі кампутараў, мабільныя тэлефоны, а таксама гаспадарчыя прылады і матэрыялы — бляшаная банка з прыпоем у Асіпенкі, скрутак меднага дроту даўжынёй 186 сантыметраў і пяць паляўнічых патронаў (іх уладальнік раней меў дазвол на захоўванне і выкарыстанне паляўнічай стрэльбы) у Аўтуховіча, канцэлярскі стэплер і набор для пайкі ў Лявонава.

Паралельна вобшук быў праведзены ў офісе фірмы, дзе Аўтуховіч працаваў кіроўцам. У гаспадыні фірмы Людмілы Парэмскай канфіскавалі візітоўкі, лісты з прыватнай перапіскі, дыскі, sim-карты да мабільных тэлефонаў. 18 лютага Аўтуховічу, Лявонаву і Асіпенку было прад’яўлена абвінавачванне ў падпале дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС. Падпал быў здзейснены яшчэ ў 2005 годзе. Вінаватыя ў ім адбываюць пакаранне. У час, калі разбіралася справа аб падпале, імя Аўтуховіча фігуравала ў справах следства як мяркуемага падбухторшчыка. Але доказаў віны не было, і ўсе абвінавачванні былі знятыя.

Праваабаронца падзяліўся іншымі версіямі арышту. За два тыдні да арышту Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі пад Ваўкавыскам быў знойдзены гранатамёт. Ёсць інфармацыя, што нават затрымалі некага Ларына, які быццам бы меў да зброі дачыненне і калісьці працаваў з Аўтуховічам. Магчыма, следчыя органы пачалі адпрацоўваць версію датычнасці да гэтага факту Аўтуховіча, але ніякіх вочных ставак за гэты час не было. «У мяне ёсць аргументы, якія падаюцца слушнымі і даказваюць, што віны арыштаваных асобаў у падпале ды іншай незаконнай дзейнасці няма, — гаворыць Алег Волчак. — Да «налёта» 8 лютага нікога з іх не выклікалі ў міліцыю, ніякіх прэтэнзій па гэтай справе не было. На 10 лютага было прызначанае судовае паседжанне, дзе павінна была разглядацца справа пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне Аўтуховіча і Лявонава».

«Дакументы пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне рыхтуюцца загадзя, — удакладняе праваабаронца, — вывучаецца магчымая датычнасць асобаў да правапарушэнняў. Калі гэтага не было зроблена амаль да суда, значыць рашэнне пра абвінавачванне Аўтуховіча і Лявонава паспешлівае. Да таго ж Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка апошнім часам не падтрымлівалі блізкіх кантактаў, Асіпенка быў беспрацоўным, Лявонаў і Аўтуховіч працавалі ў розных фірмах».

На днях стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі дапыталі ў межах крымінальнай справы, заведзенай па факту спробы падпалу ў ноч з 6 на 7 лютага будынка Камітэту дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці (невядомыя разбілі шкло бутэлькай з нявызначанай сумессю), грамадскага актывіста з Астраўца Івана Крука. Алег Волчак лічыць, што Аўтуховіча, Асіпенку, Лявонава таксама правяраюць на датычнасць да гэтай справы.

Напрыканцы лютага сваякі Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі звярнуліся да кіраўніка следчай групы Кухарчыка дазволіць ім выступаць у якасці абаронцаў у судзе. На гэты крок сваякоў падштурхнула з’яўленне ў дзяржаўных СМІ інфармацыі пра тое, што арыштаваныя ледзь не бандыцкую групоўку стваралі, а пры вобшуках былі знойдзеныя агнястрэльная зброя і выбухоўка. Кухарчык сваякам у магчымасці абараняць інтарэсы родных адмовіў. Алег Воўчак гаворыць, што паводле артыкула 44 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса і артыкула 62 Канстытуцыі Беларусі сваякі маюць на гэта права.

«Следчы спаслаўся на артыкул 44 КПК, аргументаваўшы сваё рашэнне тым, што толькі ў судзе блізкія сваякі маюць права выступаць абаронцамі абвінавачваных. Аднак гэта яго асабістая інтэрпрэтацыя артыкула, які не адмяняе права сваякоў выступаць у якасці абаронцаў абвінавачваных на папярэднім этапе следства», — адзначае праваабаронца. Паводле яго слоў, да матэрыялаў справы не хочуць дапускаць сваякоў, бо баяцца галоснасці. Звычайна адвакаты больш асцярожныя ў агучванні інфармацыі, бо не хочуць страціць ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць. Сваякам жа баяцца няма чаго.

Алег Волчак ўпэўнены: «Калі б былі законныя падставы, то следства ўжо дало б ясныя тлумачэнні па справе». На мінулым тыдні Упаўнаважаны Федэральнага ўрада Германіі ў Федэральным міністэрстве замежных спраў па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Наоке пасля сустрэчы з прадстаўнікамі МУС Беларусі паведаміў, што яму так і не ўдалося атрымаць вычарпальных фактаў па справе Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч паведаміў, што праваабаронцы пакуль устрымліваюцца ад прызнання справы Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенкі палітычна матываванай. Магчыма, такое рашэнне будзе прынятае пасля судовага працэсу. Юрыст адзначыў, што пакуль занадта мала інфармацыі — як афіцыйнай, так і неафіцыйнай, — каб рабіць нейкія высновы.

«Абвінавачванне мае непалітычны характар. У нас няма ясных аргументаў наконт таго, што справа заведзеная за палітычныя перакананні, — тлумачыць пазіцыю юрыст. — Цяпер складаны перыяд, мы бачым, што заводзіцца шэраг крымінальных спраў на людзей, якія з’яўляюцца актывістамі грамадзянскай супольнасці. Але трэба быць абачлівымі, бо самае горшае, што можа быць, гэта калі дэвальвуецца само паняцце палітвязня». Арганізацыя Amnisty International у сваіх ацэнках займае яшчэ больш жорсткую пазіцыю, і прызнае асобу вязнем сумлення толькі тады, калі чалавек пацярпеў за выказванне сваіх перакананняў. Напрыклад, ніводны чалавек з «працэсу 14-ці» па леташняй справе аб мітынгах прадпрымальнікаў не быў прызнаны вязнем сумлення.

P.S. Акрамя Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі, пад крымінальным пераследам цяпер знаходзяцца фігуранты «справы 14-ці», якія летась былі асуджаныя за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў асуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суда ён знаходзіўся ў следчым ізалятары часовага ўтрымання. Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субоч і Павел Вінаградаў былі асуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання ў адмысловыя ўстановы для адбыцця тэрміна.

Максім Дашук як непаўналетні атрымаў паўтара гады абмежавання волі. Усе гэтыя асобы фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам і за люое парушэнне могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці — пазбаўленыя волі.

Ужо прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад адбывання пакарання Максіму Дашуку. Было зафіксавана пяць парушэнняў ім парадку адбывання пакарання. Максім сцвярджае, што ў сувязі са складаным фінансавым становішчам у сям’і дапамагае маці на працы. Але калі чалавек, асуджаны да такога пакарання, не знаходзіцца ў вызначаны час дома, гэта падстава лічыць ухіленнем ад адбыцця пакарання. Аналагічная крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса заведзеная на Арцёма Дубскага. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Таццяна Цішкевіч навучаецца ў Польшчы, а калі вернецца ў Беларусь, то міліцыя мае падставы яе арыштаваць за парушэнне вышэйназванага артыкулу Крымінальнага кодэкса. Пакаранне прадугледжвае ад шасці месяцаў да трох гадоў турмы.

Фармальна, Дашука, Дубскага, Цішкевіч можна прыцягнуць да адказнасці. Але паўстае пытанне: наколькі справядлівым і абгрунтаваным быў прысуд за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў? І калі ён выклікае сумневы, то з этычнага боку паўстае пытанне мэтазгоднасці выканання ўмоў рашэння суда.

---------------------------------------------------------------

Даведка ад Алега Волчака:

Мікалай Аўтуховіч у 2006 годзе быў асуджаны на тры гады і шэсць месяцаў зняволення з канфіскацыяй маёмасці, а дырэктар фірмы «Ніка-транс» Юрый Лявонаў — на тры гады і пяць месяцаў. Тады суд пастанавіў, што Аўтуховіч з дапамогай Лявонава нібыта ўхіляўся ад выплаты падаткаў, перавозіў пасажыраў і багаж на аўтамабілях таксі, не рэгіструючы камерцыйнай фірмы і не маючы адпаведнай ліцэнзіі. Праваабаронцы лічылі, што справа была надуманая, і насамрэч вязні былі пакараныя за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання была змененая на абмежаванне волі.

-------------------------------------------------------------------

Заява Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі

18 лютага 2009 года лідэрам прадпрымальніцкага руху М. Аўтуховічу, Ю. Лявонаву, У. Асіпенку было прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 218 Крымінальнага кодэкса, і іх пакінулі за кратамі. Зусім нядаўна мы радаваліся вызваленню палітвязняў, у тым ліку выхаду на волю нашых калегаў-прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава. Толькі павагу маглі выклікаць мужнасць, адказнасць, прынцыповасць гэтых людзей, якія, нягледзячы на ціск сілавых структураў, занялі актыўную грамадскую пазіцыю ў абарону незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі.


Нашы ваўкавыскія калегі дапамагалі наладжваць працу Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў, адным з лідэраў якой з’яўляецца Мікалай Аўтуховіч. Мы добра ведаем М. Аўтуховіча, Ю. Лявонава, У. Асіпенку па сумеснай дзейнасці ў абарону правоў прадпрымальнікаў і адказна заяўляем, што іх пераслед носіць не крымінальны, а палітычны характар. Мы выказваем абурэнне пераследам уладамі нашых калег. Мы салідарныя з Мікалаем, Юрыем і Уладзімерам і іх сем’ямі. Не разумеем безадказнасці ўладаў, якія дапусцілі з’яўленне новых палітзняволеных, цудоўна разумеючы, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі Беларусі і пагаршэння адносінаў з міжнароднай супольнасцю.


Сённяшні рэжым зноў узяў закладнікаў дзеля застрашвання беларускага грамадства. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення М. Аўтуховіча, Ю. Лявонава, У. Асіпенкі і спынення супраць іх крымінальнай справы. Мы заклікаем усіх людзей добрай волі зрабіць усе магчымае, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў.