Вадзім Мажэйка: Думаць пра рэпутацыю Лукашэнку ўжо позна

Аналітык «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» Вадзім Мажэйка — пра магчымае размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com


Паводле даных Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, Расія размясціла ядзерную зброю не толькі ў акупаваным РФ украінскім Крыме, але і на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, існуе верагоднасць, што Уладзімір Пуцін разглядае Беларусь як тэрыторыю для ядзерных правакацый, — пішаВадзім Мажэйка для «УНІАН».

Пакуль мы не чулі аніякай канкрэтыкі. Але калі выведкі паведамляюць пра падрыхтоўку да правакацый, гэта не значыць, што гэтыя звесткі нічым не падмацаваныя. І я б не выключаў, што гэтыя заявы нацэленыя на атрыманне рэакцыі ад беларускага Мінабароны.


З іншага боку, такія заявы варта рабіць, бо, магчыма, менавіта абнародаванне інфармацыі пра планы праціўніка пазбаўляе сэнсу іх рэалізаваць. Напрыклад, можна ўспомніць заяву пра магчымую падрыхтоўку правакацый на Астравецкай атамнай станцыі... Не выключана, што пасля раскрыцця гэтых планаў РФ папросту губляе матывацыю ўчыняць правакацыі.

Гэта значыць, калі на беларуска-ўкраінскай мяжы нешта адбудзецца, будзе шмат сумневаў. Хтосьці відавочна будзе лічыць такую правакацыю выключна расійскай.

Яшчэ адзін момант: Лукашэнка сапраўды не раз пагражаў Захаду размяшчэннем на сваёй тэрыторыі «звыш ядзернай» расійскай зброі. Такія заявы беларускі дыктатар рабіў і ў лістападзе 2021-га года, і на пачатку лютага 2022-га, гэта значыць, ужо напярэдадні нападу РФ на Украіну. Але тады ён, хутчэй, падыгрываў Пуціну. Думаць пра рэпутацыю яму было ўжо позна, а зрабіць Пуціну прыемна — нічога не каштавала. Акрамя таго, тыя заявы былі празрыстым намёкам Захаду пра неабходнасць спыніць санкцыі і ізаляцыю РБ. Маўляў, у адваротным выпадку пайду да Пуціна, аж да размяшчэння яго «ядзеркі», таму забудзьцеся пра парушэнні на выбарах і сябруйце са мной.

Сёння ж, калі Лукашэнка дагуляўся да ролі суагрэсара ў вайне супраць Украіны, ён і праўда не супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Ён разумее, што Пуцін наўрад ці будзе выкарыстоўваць якія-небудзь ракеты з ядзернымі боегалоўкамі супраць яго самога. Куды больш небяспечны для рэжыму Лукашэнкі, у яго ўяўленні, выглядаюць расійскія танкі, якія зайшлі ў Беларусь. Вайсковую тэхніку Пуцін мог бы выкарыстаць для змены ўлады ў Мінску. Ядзерную зброю — не.

Вядома ж, гэта вельмі сумнеўная логіка, але так можна растлумачыць, чаму Лукашэнка не супраць.


Разам з тым, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ўсё ж уяўляе пагрозу для Беларусі. Калі ўзгадаць дыскусіі аналітыкаў пра магчымасць Расіі нанесці па Украіне ўдар тактычнай ядзернай зброяй, то адстаўныя амерыканскія сілавікі не раз заяўлялі, што краіны NATO могуць разгледзець варыянт несіметрычнага адказу РФ. І калі не па тэрыторыі самой Расіі, то, да прыкладу, па расійскіх вайсковых аб'ектах па-за яе межамі. У гэтым кантэксце размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі робіць яе менавіта такой патэнцыйнай мэтай для NATO.

У NATO абавязкова звернуць увагу на размяшчэнне ядзернай зброі РФ у Беларусі. Але для гэтага альянс павінен убачыць больш доказаў пра такія факты. І калі яны ёсць, магчыма, варта было б іх ужо апублікаваць.