БагатаДата 6–12 ліпеня
Сусветны дзень народанасельніцтва і Міжнародны дзень Дняпра. Іншыя цікавыя даты і падзеі — у нашым аглядзе.
6 ліпеня
Міжнародны дзень Дняпра. Адзначаецца ў першую суботу ліпеня. Гэта трэцяя па даўжыні і плошчы басейна пасля Волгі і Дуная рака.
1909. У вёсцы Бараўцы Баранавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся ваенны лётчык Сяргей Грыцавец. Ён першы, хто стаў двойчы Героем Савецкага Саюза. Збіў больш за 40 самалётаў падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі і ў вайне супраць японцаў. Пад Халхін-Голам здзейсніў подзвіг, выратаваў камандзіра. Пасля таго, як збілі самалёт камандзіра, той спусціўся на парашуце наўпрост у лагер праціўніка. Грыцавец пасадзіў туды свой самалёт, падхапіў камандзіра і ўзняўся ў паветра. Сяргей Грыцавец павінен быў браць удзел у паходзе савецкіх войскаў на Польшчу 17 верасня 1939 года, але за дзень да гэтага загінуў у авіякатастрофе ў Аршанскім раёне.
7 ліпеня
Купалле. Старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні.
1864. Адкрылася Маладзечанская настаўніцкая семінарыя — адна з першых у Расійскай імперыі. Тут, напрыклад, навучаліся Чарот, Рак-Міхайлоўскі, Забэйда-Суміцкі.
8 ліпеня
1949. У вёсцы Жданава Вінніцкай вобласці Украіны нарадзіўся вядомы сучасны каталіцкі святар Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. За савецкім часам арыштоўваўся за «рэлігійную прапаганду», прымусова змяшчаўся ў псіхіятрычную лякарню. У Беларусі служыць з 1984 года — спачатку ў Глыбокім і Мосары.
1974. У Чалябінску нарадзіўся хакейны брамнік Андрэй Мезін, былы гулец зборнай Беларусі. Чатыры разы прызнаваўся найлепшым хакеістам нашай краіны. Менавіта Мезін, які меў мянушку «Скала», быў у браме, калі Беларусь сенсацыйна выйграла ў шведаў у чвэрцьфінале Алімпіяды–2002.
9 ліпеня
1954. У Мінску нарадзілася скульптар Святлана Гарбунова. Сярод яе твораў — помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы.
10 ліпеня
1994. У другім туры на першых выбарах прэзідэнта Беларусі перамог дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка. Ён набраў 80,1% галасоў (з улікам яўкі гэта было 56% галасоў усіх выбаршчыкаў). Яго супернік прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч атрымаў 14,1%.
11 ліпеня
Сусветны дзень народанасельніцтва.
1934. У Харкаве нарадзіўся спявак, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік дзяржаб’яднання «Белканцэрт» Віктар Вуячыч. У Беларусі спявак апынуўся выпадкова. Пры канцы службы ў арміі вырашыў, што паедзе туды, куды патрапіць пальцам на мапе. Выпаў Мінск.
12 ліпеня
1914. У вёсцы Крывель Шклоўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся папулярны савецкі кінаакцёр Пётр Алейнікаў («Сямёра смелых», «Трактарысты», «Вялікае жыццё»). Пры канцы 1990-х гадоў у Крывелі адкрыўся Дом-музей акцёра.