Дзесяць фактаў пра Беларусь са сталінскага падручніка па геаграфіі

Калі разгарнуць звычайны школьны падручнік па геаграфіі 1952 года, то складваецца ўражанне, што гаворка ў ім ідзе нібыта і не пра Беларусь. Якой паўстае наша краіна на старонках адукацыйнага выдання апошняга года сталінізму?

Савецкія вучні, 1950-я

Савецкія вучні, 1950-я

Класічнай працай па геаграфіі Беларусі лічыцца кніга Аркадзя Смоліча «Географія Беларусі», якая пабачыла свет у 1919 годзе. Гэта не толькі грунтоўная даследчая праца, але і выдатны літаратурны твор, галоўныя героі якога — краявіды і глебы, азёры і лясы, людзі Беларусі… У гады беларусізацыі гэта кніга стала яшчэ і ўніверсальным падручнікам. 


Але пасля таго, як шаноўны прафесар Смоліч трапіў у вір палітычных рэпрэсій і быў выкраслены з навуковага і грамадскага жыцця, была выкраслена не толькі яго праца, але і наогул геаграфія Беларусі як прадмет. Вывучэнне геаграфіі асобнай рэспублікі стала праявай «махровага нацыяналізму»… «Рэабілітавалі» геаграфію Беларусі толькі праз дзесяцігоддзе, і то вельмі асцярожна.

Аркадзь Смоліч

Аркадзь Смоліч

Новы адмысловы падручнік пабачыў свет толькі ў 1952 годзе. У прадмове да выдання, якое адрасавана вучням 7 і 8 класаў, адзначаецца, што «спецыяльны прадмет — геаграфія БССР — у сярэдняй школе пакуль што не вывучаецца. Але кожны настаўнік, які выкладае геаграфію СССР, павінен вызначыць пэўны час і даць больш поўнае асвятленне геаграфіі нашай рэспублікі». Як бачым, рабіліся вельмі асцярожныя і абачлівыя крокі, яшчэ не знік цень і страх быць абвінавачаным у «нацыяналізме»… У той час геаграфія Беларусі хоць і не была самастойным прадметам, але падручнік па дысцыпліне падрыхтаваны быў.

Аркадзь Смоліч выкладае геаграфію

Аркадзь Смоліч выкладае геаграфію

Пісалі яго два аўтары: дацэнт, кандыдат геаграфічных навук, супрацоўнік геаграфічнага факультэта БДУ Васіль Аляксеевіч Дзяменцьеў (1908–1974) і дацэнт, кандыдат геаграфічных навук, дэкан геаграфічнага факультэта БДУ Мікалай Тарасавіч Раманоўскі (1912–1997). Цікава, што першы аўтар быў этнічны рускі, які трапіў на працу ў БССР у 1937-м годзе, а другі — этнічны беларус. Пэўна, зроблена гэта ўсё з той жа мэтай бяспекі: калі б падручнік па геаграфіі Беларусі пісалі толькі беларусы, гэта магло б выклікаць падазрэнні ў адпаведных органаў. 

Мінск, 1950-я

Мінск, 1950-я

Культ асобы Сталіна, дапамога вялікага рускага народа:  прапаганда — паўсюль

У СССР палітызавалася ўсё. І школьны падручнік па геаграфіі не выключэнне. Красамоўна пра гэта кажа цытата з самых першых старонак падручніка: «Толькі пасля перамогі Кастрычніка беларускі народ пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі большэвікоў і яе мудрых правадыроў В. І. Леніна і І. В. Сталіна, пры дапамозе вялікага рускага народа ўпершыню ў гісторыі атрымаў сваю дзяржаўнасць». 

Цытаты Сталіна і Леніна прыводзяцца на любы выпадак, камуністычныя ідэі, вытрымкі з пастаноў з’ездаў і пленумаў трансліруюцца ва ўсіх раздзелах вучэбнага дапаможніка. Чырвонай ніткай праз кожны параграф з эканамічнага раздзела праходзіць думка, што да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі ўсё было блага, і толькі прыход «совецкай» (так у падручніку) улады і рука дапамогі «вялікага рускага народа» ўратавалі гаротных беларусаў.

fota_z_padrucznika_logo.jpg

Мова падручніка – беларуская

Гэта той час, калі ў Беларусі адукацыя на беларускай мове займала трывалыя пазіцыі. Калі друкаваўся падручнік, яшчэ не была праведзена школьная рэформа 1958 года, пасля якой бацькі атрымалі права выбару мовы навучання і права вырашаць: ці трэба дзецям вывучаць нацыянальную мову. Выдадзены падручнік і да паправак у граматыку беларускай мовы 1959 года. Так, падручнік быў напісаны згодна з правапісам 1934 года гэтак званай «наркамаўкай». Тады яшчэ не дзейнічаў прынцып пашырэння акання на ўсе словы, незалежна ад паходжання. То і сустракаюцца на старонках падручніка напісанні «совецкі», «дарэволюцыйны», «большэвікоў», «пролетары» і іншыя, цалкам неадпаведныя сучаснай граматыцы.

fota_z_padrucznika_pa_heahrafii_bssr_logo.jpg

Вайна і пасляваенная адбудова

Натуральна, што моманты, звязаныя з падзеямі Другой Сусветнай вайны, пасля якой не прайшло і дзесяцігоддзя, яскрава адлюстраваны ў падручніку. Увага акцэнтуецца і на каласальных стратах рэспублікі. Натуральна і тое, што апісаныя падзеі і наступствы вайны вельмі ідэалагізаваны з выкарыстаннем поўнага набору вядомых на сёння нам штампаў і трывалых выразаў. Гэта — адбітак часу. Адраджэнне краіны, адбудова гаспадаркі — галоўныя падзеі дзесяцігоддзя, якімі партыйныя ідэолагі карысталіся напоўніцу. Подзвіг перамогі ў вайне падтрымліваўся ідэйна працоўным подзвігам адбудовы краіны.

fota_z_padrucznika__5__logo.jpg

Беларусь — малая краіна?

Гэты міфічны тэзіс можна часта пачуць у наш час. Калі ён з’явіўся, цяжка сказаць… Але аўтары падручніка 1950-х гадоў на пытанне, ці маленькая БССР краіна, даюць адназначны адказ — не. Плошча краіны на той момант, як і зараз, складала 207,6 тыс. кв. км, што дало падставы аднесці Беларусь да краін сярэдняй велічыні. У падручніку смела параўноўваецца і адзначаецца, што наша краіна нямногім меншая за Вялікабрытанію і Югаславію, у два разы з лішнім большая за Партугалію, у пяць разоў —  за Данію, у сем — за Бельгію.

Карта Беларусі са старонак падручніка, дзе краіна падзелена на 12 абласцей

Карта Беларусі са старонак падручніка, дзе краіна падзелена на 12 абласцей

Беларусь падзелена на… 12 абласцей!

Большай колькасці адміністрацыйных адзінак у Беларусі ХХ стагоддзя не існавала. Падручнік быў выдадзены якраз тады, калі Баранавічы, Бабруйск, Маладзечна, Пінск, Мазыр і Полацк былі абласнымі цэнтрамі. Ужо літаральна праз 2 гады адміністрацыйны падзел будзе зменены, а да 1960 года застанецца толькі 6 абласцей.

Адміністрацыйны падзел Беларусі, 1952 год

Адміністрацыйны падзел Беларусі, 1952 год

Гарады

Усяго ў БССР гарадоў налічвалася разам са сталіцаю (бо Мінск меў статус горада рэспубліканскага падпарадкавання) 67. Цяжка паверыць, але такіх буйных гарадоў, як Наваполацк, Салігорск, Светлагорск (без якіх жа немагчыма ўявіць сучасную Беларусь!), тады яшчэ не існавала. Затое ў падручніку бадзёра рапартуецца, што вось нядаўна статус горада займелі наступныя сельскія паселішчы: Дзяржынск, Крычаў, Асіповічы, Слаўгарад, Дрыса…

fota_z_padrucznika__10__logo.jpg

Аб насельніцтве

А вось звесткі па насельніцтве прыводзяцца паводле перапісу… 1939 года! Сцвярджаецца, што Беларусь насялялі 9,3 млн. чалавек… Але ж прайшла вайна, палітычныя рэпрэсіі, мелі месца велізарныя страты насельніцтва. Застаецца толькі гадаць, чаму падаецца неактуальная лічба даваеннай колькасці насельніцтва. Няўжо за мірнае дзесяцігоддзе не былі падлічаны ахвяры вайны? Ці гэта спроба скрыць страты ў вайне і віры рэпрэсій? Версій можа быць шмат.

Дзяўчаты са Случчыны на ўборцы кок-сагызу

Дзяўчаты са Случчыны на ўборцы кок-сагызу

Кок-сагыз і махорка

Што вырошчвалі на палях Савецкай Беларусі? Калі ў зерневых культурах спрадвеку і да нашага часу нічога асабліва не мянялася, то тэхнічныя культуры выклікаюць цікавасць. Першае месца па значнасці займае лён-даўгунец, той самы, з цераблення якога даўно злажылі жарт на абшарах сеціва. А вось другой па важнасці культурай быў… кок-сагыз (з яго карэння здабываюць каўчук). Гэта расліна была завезена ў БССР у 1933 годзе з Казахстана. Калі коратка, засяванне кок-сагыза пры Сталіне — гэта як вырошчванне кукурузы пры Хрушчове: планавая бязглуздая сяўба культуры паўсюль, нават там, дзе яна не расце. Віднае месца сярод тэхнічных культур займаюць і каноплі. Тады з іх рабілі канаты і палатно. А замыкае рэйтынг значных тэхнічных культур махорка, пасевы якой «атрымалі значнае развіццё за гады совецкай улады». Сеялася яна з мэтай забеспячэння асабістых патрэб сялян.

fota_z_padrucznika__7__logo.jpg

Вельмі распаўсюджаны гарнастай 

Калі выйшаў падручнік, гарнастай у Беларусі быў звычайным распаўсюджаным відам, які цаніўся з-за сваёй футравіны. Але зараз ён на мяжы знікнення і не так даўно быў занесены ў Чырвоную кнігу.

fota_z_padrucznika__9__logo.jpg

Самалётам у Мазыр

У пераліку транспарту рэспублікі адзначаецца і паветраны, развіццё якога «пачалося толькі пасля Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі». Прынамсі, як і ва ўсім астатнім свеце, калі ў гэты ж час ўсталявалася трывалае грамадзянскае паветранае злучэнне паміж гарадамі. Затое ў той час былі пашыраны авіясувязі ўнутры краіны. З Мінска можна было дабрацца на самалёце ў Віцебск, Пінск, Гродна, Мазыр.    

fota_z_padrucznika__6__logo.jpg

Падручнік багата ілюстраваны. Акрамя традыцыйных для геаграфічных дапаможнікаў матэрыялаў (карт глебы, рэльефу, адміністрацыйнага падзелу) на старонках выдання змешчаны фотаздымкі з жыцця тагачаснай Беларусі: адноўленыя гарады, прамысловыя дасягненні, калгасы.

І хоць гэта была першая нясмелая спроба вярнуць геаграфію Беларусі на пачэснае месца, але падручнік усё роўна не зраўняецца з выдатнай працай Аркадзя Смоліча, бо той напісаны са шчырай любоўю да Беларусі. «Совецкім» аўтарам гэтага яўна бракавала.