«Мілая Шурачка! Я не атрымліваю тваіх лістоў…»

27 чэрвеня 1930 года па сфабрыкаванай ГПУ справе «Саюза вызвалення Беларусі» ў Мінску быў арыштаваны Аркадзь Смоліч. Прапануем вытрымкі з яго лістоў, напісаных у мінскім следчым ізалятары, якія ўпершыню былі апублікаваны ў «Новым Часе» ў 2015 годзе.



kp006134_1_logo.jpg

Алеся і Аркадзь Смолічы. Мінск, 1920 год. З фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Мінск)

Вясной і летам 1930 года прайшла хваля арыштаў па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле звестак Уладзіміра Міхнюка, было арыштавана 108 чалавек.

Справа «СВБ» павінна была стаць узорнай па пакаранні «нацыянал-дэмакратаў» у БССР. Рыхтаваўся адкрыты суд накшталт таго, які быў праведзены ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Украіны».

Аднак далёка не ва ўсіх выпадках следчым удалося атрымаць патрэбныя ім паказанні. Частка арыштаваных адмовілася прызнаваць якую б там ні была віну. Яшчэ адна частка сведчыла, але ў сведчаннях былі прызнанні настолькі нязначных «палітычных памылак», што на крымінальны пераслед яны не цягнулі.

27 лістапада зрабіў спробу самагубства Янка Купала, якога дапытвалі ў ГПУ па справе «СВБ». Нарэшце, 4 лютага 1931 года скончыў жыццё самагубствам Усевалад Ігнатоўскі, якога не арыштавалі, але выклікалі на допыты па той самай справе.

У гэтых умовах ад паказальнага судовага працэсу ГПУ адмовілася. У сакавіку і красавіку 1931 года судовая калегія АДПУ СССР вынесла прысуды 90 фігурантам справы «Саюза вызвалення Беларусі». 13 чалавек былі асуджаны на розныя тэрміны ў лагерах. Праз некалькі тыдняў асуджаныя былі этапаваны праз Маскву ў месцы высылкі. Сярод іх быў і Аркадзь Смоліч (атрымаў 5 гадоў), актыўны дзеяч БСГ, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, народны сакратар асветы ў першым урадзе БНР.

Сям’я Аркадзя Смоліча захавала яго ўнікальныя лісты з турмаў і высылкі 1930-х гадоў. Само па сабе захаванне дакументаў было грамадзянскім учынкам: многія сваякі «ворагаў народа» з-за страху пазбаўляліся ад звязаных з імі рукапісаў. З гэтымі лістамі даследчыкі знаёміліся і раней, пакуль дакументы яшчэ захоўваліся ў нашчадкаў Смоліча. У прыватнасці, сціслыя вытрымкі з іх былі апублікаваны ў брашуры Андрэя Болатава і Аркадзя Рыдзеўскага «Ахвяруючы сябе Бацькаўшчыне: Аркадзь Смоліч» (Мінск, 1999).

У 2011 годзе вялікая колькасць дакументаў Аркадзя Антонавіча Смоліча і яго жонкі Алесі (Аляксандры Ігнатаўны) Смоліч была перададзена іх нашчадкамі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск). Цяпер знаёмства з дакументамі значна спрасцілася (варта ўзяць пад увагу і тое, што нашчадкі Смолічаў, якія захоўвалі архіў, жывуць на Украіне).

Ніжэй будуць прыведзены некаторыя ўрыўкі з ліставання Аркадзя Смоліча з сям’ёй за чэрвень 1930 — чэрвень 1931 гадоў, калі ён знаходзіўся ў мінскай і маскоўскай (Бутырка) турмах ГПУ ў часе следства, чаканні прысуду і на перасылцы.

kp011044_logo.jpg

Большасць напісаных рукой Смоліча ў турме дакументаў, што захаваліся, — кароткія цыдулкі, якія траплялі на волю разам з перадачамі. Аляксандра Ігнатаўна прыносіла Аркадзю Антонавічу перадачу, а з ёй перадавала цыдулку з пералікам прадуктаў і рэчаў у перадачы і некалькімі радкамі пра сябе і сям’ю (стан здароўя, настрой). У адказ Аркадзь Антонавіч мог перадаваць нейкія рэчы (зімовую вопратку ўвесну, прачытаныя кнігі, пусты посуд, брудную бялізну) і таксама пісаў цыдулку («перадачу атрымаў» і некалькі слоў пра здароўе).

Вось што, напрыклад, пісаў Аркадзь Смоліч ад 15 ліпеня (падаецца сучасным афіцыйным правапісам): «Маё здароўе без змен. Прывыкаю. Вельмі рад, што ў вас усё добра, мне будзе спакайней. Дзякуй Сімку (сын Смолічаў Максім, народжаны ў 1918 годзе) за ліст, хай ён будзе добрым хлопцам і памагае маме. Добра і што вучышся. Ці шукаеш працы сталай? Як Масенька (малодшая дачка Марыя, якая на момант арышту бацькі была яшчэ немаўлём) і ўсе хатнія? Абы хоць былі здаровыя. Пасланае ўсё атрымаў.

Яды ты мне не прысылай — псуецца. Асабліва не трэба яек, сыру, блінцоў, катлет, булак. Аграсту прысылай патроху. Таксама трэба прыслаць іголку з ніткай. Прышлі фатаграфіі свае і дзяцей і акуратна прысылай мясцовую газету. Цалую ўсіх вас крэпка. Не нудзіцеся. Аркадзь. — Пішы больш аб сабе».

Спачатку цыдулкі дазвалялі пісаць па-беларуску. Але з канца ліпеня 1930 года цыдулкі Аркадзь Смоліч вымушаны пісаць толькі па-руску. Ці то турэмнага наглядчыка, адказнага за перадачы, змянілі на нядаўна прыбылага з Расіі, ці то ГПУ вырашыла аказваць на нацдэмаў дадатковы ціск, прымушаючы іх стасавацца з сем’ямі па-руску.

Пры гэтым лісты і паштоўкі ў сваёй большасці пісаліся і надалей па-беларуску. У лістах і паштоўках напісаць было можна болей, але ішлі яны даўжэй — праходзілі цэнзуру. Так, напісаная 5 жніўня 1930 года паштоўка была праштэмпелявана поштай толькі 9 жніўня. У ёй Аркадзь Смоліч прасіў Алесю перадаць кнігі, у тым ліку нямецкамоўныя: дапаможнік па геаграфіі Вагнера, падручнік па картаграфіі Экерта і «кніжку з нямецкай паэзіяй». У зняволенні беларускі географ не толькі замацоўваў сваё веданне нямецкай мовы, але і вучыў па самавучыцелях англійскую. Працягваў ён і навуковую працу, пісаў артыкулы, нават спадзяваўся на іх публікацыю, але марна.

Амаль у кожным лісце Аркадзь Смоліч супакойваў Алесю наконт свайго здароўя. «Я здароў саўсім, раматуз ад лета не адзываўся», — пісаў ён у лісце ад 25 снежня 1930 года. І вельмі часта рэфрэнам праз лісты і цыдулкі праходзіць просьба меней прысылаць ежы. У тым самым лісце: «Жыву наогул па-даўнейшаму, харчуюся добра, пэўна, лепш за вас, таму ты менш прысылай усякай яды; і то мяса, масла, булак не трэба саўсім».

Пастаянна паўтараў вязень просьбу часцей пісаць лісты ці хаця б паштоўкі. Адсутнасць лістоў можна часткова патлумачыць занятасцю Алесі, але, відаць, многае не праходзіла праз турэмную цэнзуру. Частку лістоў маглі затрымліваць, каб панерваваць Аркадзя. У лісце ад 27 лістапада 1930 года ён пісаў: «Мілая Шурачка! Я ўсё не атрымліваю тваіх лістоў; напішы, калі ты апошні выслала. Непрыемна, што я саўсім не ўяўляю сабе вашых інтарэсаў, штодзённых клопатаў, не ведаю, як вам жывецца, як думаецца. Баюся за цябе, што ты нервуешся без патрэбы. [...] Як твая служба, дзе ты працуеш, з кім і на якіх умовах; ці палягчэла хоць трохі з работай? Як ты сябе адчуваеш, напішы акуратна. За здароўем глядзі цяпер асабліва моцна, бо і празябіцца лягчэй, і хварэць табе тым часам ніяк не выпадае. Як маюцца дзеці, як яны пераносяць асенняе надвор’е? Як з навукай у большых. Ці вялікая вырасла Масенька, і што яна робіць, з кім гуляе? Ці вучацца дзеці па-нямецку, ці многа чытаюць? Як іх грамадская праца ідзе? Чакаю і ад іх уласных лістоў».

kp011055_logo.jpg

На жаль, лісты Алесі Смоліч у турму амаль не захаваліся — ацалелі толькі некалькі за год зняволення.

Алеся Смоліч засталася з трыма дзецьмі і сваімі бацькамі-пенсіянерамі. На момант арышту яна не працавала, бо даглядала маленькую Мусю (Масеньку). Сціплыя зберажэнні сям’і былі вельмі хутка праедзены, у значнай ступені яны пайшлі на перадачы ў турму: ежу, вопратку, газеты і кнігі. Давялося ўладкоўвацца на працу, на пошук якой сышло некалькі месяцаў. Але грошай тая праца прыносіла мала, часу забірала шмат. У недатаваным лісце (верагодна, за кастрычнік 1930 года) Алеся Смоліч пісала: «Са службы прыходжу трохі змораная, хоць на паперы лічуся справаводам, але паколькі ёсць сакратар, дык мне фактычна найбольш прыходзіцца быць кур’ерам і экспедытарам, а ўстанова раскідана па далёкіх пакоях і на 2-х паверхах. Бывае, што да 4 гадзін не паспяваю закончыць сваёй працы — гэта ў тых выпадках, калі трэба перадаваць па тэлефоне тэлеграмы, часта заняты тэлеграф. Праз гэта і з перадачай табе раз спазнілася. Хатняя работа ўся ляжыць на бабуньцы, але трохі памагаюць большыя дзеці. Да зімы яшчэ не падрыхтаваліся, вокнаў не ўставілі і г. д. Дроў трохі маем, але на ўсю зіму не хопіць».

З-за ўладкавання на працу Алесі Смоліч давялося кінуць завочнае аддзяленне ўніверсітэта. У лістах Аркадзь прасіў яе не кідаць навучання і адначасова прасіў меней нервавацца, не перапрацоўваць, сачыць за здароўем.

Каб спрасціць фінансавае становішча сям’і, Аркадзь з-за кратаў падказваў, як знайсці грошы. У прыватнасці, ён нагадваў Алесі, што сем’ям зняволеных павінны выплачваць іх зарплату за два месяцы. Прапаноўваў прадаць аблігацыі дзяржаўных пазык і пасылаў даверанасці на продаж. Распавядаў, дзе ляжаць звязаныя з яго працай рахункі, за якія ён выклаў грошы з уласнай кішэні, а Акадэмія навук яшчэ не кампенсавала. Прапаноўваў узяць пераклад у выдавецтве і даслаць яму, каб ён мог зарабіць хоць якія грошы для сям’і.

Захаваныя сем’ямі дакументы ахвяр вялікага тэрору застаюцца ўнікальнымі крыніцамі па гісторыі рэпрэсій у сталінскім СССР. Публікацыя дакументаў сям’і Смолічаў толькі пачынаецца, даследчыкаў і чытачоў яшчэ чакаюць многія сумныя і хвалюючыя старонкі з сямейнага архіва.