Ці маюць каштоўнасць манеты «панскага» часу?
Калі манет даваеннай Польшчы захавалася даволі шмат і
кошт на іх не вельмі высокі (за выключэннем «срэбра»), то крэдытныя маркі
польскіх вайсковых кааператываў сёння выклікаюць вялікую зацікаўленасць у
айчынных і замежных нумізматаў.
Падчас адной з вандровак
я знайшоў 50 грошаў 1938 года. Дваццаць міжваенных гадоў гэтымі грашыма карысталіся
жыхары Заходняй Беларусі. Акрамя гэтага, у гарнізонах і частках Войска
Польскага ў 1920–1930-я гады ўжываліся спецыяльныя крэдытныя маркі, якія сёння
з’яўляюцца нумізматычнымі рарытэтамі.
Ад маркі да злотага
Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны эканоміка
Другой Рэчы Паспалітай была ў кепскім стане. У красавіку 1924 года быў створаны
галоўны фінансавы інстытут Польшчы — Банк Польскі, які па форме ўласнасці
з’яўляўся акцыянернай кампаніяй. Такі статус галоўны банк краіны атрымаў дзеля
таго, каб пазбегнуць уплыву на яго працу дзяржавы і палітычных колаў.
Яшчэ раней, у студзені, каб стрымаць гіперінфляцыю, улады правялі грашовую інтэрвенцыю. Тады ў эканоміку ўлілася каля 2,5 мільёна долараў. Гэта дазволіла стабілізаваць курс тагачаснай польскай валюты — маркі. За 1 долар у той момант давалі каля 9 тысяч марак. Нарэшце, 28 красавіка 1924 года ў грашовы зварот быў уведзены новы від валюты — польскі злоты. Тады яго курс быў прыроўнены да курсу швейцарскага франка, а долар каштаваў 5,18 злотых. Былую валюту — маркі — абменьвалі па курсе 1,8 мільёна за 1 злоты.
Разам з папяровымі грашыма ў кішэнях людзей з’явіліся і манеты. Наміналы 1, 2, 5 грошаў былі выбіты з бронзы, манеты ў 10, 20 і 50 грошаў — з нікелю. Першапачаткова планавалася, што 1, 2 і 5 злотых будуць са срэбра, а наміналы 10–100 злотых — з золата. Аднак эканамічныя цяжкасці прывялі да таго, што ў 1929 годзе манету ў 1 злоты пачалі выпускаць з нікелю.
З золатам таксама выйшлі праблемы. У 1925 годзе планавалася выпусціць манеты ў 10 і 20 злотых (у золаце). На іх была выява караля Баляслава Адважнага, бо выхад манеты прысвячаўся 900-годдзю каранацыі манарха. Залатая манета ў 20 злотых, эскіз якой распрацавала мастачка Зоф’я Тшцінская-Каменская, была па курсу роўнай 20 швейцарскім франкам. Але з-за таго, што злоты не мог утрымаць такі высокі курс, гэтыя манеты (10 і 20 залатых злотых) так і не былі ўведзеныя ў абарачэнне.
Срэбра ў кішэнях
У 1928 годзе ў міжваеннай Польшчы з’явілася пяцізлотавая
срэбная манета з выявай багіні Нікі, яшчэ праз два гады ў гонар 100-годдзя
Лістападаўскага паўстання 1830 года была адчаканеная манета такога ж наміналу і
металу. У 1932 годзе ў гаманцах у тым ліку і жыхароў Заходняй Беларусі з’явіліся
срэбныя манеты наміналам 2, 5, 10 злотых з выявай жанчыны, а праз два гады на
срэбных грошах узнік барэльеф бацькі Другой Рэчы Паспалітай — маршала Юзафа
Пілсудскага.
У 1933 годзе ў гонар 250-годдзя караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага была адчаканеная срэбная манета ў 10 злотых. У тым жа годзе ў памяць 70-годдзя смерці «дыктатара» Студзеньскага паўстання 1863 года Рамуальда Траўгута таксама былі выпушчаны срэбныя 10 злотых. У 1935 годзе польскі паруснік «Дар Памор’я» здзейсніў кругасветнае падарожжа, і ўжо ў наступным годзе яго выява аздобіла польскія манеты ў 2, 5 і 10 злотых.
Аднак акрамя гэтых грошай у польскіх вайскоўцаў у міжваенны час былі «свае».
Крэдытныя маркі з Заходняй Беларусі
У свой час мяне вельмі здзіўляла польскае словазлучэнне «kasyno
oficerskie». Што ж гэта за казіно? Пазней, калі пачаў глыбей даследаваць
гісторыю польскага войска ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім
ваяводствах, зразумеў, што гутарка ідзе пра звычайны клуб, які, аднак, мог аб’ядноўваць
і сталовую, і краму, і бібліятэку. У гарнізонах і частках Войска Польскага
дзейнічалі кааператывы (Spółdzielni wojskowe), пайшчыкамі якіх былі афіцэры,
падафіцэры і, у некаторых выпадках, радавыя. Кааператыўныя крамы забяспечвалі
пайшчыкаў неабходнымі таварамі і паслугамі. А «гандаль» ажыццяўляўся не за
наяўныя грошы, а за крэдытныя маркі, якія выпускала амаль кожная польская
вайсковая частка.
Гэтыя «грошы» нагадвалі звычайныя злотыя, але вырабляліся
з больш танных матэрыялаў (алюмінію, жалеза, цынку, латуні, радзей — з медзі і
нікелю). На іх чаканіліся назва і нумар вайсковай часткі, а таксама месца
дыслакацыі і год. На адваротным баку быў намінал.
Звычайна гутарка ішла пра 10, 20, 50 грошаў (з цынку), 1 (з алюмінію), 2, 5 (з медзі ці нікелю) злотых. Часамі на такіх «грошах» былі надчаканкі «KO» — «kasyno oficerskie», ці «KP» — «kasyno podoficerskie». На некаторых «манетах» былі выявы Тадэвуша Касцюшкі, Юзафа Пілсудскага (напрыклад, кааператыў 15-га батальёна КАП у Людвікава), ці караля Стэфана Баторыя. На некаторых марках выбіваліся зашыфраваныя назвы кааператываў «Zacisze», «Mrozy», «Sybirak» (Берасце-на-Бугу), «Żagiel».
Рэдка, але здараліся выпадкі, калі маркі аднаго вайсковага кааператыву выкарыстоўваліся вайскоўцамі іншага гарнізону. Так, «манетамі» 78-га пяхотнага палка з Баранавічаў карысталіся і байцы 1-га і 4-га дывізіёнаў 20-га палка лёгкай артылерыі.
Кошты, рарытэты, падробкі…
Большасць крэдытных марак чаканіліся ў Майстэрні гравёра Браніслава Грабскага ў Лодзі. Як адзначае беларускі даследчык Валер Калясінскі, над макетамі штэмпеляў там працавалі мастакі Марыян Кенджэнскі, Пётр Абрамоўскі і Юзаф Рышард Вадзыньскі. Даследчыкі-нумізматы налічылі, што ў міжваенны час было праведзена 11 тыпаў эмісій крэдытных марак. У 1927 годзе камплект «карпаратыўных грошай» для аднаго з вайсковых кааператываў каштаваў каля 600 злотых.
Варта адзначыць, што напярэдадні Другой сусветнай вайны з
крэдытных марак зніклі нумары вайсковых адзінак, у якіх яны выкарыстоўваліся.
Звязана гэта было з жаданнем польскага вайсковага камандавання захаваць
службовую таямніцу і не даць замежным выведнікам лёгка атрымаць важную
інфармацыю.
У прыватнай калекцыі аўтара ёсць некалькі такіх крэдытных
марак. Перш за ўсё, гутарка ідзе пра «жэтоны» батальёна Корпуса аховы памежжа «Падсвілле».
Маркі наміналам у 10, 20 і 50 грошаў былі знойдзены там, дзе ў 1930-я гады
дыслакаваліся польскія памежнікі. Нагадаю, што гэтая вайсковая частка была
сфармавана ў 1924 годзе і размяшчалася ў межах Віленскага ваяводства.
Жаўнеры з «Падсвілля» ахоўвалі амаль 80 кіламетраў польска-савецкай мяжы. У канцы 1930-х гадоў гэтая частка выконвала адміністратыўныя функцыі. У жніўні 1939 года батальён «Падсвілле» ўвайшоў у склад 3-га палка пяхоты КАП, які ў верасні ўдзельнічаў у баях з нацыстамі на Сувальшчыне. У сваю чаргу, рэзервовыя часткі бралі ўдзел у баях з Чырвонай Арміяй, якая перайшла савецка-польскую мяжу раніцай 1939 года.
Яшчэ некалькі крэдытных марак у маёй калекцыі паходзяць з
кааператыву 25-га палка ўланаў велькапольскіх з Пружан. Да Другой сусветнай
вайны яго часткі дыслакаваліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а ў верасні
гэтае падраздзяленне змагалася з ворагам у складзе Навагрудскай брыгады
кавалерыі.
Калі манет даваеннай Польшчы захавалася даволі шмат і
кошт на іх не вельмі высокі (за выключэннем «срэбра»), то крэдытныя маркі
польскіх вайсковых кааператываў сёння выклікаюць вялікую зацікаўленасць у
айчынных і замежных нумізматаў. Сярэдні кошт такой крэдытнай маркі даходзіць да
100 беларускіх рублёў, аднак вядомы выпадак (2011 г.), калі за 1 злоты з
афіцэрскай сталоўкі 17 палка лёгкай артылерыі з Гнезна калекцыянер выклаў 3400
злотых (больш за 800 долараў).
Зразумела, што з кожным днём кошты на гэтыя артэфакты павышаюцца. Як расказваюць калекцыянеры, у канцы 1970 гадоў у Лідзе жыў чалавек, які рабіў выдатныя копіі крэдытных марак 77-га лідскага пяхотнага палка, на якіх была выява двух мядзведзяў, што стаяць на задніх лапах. Тады фальшывыя маркі з Беларусі «дапоўнілі» калекцыі не аднаго нумізмата.
Фота аўтара