У чым загадка Дзюнкерка?

«Дзюнкерк» — фільм найвышэйшага гатунку»; «Адзін з найлепшых ваенных фільмаў за дзесяцігоддзі» — такія водгукі выдалі крытыкі. А вось з боку гісторыкаў ацэнка карціны наўрад ці будзе такой жа. Бо існуе столькі трактовак падзей у Дзюнкерку, што Нолан пры ўсім жаданні не змог бы задаволіць усіх іх аўтараў.

maxresdefault_23.jpg

 

На сусветныя экраны выйшаў «Дзюнкерк» — фільм Крыстафера Нолана пра эвакуацыю брытанскіх войскаў з абкружанага нямецкай арміяй плацдарма ў 1940 годзе. Фільм, безумоўна, справакуе новы ўсплёск спекуляцый вакол загадкі Дзюнкерка.

«Дзюнкерк» Крыстафера Нолана — фільм найвышэйшага гатунку. Гэта ўзрушальна-захапляльны фільм». «Праца рэдкай інтэнсіўнай сардэчнасці і велічы, якую неабходна ўбачыць на найлепшым і самым вялікім экране ў межах дасяжнасці». «Эпічная сага Крыстафера Нолана — не толькі найлепшы фільм у яго кар'еры, але і адзін з найлепшых ваенных фільмаў за дзесяцігоддзі». Такія рэцэнзіі выдалі крытыкі на фільм напярэдадні прэм’еры.

А вось з боку гісторыкаў ацэнка карціны наўрад ці будзе такой высокай. Бо існуе столькі трактовак падзей у Дзюнкерку, што Нолан пры ўсім жаданні не змог бы задаволіць усіх іх аўтараў.

Галоўная загадка Дзюнкерка — чаму Гітлер загадаў сваім войскам прыпыніць наступ? Нагадаем, што ў маі 1940 года нямецкія войскі, якія атакавалі Францыю, нечакана спыніліся не даходзячы да прыбярэжнага мястэчка Дзюнкерк, куды адступілі войскі саюзнікаў. У пастку трапіла каля 400 тысяч чалавек без уліку велізарнай колькасці ваенных прыпасаў.

Гітлеру ў такой сітуацыі, падавалася б, заставалася метадычна знішчыць праціўніка бомбамі і артылерыяй. Катастрофа экспедыцыйнага корпусу адкрывала Берліну зялёнае святло для штурму Альбіёна. Амаль усе гісторыкі пагаджаюцца, што ў выпадку разгрому дзюнкеркскай групоўкі Лондан страціў бы ўсе шанцы супрацьстаяць дэсанту вермахта. У такім выпадку Другая сусветная вайна магла мець абсалютна іншы фінал.

Аднак кіраўнік Трэцяга Рэйху 24 мая нечакана даслаў войскам загад спыніць рух на 48 гадзінаў. Фактычна, гэтым цыркулярам ён дазволіў праціўніку пачаць эвакуацыю. Вялікую ролю ў выратаванні адыгрў так званы Little Ships of Dunkirk — малы флот Дзюнкерка. Гаворка пра маленькія караблі звычайных брытанскіх рыбакоў, якія пад бомбамі самалётаў люфтвафэ эвакуявалі з Францыі на Альбіён каля 300 тысяч жаўнераў. Па сутнасці, таму подзвігу маракоў і прысвечаная стужка Крыстафера Нолана.

Так ці інакш, Дзюнкерк быў захоплены гітлераўцамі толькі пасля таго, як 3 чэрвеня апошні томі (мянушка брытанскіх жаўнераў) пакінуў мясцовы бераг. І ўжо тады адразу пачаліся спрэчкі, чаму Гітлер спыніў штурм Дзюнкерка. Дамінуе думка, што гэта было палітычнае рашэнне. Маўляў, Гітлер спадзяваўся заключыць з Вялікабрытаніяй мірную дамову. Жэст Гітлера павінен быў выставіць яго адэкватным палітыкам, узмацняў пазіцыі Германіі падчас кансультацый.

Тэзіс пра тое, што Гітлер пашкадаваў брытанцаў, доўгі час застаецца любімай тэмай аматараў рэвізіі афіцыйнай гістарыяграфіі Другой сусветнай. Са спасылкай на Дзюнкерк яны даводзяць, што Гітлер быў ледзь не гуманістам. Маўляў, фюрэру было шкада знішчаць столькі англасаксаў — братоў немцаў па белай германскай расе. Ён марыў пра «адзінства германскіх народаў у барацьбе з расава непаўнавартаснымі славянамі на ўсходзе». Аднак яўрэйскае фінансавае лобі, якое быццам бы кантралявала брытанскі ўрад, маўляў, сарвала высакародныя планы Адольфа. Банкіры, калі верыць рэвізіяністам, хацелі працягу вайны, якая ім прыносіла велізарныя гешэфты.

Прайшліся рэвізіяністы і па подзвігу маракоў. На іх думку, нельга пераацэньваць значэнне Little Ships of Dunkirk. Нямецкія самалёты не знішчылі іх флот выключна праз кепскае надвор’е.

Выхад фільма Нолана мабілізаваў праціўнікаў версіі пра тое, што Гітлеру былі ўласцівыя пацыфісцкія сантыменты. Гэтая фракцыя гісторыкаў сцвярджае, што загад фюрэра спыніць наступ быў цалкам лагічным. Напярэдадні немцы без перапынку наступалі два тыдні запар, і, натуральна, людзі былі стомленыя, тэхніка вымагала рамонту. Як мінімум, для шурму Дзюнкерка была неабходная рэарганізацыя, што патрабавала часу. У якасці доказаў прыводзіцца ліст камандуючага арміяй «А» Карла Рудольфа Герда фон Рунштэта, які напярэдадні прасіў Гітлера прытармазіць рух, бо армія страціла палову тэхнікі.

Акрамя таго, 23 мая нямецкі штаб прызнаў адсутнасць каардынацыі падчас першых спробаў прарвацца ў горад, што патрабавала паўзы. Нарэшце, ёсць думка, што Гітлер памылкова даверыўся маршалу авіяцыі Герману Герынгу, які паабяцаў за кошт самалётаў не дапусціць эвакуацыі брытанцаў.

Велізарным падарункам гісторыкам стаў апублікаваны не так даўно ліст дырэктара Мінабароны Германіі кіраўніку нямецкага Міністэрства працы, дасланы 28 мая 1940 года. У ім аўтар піша пра непазбежнасць хуткага штурму Дзюнкерка. «У найбліжэйшы час 80 працэнтаў жаўнераў экспедыцыйнага корпусу і французскага войска будуць знішчаныя», — гаворыцца ў тэксце.

У гэтай фракцыі гісторыкаў ёсць яшчэ адзін аргумент: калі Гітлер хацеў шантажаваць Лондан Дзюнкеркам, ён павінен быў адразу, 24 мая, уступіць з брытанцамі ў перамовы. Аднак няма ніводнага сведчання пра спробу Берліна ў маі 1940-га наладзіць кантакты з урадам Чэрчыля.

Атрымліваецца, няма падстаў думаць, што Англію выратавала высакароднасць Гітлера. Аднак наўрад ці аматары рэвізіі гісторыі проста так пагодзяцца з аргументацыяй апанентаў. І, відавочна, цяперашняя палеміка вакол Дзюнкерка будзе моцна палітызаваная. Частка расійскіх палітыкаў даўно даводзіць, што Гітлер і Чэрчыль былі саюзнікамі. Напрыклад, нацыяналіст Мікола Старыкаў лічыць, што адной з умоў паспяховай эвакуацыі брытанцаў з Дзюнкера быў дадзены імі Гітлеру карт-бланш на разгром Францыі.

Дзякуючы фільму Нолана нас чакае новая серыя бітваў гісторыкаў вакол падзей пад Дзюнкеркам. Рыхтуйцеся!